Каралевіч, які нічога не баяўся

Жыў-быў аднойчы каралевіч, і не хацелася яму больш заставацца дома ў свайго бацькі, а раз ён нічога не баяўся, то падумаў: «Пайду я па белым свеце вандраваць і не сумна мне будзе, ды і нагляджуся на розныя дзіўныя рэчы». Развітаўся ён са сваімі бацькамі і пайшоў ад іх, і ішоў усё напрасткі з раніцы да самага вечара, і было яму ўсё роўна, куды дарога вядзе. Здарылася так, што падышоў каралевіч да дома аднаго велікана. А паколькі ён здарожыўся, то сеў каля дзвярэй адпачыць. Пачаў каралевіч па баках аглядацца і раптам заўважыў на двары ў велікана цацку: былі гэта два вялізныя шары і кеглі з рост чалавека. Захацелася яму пагуляць у тыя кеглі, ён расставіў іх, пачаў збіваць шарамі, і калі кеглі падалі, то гучна крычаў, таму што было яму весела. Пачуў велікан шум, высунуў галаву ў акно і ўбачыў чалавека; і быў той ростам, як усе людзі, аднак жа гуляў у яго кеглі.

– Гэй ты, казяўка! – крыкнуў велікан. – Што гэта ты ў мае кеглі гуляеш? Адкуль у цябе такая сіла?

Паглядзеў каралевіч наверх, агледзеў велікана і сказаў:

– Ах ты, даўбешка гэтакая! Што ж ты думаеш, што ў цябе аднаго толькі дужыя рукі? Я магу ўсё, чаго захачу!

Спусціўся велікан уніз, пачаў са здзіўленнем глядзець на гульню ў кеглі і сказаў:

– Калі ты такі чалавек, то ідзі і прынясі мне яблык з дрэва жыцця.

– А навошта ён табе? – запытаў каралевіч.

– Гэты яблык я хачу не для сябе, – адказаў велікан. – Ёсць у мяне нявеста, гэта яна яго патрабуе. Хадзіў я, вандраваў нямала па свеце, але такога дрэва адшукаць не мог.

– Ну, я яго адшукаю, – сказаў каралевіч, – як бы цяжка ні было!

Кажа велікан:

– Ты думаеш, што гэта так ужо лёгка? Сад, у якім расце дрэва, абнесены жалезнай агароджай, і ляжаць уздоўж агароджы дзікія звяры, яны вартуюць і нікога з людзей туды не прапускаюць.

– Мяне яны прапусцяць, – сказаў каралевіч.

– Так, але калі ты і трапіш у гэты сад і ўбачыш на дрэве яблык, то гэта яшчэ не азначае, што ты яго зможаш сарваць: вісіць перад ім колца, і той, хто захацеў бы дастаць і сарваць яблык, павінен спачатку прасунуць у тое колца руку, а гэта яшчэ нікому не ўдавалася.

– А мне ўдасца, – сказаў каралевіч.

Развітаўся ён з веліканам і пайшоў праз горы і даліны, палі і лясы, і прыйшоў, нарэшце, да чарадзейнага саду. Ляжалі вакол яго звяры, але яны апусцілі галовы ўніз і спалі. Яны не прачнуліся і тады, калі каралевіч да іх падышоў, і нават тады, калі цераз іх пераступіў. Вось пералез каралевіч цераз агароджу і без перашкод трапіў у сад. Расло там пасярэдзіне дрэва жыцця, і ззялі на галінах яго чырвоныя яблыкі. Ён узабраўся па ствале наверх, толькі хацеў працягнуць руку да яблыка, раптам бачыць – вісіць перад ім колца; ён лёгка прасунуў у яго руку і сарваў яблык. Але раптам колца моцна сціснулася вакол рукі, і тут каралевіч адчуў, што магутная сіла пранікла ў яго жылы. Ён спусціўся з яблыкам уніз з дрэва і не захацеў пералазіць цераз агароджу, узяўся рукой за вялікія вароты, і варта было яму толькі іх штурхнуць, як яны з трэскам расчыніліся. Ён выйшаў з саду, але прачнуўся леў, які ляжаў перад агароджай, і кінуўся за каралевічам, ды не разлютаваны, а пайшоў услед за ім з пакорай, як за сваім гаспадаром.

Прынёс каралевіч велікану абяцаны яблык і сказаў:

– Вось бачыш, я здабыў яго без усякіх цяжкасцей.

Узрадаваўся велікан, што яго жаданне так хутка збылося, заспяшаўся да сваёй нявесты і даў ёй яблык, які яна патрабавала. Але дзяўчына была і прыгожая, і разумная. Паглядзела яна на руку велікана, не ўбачыла колца і сказала:

– Я табе да таго часу не паверу, што яблык здабыў ты, пакуль не ўбачу ў цябе на руцэ кольца.

Сказаў велікан:

– Для гэтага мне трэба вярнуцца дадому, я яго табе прынясу, – ён думаў, што колца будзе лёгка адабраць сілай у слабага чалавека, калі той не аддасць яго па добрай волі.

