Верасы «Калыханка» (музыка Васіля Раінчыка, словы Генадзя Бураўкіна)
 
Гэта адзін з тых нешматлікіх спеваў, словы якога ведаюць практычна ўсе беларусы. Менавіта ён завяршае ўжо напрацягу амаль 30-ці гадоў найстарэйшую ў Беларусі штодзённую дзіцячую тэлеперадачу (выходзіць з 1981 году). Менавіта гэтай песняй найбольш ганарыцца кампазытар Васіль Раінчык, называючы яе самай галоўнай у рэпэртуары «Верасоў». У 2006 годзе «Калыханку» спрабавалі замяніць іншай песняй,але ж тая пратрымалася ў этэры толькі каля году, саступіўшы месца старой. «Беларускія дзеткі не захацелі з ёй развітвацца», — пракамэнтаваў з усмешкаю тады гэты факт Генадзь Бураўкін. Дадамо, што «Калыханка» была напісаная ім зранку літаральна за гадзіну.
 
Доўгі дзень,
Цёплы дзень
Адплывае за аблокі.
Сіні цень,
Сонны цень
Адпаўзае ў кут далёкі.
Збеглі зайкі ўсе ў лясы.
Змоўклі птушак галасы.
І буслы ў гняздо схавалі
Свае доўгія насы.
 
Баю-бай, баю-бай
Вачаняты закрывай,
Баю-бай, баю-бай,
Вачаняты закрывай.
 
Пакрысе
На расе
Патухаюць зоркі-сплюшкі.
Гульні ўсе,
Казкі ўсе
Пахаваны пад падушкі.
Спяць і мышкі, і стрыжы,
Спяць машыны ў гаражы.
Ты таксама
Каля мамы
Ціха-ціхенька ляжы.
 
Баю-бай, баю-бай
Вачаняты закрывай,
Баю-бай, баю-бай,
Вачаняты закрывай.
 
Спяць і мышкі, і стрыжы,
Спяць машыны ў гаражы.
Ты таксама
Каля мамы
Ціха-ціхенька ляжы.
 
Баю-бай, баю-бай
Вачаняты закрывай,
Баю-бай, баю-бай,
Вачаняты закрывай.
 
Баю-бай, баю-бай
Вачаняты закрывай,
Баю-бай, баю-бай,
Разам з намі засынай.