Будзільнік
(муз. З. Вайцюшкевіча, верш Р. Барадуліна)
 
Закруціў будзільнік вус.
Перастаў гудзець гудок.
Прытаміўся хлусіць хлус.
Лёг мядзьведзь на левы бок.
 
Свой пакінуў сонны трон
Сонаў сын, самотны сон.
Не спыняецца нідзе,
Добрых дзетак спаць кладзе.
 
Каб шукаць патайны клад,
Запаліла ноч ліхтар.
Вечар зьбег за далягляд.
Спаць плывуць чароды хмар.
 
Свой пакінуў сонны трон
Сонаў сын, самотны сон.
Не спыняецца нідзе,
Добрых дзетак спаць кладзе.
 
Калыхаў калыску дзед
І заснуў, як немаўля.
Спаць уцёк заечы сьлед.
Сьпяць нябёсы, сьпіць зямля.
 
Свой пакінуў сонны трон
Сонаў сын, самотны сон.
Не спыняецца нідзе,
Добрых дзетак спаць кладзе.