Разумная Эльза

Жыў неяк чалавек, у якога была дачка, а звалі яе Разумная Эльза. Калі яна вырасла, бацька сказаў:

– Трэба яе замуж выдаць.

– Так, – сказала маці. – Але ці знойдзецца нехта, хто яе возьме?

Урэшце прыйшоў з іншых краёў адзін хлопец, якога звалі Ганс, і стаў да яе сватацца, але паставіў умову, каб Разумная Эльза была таксама і кемлівая.

– О, – сказаў бацька, – яна ў нас дзеўка з мазгамі.

А маці сказала:

– Яна бачыць, як вецер бяжыць у завулку, і чуе, як мухі кашляюць.

– Добра, – сказаў Ганс. – Але калі высветліцца, што ў сапраўднасці яна не такая ўжо і кемлівая, я яе не вазьму.

І вось яны сядзелі за сталом і елі, і маці сказала:

– Эльза, схадзі ў склеп і прынясі піва.

Разумная Эльза ўзяла са сцяны гарлач і пайшла ў склеп, пагрукваючы па дарозе накрыўкай, каб шлях не быў такі доўгі і нудны. Калі яна апынулася ўнізе, то ўзяла сабе ўслончык і паставіла яго перад бочкай, каб не нахіляцца і каб спіна не балела і каб сабе не нашкодзіць. Тады яна паставіла перад сабой пасудзіну і адкруціла кранік, і пакуль піва лілося, яна не давала сваім вачам адпачыць, а стала глядзець наверх, на столь ды на сцены, туды і сюды, і заўважыла проста над сабой матыку, якую муляры калісці забыліся. Тут Разумная Эльза пачала плакаць і сказала:

– Вось ажэнімся мы з Гансам, і народзіцца ў нас дзіцятка, і стане яно вялікае, пашлем мы яго ў склеп па піва, упадзе яму тая матыка на галаву і заб’е.

Так яна сядзела і плакала, і крычала пра будучую бяду. Усе наверсе чакалі яе, але Разумная Эльза ўсё не вярталася. Тады маці сказала служцы:

– Ідзі ў склеп і паглядзі, дзе там Эльза.

Служка пайшла і ўбачыла, што Эльза сядзіць перад бочкай і горка плача.

– Эльза, ты чаго плачаш? – спытала служка.

– Ах, – адказала Эльза. – Як жа мне не плакаць? Калі я пабяруся з Гансам, у нас народзіцца дзіцятка, і стане яно вялікае, і пашлем мы яго ў склеп па піва, дык, можа быць, упадзе яму на галаву вунь тая матыка і заб’е.

Тады служка ўсклікнула:

– Што за разумная нашая Эльза! – села побач і таксама пачала плакаць. Праз нейкі час, калі служка так і не вярнулася і ўсе наверсе адчулі смагу, бацька сказаў слугу:

– Ідзі ўніз у склеп і паглядзі, дзе там Эльза і наша служка.

Слуга пайшоў уніз і бачыць: сядзяць Эльза і служка і плачуць. Тады ён спытаў:

– Вы чаго?

– Ах, – сказала Эльза, – як нам не плакаць? Калі я пабяруся з Гансам, народзіцца ў нас дзіцятка, стане вялікае, пашлем мы яго ў склеп па піва, а вунь тая матыка ўпадзе яму на галаву і заб’е.

Тады слуга сказаў:

– Што за разумная нашая Эльза! – сеў побач і пачаў гучна румзаць.

Наверсе слугу чакалі, чакалі, але ён усё не вяртаўся, тады муж сказаў жонцы:

– Ідзі ў склеп і паглядзі, дзе там Эльза.

Жонка пайшла ўніз, знайшла ўсіх траіх у слязах і спытала пра прычыну; Эльза і ёй распавяла пра тое, што вось будзе ў яе дзіцятка, стане вялікае, пашлюць яго ў склеп па піва, а матыка ўпадзе на яго і заб’е. Тады маці таксама прамовіла:

– Што за разумная нашая Эльза! – села з імі і пачала плакаць.

Муж наверсе пачакаў яшчэ трохі, але яго жонка не вярталася, а смага рабілася ўсё мацнейшая, і ён сказаў:

– Пайду сам у склеп і пагляджу, дзе там Эльза.

