Мароз, Чырвоны нос

Калісьці Мароз быў вельмі падобны да Дзеда Мароза, якога ставяць пад навагодняй елкай. I Мароз так любіў дзяцей, што нават не шчыкаўся. Але дзеці з яго насміхаліся, бо ў яго быў чырвоны-чырвоны нос. Як убачаць дзеці, што Дзед Мароз ідзе, бягуць за ім і прыгаворваюць: «Дзед Мароз, Чырвоны нос! Дзед Мароз, Чырвоны нос!»

Так яны дражнілі Дзеда Мароза, пакуль той не на жарт раззлаваўся. Аднойчы Дзед Мароз надзеў на галаву Шапку-няўгледку, узяў чырвоную фарбу, пэндзлік і пайшоў па вуліцах. А дзеці не ўгледзелі, што Дзед Мароз ідзе. Макнуў Дзед Мароз пэндзлік у фарбу і пафарбаваў усім насы.

З той пары ён і ходзіць няўгледкам. А калі ў цябе зашчыкае нос, дык ведай — гэта Дзед Мароз яго ў чырвоны колер пэндзлікам фарбуе.

Не верыш? Паглядзіся ў люстэрка.