Калыханка для вулкана
(спявае Алесь Зайцаў)
 
Cпi-заснi, Вулкан-анёлак,
Крыльцамi не руш;
Ноч з усiх сваiх абновак
Возьме капялюш,
Апране яго, i раптам
Стане цёмным свет,
Ну а месяц, ейны братка,
Апране берэт,
Што сатканы з ясных зорак
I нябесных руж;
Спi-заснi, Вулкан-анёлак,
Крыльцамi не руш.
 
Спiць зямля i спяць нябёсы,
Свет да ранку змоўк,
Дрэмле сычык гарбаносы,
Спiць у лесе воўк;
Спяць у кожнай хаце дзецi,
Бачаць казкi-сны,
Спiць усё ва ўсiм сусвеце,
Спi i ты, заснi.