Мае забавы

Па даліне, па лужочку

Ездзіць я люблю,

Я з дубовага кіёчка

Коніка зраблю.

 

Гайда, гайда, буланенькі,

Аж у цёмны бор!

I ляціць кіёк мой ценькі

Проста як віхор.

 

Аж дрыжыць, шуміць зямліца,

А я скок ды скок!

А са мною весяліцца

Жучка — мой дружок.

 

Я на коніку ўсё далей

Еду без канца,

Гэй, хутчэй нясі, удалы,

Мяне, малайца.