Бярозчыны валёнкі

Насупраць дома, дзе жыве Святланка, за лета вырасла высокая камяніца. Перад ёй на скверыку саджалі ўвосень дрэўцы. Адну бярозку, самую тонкую, адкінулі.

— А гэтая не трэба вам? — спытала Святланка.

— Бяры яе сабе, калі хочаш, — сказаў вясёлы дзядзька, які са шланга паліваў дрэвы.

Святланка прынесла бярозку ў свой двор. Тата якраз быў дома. Дзяўчынка папрасіла яго пасадзіць дрэўца.

Тата доўга трымаў тую бярозку, перабіраў пальцамі карэньчыкі і нешта думаў. Потым выкапаў ямку. Святланка прынесла з клумбы чарназёму, пасадзілі дрэўца, палілі.

— Можа і прымецца, — сказаў тата.

З кожным днём станавілася ўсё халадней і халадней.

— А бярозка ўзімку не змерзне? Яна ж голенькая, — трывожылася Святланка.

— Чаму голенькая? — не пагаджаўся тата. — На ёй кара. Ёй цёпла.

— Можа апрануць яе на зіму? Ухутаць? — не сунімалася дзяўчынка. — На галінкі рукавічкі панадзяваць, а на ножкі — валёнкі?

— А дзе ж у бярозкі ножкі? — усміхнуўся тата. — Яе ножкі — карэнне.

— Зямля ж халодная.

— Гэта для нас з табой халодная, а для бярозкі цёплая. Вось выпадзе снег, укрые, як коўдрай, зямлю, і карэньчыкам стане яшчэ цяплей, а пакуль трэба паліваць бярозку, каб лепш расла.

Святланка палівала бярозку і чакала, калі выпадзе снег. Лісточкі даўно апалі. Бярозка выглядала як сірацінка побач з высокімі каштанамі і таполямі. Пра іх Святланка і не думала. Яны ж вялікія, моцныя. А бярозка тоненькая-тоненькая.

Прачнулася аднойчы Святланка, а на дварэ бела.

— Тата! — закрычала дзяўчынка. — Зіма прыйшла! Глянь, колькі снегу.

— Вось цяпер можна і валёнкі для бярозкі зрабіць, — сказаў тата.

Ён узяў шырокую рыдлёўку і пачаў падкідаць снег да бярозкі. I Святланка памагала сваім маленькім шуфлікам.

Неўзабаве бярозка і сапраўды стаяла як бы ў вялікіх снегавых валёнках. На яе чорных галінках таксама быў пушысты снег. Дакранешся — ён сыплецца, іскрыцца, зіхаціць.

Кожны раз, калі выпадаў снег, Святланка брала свой шуфлік і падграбала снег да дрэўца. Бярозчыны валёнкі станавіліся ўсё большыя і цяплейшыя.

А ўвесну, калі прыгрэла сонейка, бярозка ўбралася ў зялёнае лісце.