Пацалунак асвы

Сёння на падвячорак у дзіцячым садзе згатавалі смачны кампот — чырвоны, салодкі, духмяны. Над жоўтым кубачкам, які паставілі перад Лукашком, назольна лётае асва. Хлопчык яе адгоніць, а яна зноў да яго. Толькі адзін раз і сербануў таго кампоту.

Раззлаваўся Лукашок, усхапіўся з крэсла і наважыўся ўжо злавіць надакучлівую асву. Але кубачак абярнуўся, і кампот заліў увесь стол. Паўскоквалі Тацянка, Алеся і Глеб. А Лукашок стаіць разгублены — ні кампоту не пакаштаваў, ні асвы не дагнаў.

— Ну, я ж табе пакажу, нягодніца такая, — сказаў сам сабе ціхенька Лукашок і пайшоў па анучку, выцерці стол.

Пасля падвячорку іхняя група выйшла ў двор на прагулянку. Сонца хілілася на спачын, але грэла яшчэ.

Толькі гэта Лукашок павярнуўся да сонца, каб «пазагараць», як зноў падляцела асва. Так і цаляе, каб на нос сесці. «I што яна тут пачула?» — падумаў хлопчык. Стол ён выцер, але ж гу бы засталіся салодкія, нават не аблізаў іх як след.

Асва здалёку чуе пах салодкага. Самой жа збіраць нектар з кветак, як гэта робяць пчолы, не хочацца. Усё шукае, дзе б паласавацца чужым. Так Лукашку тлумачыў аднойчы дзядуля.

— Зараз я з табой распраўлюся, — выгукнуў хлопчык і пагнаўся за асвой. — Ты мой кампот разліла. Такі смачны, кажуць, а я і не пакаштаваў. Я ж табе…

Асва ляціць, а Лукашок бяжыць, яна хутчэй, і хлопчык спяшаецца, налягае на ўсе педалі…

Так дабег да ганка. I тут асва апусцілася долу так прыгожа, нібы самалёцік, і ўляцела ў шчылінку, што была між ганкам і сцяной.

Лукашок прысеў, каб падпільнаваць тую асву, што схавалася. А тут яшчэ адна прыляцела. Следам за першай знікла ў шчыліне. Усё новыя і новыя падляталі да шчылінкі і знікалі ў ёй…

«Тут, мабыць, цэлы вулей асвіны?» — мільганула ў хлопчыка думка.

Лукашок пабег, каб знайсці кіёк ці дубец які ды паспрабаваць выгнаць восваў з іхняга сховішча. А заадно і сяброў сваіх паклікаць, усё смялей будзе ваяваць.

Дзеці мігам сабраліся каля ганка і назіралі, як Лукашок варушыў дубцом у шчыліне. Раптам выхапіў яго, бо па дубцы паўзла вялікая асва. Дзеці нахіліліся, каб разгледзець яе лепш.

— Ой, якая прыгожанькая! — выгукнула Тацянка. — Гляньце, спаднічка шэрая ў жоўтыя пасачкі.

— А станік тоненькі-тоненькі, — дадала Валя.

— Вусішчы такія, як у Карабаса, — зазначыў паважна Глеб.

Асва тым часам паўзла-паўзла, апынулася на канцы дубчыка, развінула крылы і паляцела.

Лукашок вярнуўся зноў да шчыліны, уставіў у яе дубец і пачаў яшчэ мацней варушыць. Адтуль выпаўзалі восвы, узнімаліся ў паветра. Пакружыўшыся крыху над ганкам, яны раптам рынуліся на дзяцей.

Адмахваючыся рукамі, з крыкам і піскам усе разбегліся хто куды. Толькі Лукашок стаяў на месцы. Так вучыў яго дзядуля: калі на цябе наляцелі пчолы ці восвы, не бяжы і не дыхай, замры — ніводная не кране.

Мінула хвіліна, можа, больш, Лукашку надакучыла стаяць. Ен зноў нагнуўся да шчыліны, каб глянуць, ці засталіся там, у гняздзе, яшчэ восвы.

I раптам адскочыў, схапіўся за нос. У пальцах заблыталася трапяткая асва. Ен трасянуў рукой, асва звалілася долу. А нос зашчымеў, самы кончык. Лукашок абхапіў нос жменяй і пабег да крана з халоднай вадой. Колькі ні мачыў Лукашок нос вадой, ён усё мацней балеў.

Хацелася заплакаць, але побач стаялі Тацянка і Алеся. Пры дзяўчатках Лукашок ніколі не плакаў.

Калі ўвечары прыйшоў тата забіраць Лукашка дамоў, у яго замест носа было нешта падобнае да вялікай спелай слівы.

— Асва пацалавала? — спытаўся тата. — Нічога, пакуль жаніцца — загаіцца.

Усе, хто быў побач, засмяяліся. Лукашку палягчэла, але свой нос ён па-ранейшаму трымаў у кулачку: балела і было сорамна.