Але калі ён прыйшоў у склеп, убачыў, як там усе разам сядзяць і плачуць, і спытаў, у чым прычына, і яму адказалі, што прычына ў дзіцяці, якое калісбці народзіць Эльза, і калі дзіця стане вялікае, то яго пашлюць неяк у склеп, каб прынесці піва, а матыка ўпадзе на яго заб’е. Дык і бацька закрычаў:

– Што за разумная нашая Эльза! – сеў і стаў плакаць.

Жаніх доўга заставаўся наверсе адзін, але ніхто не вяртаўся і ён падумаў: “Яны, відаць, сядзяць усе ўнізе і мяне чакаюць, трэба і мне пайсці паглядзець, што яны там задумалі”. Калі ён спусціўся, усе пяцёра сядзелі і румзалі, хто галасней.

– Што за бяда здарылася? – спытаў жаніх.

– Ах, мілы мой Гансе! – сказала Эльза. – Калі мы з табой ажэнімся і народзім дзіцятка, стане яно вялікае, і мы, можа, пашлем яго аднойчы прынесці піва, а тут матыка, якая вісіць вунь там, упадзе яму на галаву, разаб’е яе так, што дзіцятка паваліцца нежывое; дык як жа ж нам, гаротным, не плакаць?

– Ну, – сказаў Ганс, – больш кемлівасці мне ў маім доме і не трэба; калі ты такая разумная, Эльза, дык я бяру цябе ў жонкі.

Ён узяў яе за руку, павёў наверх і неўзабаве яны зладзілі вяселле.

Калі яны ўжо нейкі час былі жанатыя, Ганс сказаў:

– Жонка, я пайду працаваць і грошы зарабляць, ідзі ў поле і жні, каб у нас хлеб быў.

– Добра, мой мілы Ганс, я так і зраблю.

Пасля таго, як Ганс пайшоў, яна зварыла сабе добрай кашы і ўзяла яе з сабой у поле. Калі яна прыйшла да поля, то сказала сама сабе:

– Што мне рабіць? Спачатку жаць, потым есці, ці спачатку есці? Ай, спачатку паем.

З’ела яна кашу з гаршка, і калі была сытая, то зноў сказала:

– Што мне рабіць? Спачатку паспаць, потым пажаць, ці спачатку пажаць? Ай, спачатку пасплю.

Легла яна тады проста ў жніво і заснула. Ганс даўно быў дома, але Эльза не прыходзіла. Тады ён сказаў:

Што за разумная ў мяне Эльза, яна такая працавітая, што нават дамоў не прыходзіць, каб паесці.

Але калі Эльза і ўвечары дахаты не прыйшла, Ганс пайшоў паглядзець, колькі яна за дзень зжала. Але нічога зжата не было, Эльза ляжала ў жніве і спала. Тады Ганс паспяшаўся дамоў, узяў сетку для птушак з бомамі і накінуў яе на Эльзу, а яна ўсё спала і спала. Потым Ганс пайшоў дамоў, замкнуў дзверы і сеў на зэдлік зрабіць тое-сёе для дому. Урэшце, калі было ўжо зусім цёмна, Разумная Эльза прачнулася, і калі стала падымацца, вакол яе ўсё захісталася, і бомы тыя звінелі пры кожным яе кроку. Тады яна спужалася, засумнявалася, што яна насамрэч Разумная Эльза, і сказала:

– Я гэта ці не я?

Але яна не ведала, што на гэта адказаць, і доўга стаяла ў роздуме. Урэшце яна падумала: “Пайду дахаты і спытаю, я гэта ці не я, там павінны ведаць”. Яна прыбегла да дзвярэй, але яны былі замкнутыя, тады яна стала грукаць у акно і крычаць:

– Ганс, Эльза ў хаце?

– Так, – сказаў Ганс. – Яна ў хаце.

Тады Эльза спужалася і сказала:

– Божачкі, тады гэта не я! – і пайшла да іншае хаты.

Але людзі чулі, як звіняць бомы, і не хацелі ёй адчыняць, і Эльза нікуды не магла ўвайсці. Тады пабегла яна з вёскі, і ніхто яе больш не бачыў.