Працавітая дзяўчынка

Як маленькую сяброўку,

Ляльку любіць Лена.

Грэбнем чэша ёй галоўку

I мые сукенку.

 

То пагушкае на ручках,

То пацешыць байкай —

Як у лесе у дрымучым

Заблудзіўся зайка.

 

Ляльцы ловіць матылёчка

Шапачкай сваёю,

Праз шнурочак-паясочак

Скача перад ёю.

 

Спаць паклаўшы паміж кветак

У цянёк духмяны,

Ёй з пясочку шмат катлетак

Напячэ румяных.

 

За турботамі, за працай

Так і дзень мінае,

А самой пазабаўляцца

Часу не хапае.