Два зайцы

Сядзяць два зайцы ў лесе пад бярэзінай і жаляцца на сваё жыццё.

— Якая наша доля? Кожны час бойся: бойся чалавека, бойся ваўка, сабакі, ліса. Хадзі ды прыслухайся. І хто не крыўдзіць нас, бедных зайцоў? Не толькі чалавек, звер, а нават птушкі і тыя цікуюць на нашае зайцава мяса. А чым можам бараніцца ад нашых непрыяцеляў? Уся надзея на ногі. Выратуюць яны з бяды — шчасце, а не — прапала твая шкура.

І зайцы заліліся горкімі слязьмі.

— Ці ж варта жыць пасля гэтага? Хоць бы адна жывёла на свеце баялася нас, зайцоў… Хадзем, брат, ды ўтопімся ў возеры — раз прападаць.

Наплакаліся, надумаліся бедныя зайчыкі і йдуць тапіцца. Возера было блізка. Падыйшлі зайцы да возера, абняліся, пацалаваліся, развіталіся. Толькі яны бліжэй падыйшлі да берагу — скок жаба з купіны: спалохалася зайцоў.

— Эх, брат, — кажа адзін зайчык. — Ёсць жа на свеце стварэнне, што і нас баіцца. Ім, відаць, яшчэ горай жывецца, як нам. Можна, значыцца, жыць на свеце.

І пабеглі зайчыкі назад у лес.