Настачка

З горада ў вёску да бабы і дзеда прыехала ўнучка Настачка. Надта ж спадабалася Настачцы ў дзеда і бабы. Так што калі тата і мама пачалі збірацца ехаць назад у горад, Настачка нават заплакала:

— Не хачу нікуды ехаць. Хачу ў дзеда і бабы жыць.

Дзед і баба толькі таго і чакалі.

— Няхай пераначуе ў нас, — узяліся яны ўгаворваць тату і маму. — Калі што якое — заўтра прыедзеце і забераце.

Тата і мама паслухаліся.

Ні на крок не адыходзілі ад унучкі дзед і баба. I накармілі яе, і напаілі, і спаць палажылі.

Прачнулася раніцай Настачка і доўга не магла зразумець, дзе гэта яна. Калі ж нарэшце зразумела, здагадалася, саскочыла з ложка, патэпала босымі ножкамі туды, дзе была кухня. Адчыніла дзверы — і ўбачыла бабу і дзеда. Баба, нагнуўшыся над дзіўнай драўлянай пасудзінай, нешта таўкла, а дзед… Што ж гэта такое рабіў дзед? Сядзеў на зэдліку і біў малаточкам па нечым бляшаным — дзінь-дзінь-дзінь!..

— Дзед, што ты робіш? — спытала Настач ка.

— Касу кляпаю, — заўсміхаўся ў свае пышныя вусы дзед.

— А навошта табе каса?

— Касою я накашу кароўцы сена. Кароўка з’есць яго і дасць нам малачка. А з малачка, як ты ведаеш, і смятана, і тваражок, і маселка.

— А ты, бабуля, што робіш? — падышла бліжэй да бабы Настачка.

— Я таўку бульбу, — лагодна адказала баба. — Усыплю сюды мукі, развяду цёпленькай вадою ды свіней накармлю.

Пастаяла Настачка, паглядзела на дзеда і бабу і кажа:

— Дзед сена будзе касіць, бабуля свіней карміць. А мне што рабіць?

— О! Абы ахвота была, а работы ў нас на ўсіх хопіць.

Кінула баба таўчы бульбу, узяла місачку, насыпала ў яе залацістых зярнят.

— Я вось пайду свіней карміць, а ты — падала яна місачку з зярнятамі Настачцы, — курэй накорміш. Куры наядуцца зярнят і яечка табе свежанькае знясуць…

Прыехалі з горада мама і тата, бачаць: стаіць Настачка сярод двара і сыпле курам ячмень, а тыя дзяўбуць яго ды ціхенька — ко-ко-ко! — перамаўляюцца, няйначай, радуюцца, што памочніца ў дзеда і бабы з’явілася, хваляць яе.

Глядзелі на Настачку тата і мама: малая, а якая малайчына! Цяпер яны пэўна ведалі: будзе Настачка клапатлівая гаспадыня-працаўніца.