Лісіца і сабакі

Бегла лісіца па полі. Ні адсюль ні адтуль — выскачылі сабакі і пагналіся за ёю.

Лісіца ну ўцякаць! Бегла, бегла ды пад пянёк у нару і залезла. Сядзіць у нары і кажа сама сабе:

— Вушкі, вушкі, што вы рабілі?

— Мы слухалі ды слухалі, каб сабакі лісічку не з’елі.

— Ножкі, ножкі, што вы рабілі?

— Мы ўцякалі ды ўцякалі, каб сабакі лісічку не дагналі.

— Вочкі, вочкі, што вы рабілі?

— Мы глядзелі ды глядзелі, каб сабакі лісічку не з’елі.

— А ты, хвост, што рабіў?

— Я за пні, за кусты, за калоды чапляўся.

— А, дык ты вунь які? Наце ж, сабакі, ешце мой хвост!

Сабакі ўхапіліся за хвост і выцягнулі лісіцу. Ледзь жывая ўцякла яна ад іх.