Геракл знішчае Лярнейскую гідру

Непадалёку ад Аргоса распасціралася вялікае Лярнейскае балота. Чыстая і светлая крынічка выцякала тут з-пад зямлі, ды слабы ручаёк не мог прабіцца да ракі або мора і расцякаўся наўкол у нізіне. Вада застойвалася, зарастала мохам і балотнымі травамі, і вялізная даліна ператварылася ў балота. Яркая зеляніна, што заўсёды ўкрывала балота, вабіла да сябе стомленага падарожніка, але як толькі ён ступаў на зялёны лужок, з сыканнем і свістам выпаўзала з дрыгвы дзевяцігаловая пачвара — гідра. Яна абвівалася сваім змяіным хвастом вакол чалавека, зацягвала ў балота і прагна з’ядала.

Увечары, калі гідра, наеўшыся, засынала, ядавітае дыханне яе дзевяці пашчаў ахутвала туманам балота і атручвала паветра. Той, хто дыхаў гэтым паветрам, занядужваў, доўга хварэў і паміраў. Таму людзі баяліся набліжацца да балота і сяліцца каля гэтай страшнай мясціны.

І вось цар Еўрысфей загадаў Гераклу знішчыць Лярнейскую гідру.

Геракл выправіўся ў Лерну на калясніцы, якой кіраваў яго сябар Іялай. Калі яны даехалі да балота, Геракл пакінуў Іялая з калясніцай каля дарогі, а сам запаліў паходню і смела рушыў на балота.

Гідра тым часам была сытая і драмала. Геракл пачаў падпальваць канцы стрэл паходняй і пускаць іх у гідру. Расцвяліўшы гідру, ён прымусіў яе выпаўзці з балота. Халодным слізкім хвастом яна абвіла левую нагу Геракла, і ўсе дзевяць галоў засіпелі вакол яго. Геракл шчыльней захутаўся ў ільвіную шкуру, якая надзейна ахоўвала яго ад звярыных зубоў і змяінага джала, дастаў меч і пачаў сячы адну за адной страшныя галовы гідры.

Але як толькі сцякала з раны чорная кроў, на месцы адсечанай галавы вырасталі дзве іншыя, яшчэ больш злосныя, яшчэ страшнейшыя. Неўзабаве Геракла акружалі, быццам жывы куст, сіпучыя галовы, і ўсе яны цягнуліся да яго, разяўляючы крывавыя пашчы.

Ён не мог скрануцца з месца — нага яго была ў кальцы змяінага хваста, рука стамілася сячы ўсё новыя і новыя галовы гідры. Раптам ён адчуў боль у левай назе і, нахіліўшыся, убачыў рака, які клюшняй учапіўся ў яго пятку.

Геракл засмяяўся:

— Двое супраць аднаго? Гэта несумленна! Бой няроўны. Цяпер і я маю права паклікаць сябра на падмогу!

І ён паклікаў Іялая, які чакаў яго ля калясніцы.

Геракл аддаў яму паходню і загадаў паліць агнём рану, як толькі меч адсячэ галаву гідры. І там, дзе пёк агонь, ужо не вырасталі новыя галовы. Неўзабаве апошняя галава гідры пакацілася ў балота. Але яна не хацела паміраць нават пасля таго, як была адсечана, і, лежачы на траве ў крыві, зыркала злоснымі вачамі і раз’юшана разяўляла пашчу. Гераклу давялося вынесці яе з балота і закапаць у зямлю, каб яна не нарабіла каму шкоды.

У чорнай крыві Лярнейскай гідры Геракл намачыў канцы сваіх стрэл, і яны сталі смяртэльнымі — нішто не магло вылечыць таго, у каго пацэліла такая страла.