Два маразы

Гулялі па полі два маразы, два родныя браты: мароз Сіні-нос і мароз Чырвоны-нос.

Гуляюць-пагульваюць маразы, адзін аднаго пахвальваючы. А ноч ясная-ясная. Прасторна маразам на волі. А ціха, так ціха, нібы жывой душы не засталося на свеце. Перабеглі маразы з поля на лес. Бегаюць, палускваюць, з дрэва на дрэва пераскокваюць, зайчыкаў палохаюць. З лесу ў вёску заскочылі і давай па даху страляць.

— Эге, — кажа мароз Сіні-нос, — усе пахаваліся, баяцца на двор вылезці.

— Няхай толькі вылезе хто: задамо яму страху, — адкавае мароз Чырвоны-нос.

Пачало развідняцца. Паваліў з комінаў дым густы. Заскрыпелі калодзежы. Павыходзілі мужчыны з хат. Хто малаціць пайшоў, хто ў лес па дровы збіраецца.

— Стой жа, брат, — сказаў мароз Чырвоны-нос. — Пабяжым жа мы на дарогу ў поле.

І пабеглі яны зноў у поле; стаяць, прытуліўшыся, падарожных чакаюць.

Заскрыпелі сані на дарозе. Зазваніў дзесь званочак пад дугою.

У санях селянін сядзіць, коніка паганяе. А ззаду за ім зухаўскі вазок плыве. Званочак пазвоньвае.

— Ну чакайце ж вы, — кажа мароз Сіні-нос. — Ты бяжы за мужыком, а я за панам паганюся.

І пабеглі яны падарожных марозіць. Доўга бег мароз Сіні-нос, пакуль пана дагнаў. Нарэшце дагнаў, пад футра залез, цяпло выганяе адтуль. Паціскаецца пан, ногі зябнуць, холад па целе пайшоў, панскі нос пасінеў. А мароз Сіні-нос толькі пасмейваецца. Ледзь да смерці пана не замарозіў. А мароз Чырвоны-нос дагнаў селяніна і давай яго марозіць.

— Эге, мароз не жартуе, — кажа селянін. Злез ён з саней, бяжыць, нагамі тупае, рукамі аб плечы б’е. Прабег так з паўвярсты, аж горача стала яму. Сеў сабе на сані, едзе — і гора мала.

— Ну пачакай ты, брат: прайму я цябе, як ты дровы сячы будзеш.

Заехаў чалавек у лес. А мароз Чырвоны-нос выперадзіў яго, у лесе чакае. Выпраг коніка селянін, сякеру ўзяў ды як пачаў секчы — горача стала яму. Скінуў кажух і давай там белыя кросны ткаць.

Зрабіўся кажух белы як снег. Насек дроў чалавек, да кажуха ідзе, а ён увесь абмёрз.

— Эге, браток, дык ты тут!

Узяў пугаўё ды як стаў малаціць — ледзь жывы выскачыў мароз Чырвоны-нос ды драла ў лес.

Узлаваўся мароз Чырвоны-нос на селяніна, але ніякай рады даць яму не можа.