На чужое паквапішся — сваё страціш

Пайшоў неяк адзін бедны дрывасек у лес на беразе ракі ды — тук-тук! — сякерай пастуквае, дрэвы сячэ. Раптам сякера як саскочыць з тапарышча і боўць проста ў ваду — у самую глыбіню трапіла. Завохкаў бядняк:

— Ох-ох-ох, прапала мая сякерка! Што ж цяпер рабіць?

У гэты час — кульгець-кульгець — прыкульгаў аднекуль стары дзед і пытае:

— Чаго ты вохкаеш? Якая бяда з табою здарылася?

— Ды вось сякерка мая ўпала ў раку, а другую купіць мне няма за што — надта ж я бедны.

— Добра, не вохкай, я табе сякерку тваю дастану.

Скінуў дзядок світку і боўць у ваду. Праз хвіліну — зірк — вынырнуў з вады з залатой сякеркай і кажа:

— На, бяры сваю сякерку!

— Ой, не, бацька, не мая гэта сякерка,— адмахнуўся бядняк.

Нырнуў зноў стары ў ваду. Праз хвіліну — зірк — вынырнуў з сярэбранай сякерай.

— Не мая, не мая! — закрычаў бядняк.

Трэці раз нырнуў стары і выцягнуў жалезную сякеру.

— Вось гэта мая! — узрадаваўся бядняк.— Дзякуй табе.

Узяў ён сякеру і пайшоў быў ужо дадому.

— Гэй, гэй! — вярнуў яго дзядок.— За тое, што ты такі сумленны, бяры і гэтыя дзве сякеры — залатую і сярэбраную.

Прыйшоў бядняк дадому і пра ўсё расказаў суседзям. Даведаўся пра гэты выпадак адзін ягоны багаты сусед, і прагнасць яго разабрала. Насадзіў ён абы-як сваю сякеру на тапарышча і пабег у лес.

Прыйшоў на бераг ракі і давай стукаць па дрэвах. Сякера адразу ж з тапарышча спаўзла і боўць у ваду!

— Ой-ой-ой! — пачаў енчыць багацей.

А тут на ягоны крык — кульгець-кульгець — дзядок прыкульгаў.

— Што за бяда ў цябе? — пытае.

— Ды вось зляцела сякера мая ды, як на ліха, у самую глыбіню трапіла. Хто ж цяпер мне яе вылавіць? — скардзіцца багацей.

— А я! — сказаў стары і нырнуў у ваду. Праз хвіліну выплывае ён з жалезнай сякерай.

— Вось табе сякера твая! Не вохкай!

— Ды не мая гэта, не мая сякера! — крычыць скнара.

Нырнўў зноў дзядок у ваду і праз хвіліну выплыў з сярэбранай сякерай.

— Ці не гэта твая? — пытае.

— Не, не мая, не мая! Мая лепшая была!

Трэці раз нырнуў стары ў ваду і праз хвіліну вынырнуў з залатой сякерай у руках.

— Вось гэта мая! — крычыць багацей і рукі да яе працягвае.

Але залатая сякера толькі — свісь — прасвістала, праляцела міма яго вушэй. I плюхнула ў ваду, а стары за ёю — боўць — і ўжо больш не паказваўся. А прагны багацей то туды, то сюды бегае, шнырыць-шукае на беразе. То прысядзе, то падхопіцца — усё чакае не дачакаецца, ці не пакажацца зноў стары, ці не прынясе дыяментавую сякеру. Пэўна, ён яшчэ і сёння на беразе сядзіць і дыяментавую сякеру чакае.