Страта
(спявае Ганна Хітрык)
 
Аднойчы анёлак згубіў акуляры,
Не бачыць нічога -ну, хоць ты плач!
Цяпер не аблокі, а змрочныя хмары
Перад анёлкам нясуцца наўскач.
 
Ну, што ты тут зробіш - няма акуляраў!
Наўкола ўвесь свет падаецца пустым,
Такім нецікавым і стомленна-млявым,
Размытым дашчэнту ў тумане густым.
 
Не можа анёлак узяцца за працу,
Палётаць у небе, ступіць на зямлю,
Ён нават не ў сілах з сябрамі вітацца,
Бо не пазнае нават хату сваю.
 
Усюды цямрэчна і шызыя цені,
Дрыготкія здані і даўкі паўзмрок.
Анёлак самотны ў шэрым адзенні
Не рушыць з пакою свайго ні на крок.
 
Шукае ў шуфлядах і на падлозе,
У шафах і куфрах, у скрынках на дне,
На ганку, парозе і на дарозе
Анёлак-бядак акуляры свае.
 
Вось ён заплакаў: ну, хто дапаможа
Убачыць, як сонца ўстае з-за гары,
А потым ласкава і асцярожна
Промнямі песціць сосны бары?
 
Раптам суняўся анёлак, наш сябра,
Крыльцамі слёзы ўцёр на шчаках,
Надта рашуча, імпэтна храбра,
Скочыў на лаву, на дрэва, на дах.
 
Вочкі свае блізарукага прымружыў,
Потым расплюшчыў і - гэта цуд!
Яркі адбітак ружы ў лужы
Здолеў разгледзець ён без пакут.
 
Можа ізноў ён у неба ўзняцца,
Бачыць усё. Але хто дапамог?
Думаю, цяжка не здагадацца,
Хто дапамог,а бо быў гэта Бог.