Жыў-быў вожык

Нашага вожыка тата злавіў у лесе і прынёс у кішэні дахаты. Спачатку вожык ляжаў, як клубок. Як паклалі яго ў кутку, пад маім ложкам, так ён і ляжаў. Я наліў яму ў сподачак малака. А вожыку хоць бы што. Тады я лёг побач з ім на падлозе і пачаў назіраць.

На дварэ змяркалася, і пад ложкам рабілася цёмна.

— Дурненькі ты, — сказала мама. — Ты яго толькі не чапай, ён і сам малако тваё знойдзе.

I праўда, толькі я лёг у ложак і ў хаце зрабілася ціха, як у куточку пад ложкам нешта ціхенька заварушылася. Заварушылася і пачало вось гэтак чмыхаць:

— Ту-ту-ту-пых! Ту-ту-ту-пых!

А потым па дошках падлогі затупацелі маленькія мяккія ножкі.

— А што, не гаварыла я, — сказала мама. — Не палохайце яго, дык ён і малако пачне хлябтаць.

I праўда, мы памаўчалі, і неўзабаве пачулася, што нехта маленькі хлебча. Не так, як кот, а так, як парасяты, — плямкае. Вожык тупацеў усю ноч, і за гэта мы пачалі называць яго Тупцікам. А за тое, што ён перастаў нас баяцца, я ніколі не забываўся даваць яму есці.

Але не было з кім Тупціку пасябраваць. I стала сумна ад гэтага. Каб развесяліць вожыка, я зняў аднойчы са сцяны люстэрка і паставіў на падлозе. А вожык падышоў да люстэрка, наставіў лычык, паглядзеў і надзьмуўся, каб настра шыць таго, што ў люстэрку. А той, што ў люстэрку, надзьмуўся таксама, і вось яны разам зрабілі:

— Пых!

Мы засмяяліся — і тата, і я, а Тупцік паглядзеў, асцярожненька дакрануўся лычыкам да шкла і як быццам усё зразумеў. Адышоўся і больш не глядзеў у люстэрка.

I мы занеслі Тупціка ў агарод. Яму цяпер весела, добра на волі.