Чаму кот толькі пасля снедання мыецца

Заляцеў аднойчы раніцай верабей у ячмень ды дзяўбе сабе зярняткі. А кот тут як тут. Прытаіўся, злаўчыўся, хоп вераб’я і павалок яго сабе на снеданне.

А варабей давай яго дакараць:

— Пане кот, вы ж далікатнага выхавання. Дзе гэта бачана, каб такі вялікі пан снедаў не памыўшыся!

Сорамна зрабілася кату! Паклаў ён вераб’я на зямлю і давай лапкай умывацца.

А вераб’ю толькі гэта і трэба было. Ён доўга не чакаў — пырх і паляцеў. Раззлаваўся кот і з таго часу зарок сабе даў: пан не пан, а мыцца ён цяпер не да снедання, а толькі пасля снедання будзе!