Запрашэнне
(спявае Зміцер Вайцюшкевіч, Святлана Бень)
 
снежань. Снег. Зіма за шыбай
Жоўты водбліск ліхтароў.
Ноч вялікай чорнай рыбай
Праплывае між двароў.
 
Акіян таемных тонаў
Штохвілінны ўсё гусцей.
Завіруха палітоны
Шые для сваіх гасцей.
 
На стале згасае свечка,
Падыходжу да вакна:
Гурба - белая авечка -
Пасярод двара адна.
 
А на ёй стаіць анёлак,
Захінуты ў кажушок,
І паміж кустоў-мяцёлак
Топча снегу парашок.
 
Каб не змерз ён у самоце,
Каб не марнаваў ён сіл,
Я анёлка, што ў сумёце,
На гарбату запрасіў.