Верабей і мыш

Жылі па суседству верабей і мыш: верабей пад страхою, а мыш у норцы пад падрубаю. Жывіліся тым, што ад гаспадароў перападала. Улетку яшчэ сяк-так — можна на полі ці ў агародзе што-небудзь перахапіць. А зімою хоць плач: на вераб’я гаспадар сіло ставіць, а на мыш — пастку.

Надакучыла ім так жыць, задумалі яны збажыну сеяць.

— Ну, што будзем сеяць? — пытаецца верабей.

— А тое, што людзі сеюць, — адказвае мыш.

Назбіралі насення ды пасеялі пшаніцу.

— Што тваё будзе, — пытаецца мыш у вераб’я, — карэнне ці вяршкі?

— Сам не ведаю.

— Бяры карэнне, — параіла мыш.

— Добра, няхай будзе карэнне.

Прыйшло лета. Паспела пшаніца. Мыш зжала каласы, а вераб’ю пакінула салому. Перанесла мыш каласы ў сваю нару, змалаціла, змалола, напякла пірагоў ды есць сабе зімою. Добра жыве, бяды не мае.

А верабей пакаштаваў салому — нясмачная!

Давялося яму на сметніку галоднаму зімаваць.

Прыйшла вясна. Мыш вылезла з нары, убачыла вераб’я і пытаецца:

— Ну, як, суседзе, зімавалася?

— Дрэнна, — кажа верабей, — ледзьве выжыў: нясмачная наша пшаніца ўдалася.

— То давай будзем сёлета моркву садзіць: яна салодкая. Усе зайцы яе любяць.

— Давай, калі не хлусіш! — падскочыў верабей ад радасці.

Пасеялі яны моркву.

— Што тваё будзе, — пытаецца мыш у вераб’я, — карэнне ці вяршкі?

— Вяршкі! — кажа верабей. — Баюся браць карэнне: я ўжо на пшаніцы апёкся.

— Добра, бяры вяршкі.

Вырасла морква. Верабей узяў вяршкі, а мыш карэнне. Занесла яна сваё карэнне ў нару і есць сабе патроху.

А верабей пакаштаваў вяршкі, аж яны не лепшыя за пшанічнае карэнне…

Надзьмуўся верабей, ледзь не плача.

Ляціць варона. Убачыла вераб’я.

— Чаго ты, верабей, надзьмуўся? — пытаецца.

Расказаў ёй верабей, як яны з мышшу сеялі пшаніцу і моркву.

Выслухала яго варона і зарагатала на ўсё горла:

— Дурны ты, верабей! Мыш цябе падманула… У пшаніцы смачныя вяршкі, а ў морквы — карэнне.

Узлаваўся верабей, прыскакаў да мышы.

— Ах, нягодніца, ах, ашуканка! Я з табою біцца буду.

— Ну, што ж, — кажа мыш, — давай біцца!

Запрасіў верабей сабе на дапамогу драздоў і шпакоў, а мыш — кратоў і пацукоў.

Пачалі біцца. Доўга біліся, а ніхто нікога не пабіў. Прыйшлося вераб’ю адступіць са сваім войскам на сметнік.

Убачыла гэта варона:

— Га, га, верабей, слабых ты сяброў сабраў. Калі б ты паклікаў марскога сокала, той адразу б усіх — і мышэй, і кратоў, і пацукоў паглытаў.

Паляцеў верабей на мора, паклікаў марскога сокала.

Прыляцеў сокал і ўсё мышынае войска паглытаў. Адна толькі мыш, тая, што вераб’я падманула, засталася: у нару схавалася.

Настаў вечар. Сокал паляцеў на ржышча начаваць. Сеў на каменне ды моцна заснуў. А верабей пашчабятаў ад радасці і палез пад страху.

Тым часам хітрая мыш пабегла ў поле да начлежнікаў, ухапіла галавешку і падпаліла ржышча, дзе спаў сокал. Узняўся агонь і асмаліў сокалу крылы. Прачнуўся сокал, а ў яго крылаў няма. Пабедаваў ён ды падаўся пехатою да мора. Убачыў яго на дарозе паляўнічы, хацеў застрэліць, а сокал і кажа:

— Не страляй мяне, добры чалавек. Лепш вазьмі з сабою: як адрастуць у мяне крылы, я табе добра аддзякую.

Узяў паляўнічы сокала. Цэлы год карміў і даглядаў яго. Адраслі ў сокала крылы, ён і кажа паляўнічаму:

— А цяпер бяры мяне на паляванне. Я табе зайцоў і птушак буду лавіць.

3 таго часу сокал і служыць памочнікам у паляўнічага.