Яблык

Дзед быў на рынку і купіў сабе яблык. Вялікі, з залацістымі бакамі і празрысты. Нават зярняткі відаць. Пакруціў дзед у руцэ яблык, хацеў з’есці, ды перадумаў:

— Занясу дадому. Дзяцей пачастую.

Дома дзед аддаў яблык унучцы Ніне.

— Ой, які яблык вялікі! — усклікнула Ніна. I толькі яна хацела адкусіць, як прыйшла з работы маці.

— Мамачка, — сказала Ніна, — ты стамілася. Вазьмі, з’еш яблык.

Маці падзякавала Ніне, узяла яблык, палюбавалася ім.

— Я Міхаську пачастую. Ён жа ў нас самы маленькі, — сказала маці. I калі Міхаська вярнуўся з дзіцячага сада, аддала яблык яму.

Міхаська нават ножкамі затупаў ад радасці, такі яблык яму далі — вялікі, залацісты, прыгожы!

Ен дастаў са скрынкі ножык, паглядзеў на дзеда, маму, Ніну і разрэзаў яблык на чатыры часткі.

— Гэта, дзядуля, табе, гэта маме, а гэта мне і Ніне, — падзяліў ён. — Ешце, калі ласка.

Смачны быў яблык. Салодкі, сакавіты. Усе елі, хвалілі Міхаську. А больш за ўсіх хваліў дзядуля.