І вось запатрабаваў велікан у каралевіча колца, але той адмовіў.

– Дзе яблык, там павінна знаходзіцца і колца, – сказаў велікан. – Не аддасі па добрай волі, давядзецца табе са мною пазмагацца.

Доўга дужаліся яны, але велікан не мог нічога зрабіць з каралевічам: чарадзейная сіла колца рабіла яго магутным. Тады велікан схітрыў і сказаў:

– Мне ад барацьбы стала горача, ды і табе, мабыць, таксама. Давай пакупаемся ў рэчцы і асвяжымся, а потым пачнем зноўку.

Каралевіч, не падазраючы ніякай хітрасці, падышоў з веліканам да вады; але зняў ён разам з адзеннем і колца з рукі і скокнуў у раку. У момант схапіў велікан колца – і наўцёкі. Ды леў заўважыў злодзея, кінуўся за веліканам у пагоню, вырваў з рук у яго колца і прынёс назад свайму гаспадару. Схаваўся велікан за дубам, і калі каралевіч апранаўся, ён напаў на яго і выкалаў яму вочы.

Стаў цяпер каралевіч сляпым і не ведаў, што яму рабіць. Падышоў да яго велікан, зноў схапіў яго за руку і прывёў яго на вяршыню высокай скалы. Ён пакінуў яго там, а сам падумаў: «Варта яму зрабіць некалькі крокаў, як ён разаб'ецца насмерць. Тады я змагу зняць з яго колца». Але верны леў не пакінуў свайго гаспадара, ён моцна схапіў яго за адзенне і адцягнуў назад.

Вярнуўся велікан, хацеў абрабаваць мёртвага, але ўбачыў, што хітрасць яго не ўдалася. «Няўжо нельга ніяк знішчыць такога слабага чалавечка!» – прамовіў ён, раззлаваны, сам сабе, схапіў каралевіча і павёў яго зноў іншай дарогай да прорвы. Ды леў разгадаў злую задуму і дапамог гаспадару выбрацца з бяды. Калі велікан падвёў сляпога зусім блізка да абрыву, ён выпусціў руку каралевіча і хацеў пакінуць яго аднаго, ды леў піхнуў велікана, і той зваліўся ў прорву і разбіўся.

Верны звер адцягнуў свайго гаспадара ад краю цясніны і прывёў яго да дрэва, дзе працякаў светлы празрысты ручай. Сеў каралевіч каля ручая, а леў улёгся побач і лапай папырскаў яму на твар. І як толькі трапіла некалькі кропель каралевічу ў вочы, ён зноў пачаў трохі бачыць; і тут ён заўважыў птушачку, якая стукнулася аб ствол дрэва, потым спусцілася да ручая, выкупалася ў ім і, не дакрануўшыся да дрэў, узляцела, мільганула, быццам да яе зноў вярнуўся зрок. Убачыў каралевіч у гэтым знак божы, нахіліўся да вады і абмыў твар. Калі ён падняўся, вочы яго сталі чыстыя, ясныя, якімі не былі яшчэ ніколі.

Падзякаваў каралевіч Богу за яго вялікую ласку і пайшоў далей вандраваць па свеце разам са сваім ільвом. Здарылася аднойчы, што прыйшоў ён да замка, а быў той замак зачараваны, і стаяла ля замкавай брамы дзяўчына. Яна была стройная, і твар быў у яе прыгожы, але ўся яна была чорная. Яна загаварыла з каралевічам і сказала:

– Ах, каб ты мог вызваліць мяне ад злых чараў!

– А што я павінен дзеля гэтага зрабіць? – запытаў каралевіч.

Адказала дзяўчына:

– Ты павінен правесці тры ночы ў вялікай зале зачараванага замка, але ніколькі не палохацца. Калі цябе пачнуць мучыць самымі жахлівымі катаваннямі і ты вытрымаеш, не вымавіўшы ні гуку, я буду вызвалена ад чараў. Забраць жыццё ў цябе яны не адважацца.

І сказаў тады каралевіч:

– Я не баюся і з божай дапамогай паспрабую.

І ён весела накіраваўся ў замак. Калі ўжо сцямнела, ён усеўся ў вялікай зале і пачаў чакаць. Да самай поўначы было ціха, але раптам падняўся вялікі шум, з усіх куткоў з'явіліся маленькія чорцікі. Яны зрабілі выгляд, быццам яго не заўважаюць, паселі пасярод пакоя, запалілі агонь і пачалі гульню. Калі хто прайграваў, той казаў: «Гэта няправільна, тут хтосьці знаходзіцца з чужых, гэта ён вінаваты, што я прайграў». А другі чорцік сказаў: «Пачакай, зараз я да цябе прыйду, гэй, ты, там за печчу!» Крыкі рабіліся пры гэтым усё мацнейшымі і мацнейшымі, і ніхто не мог бы іх слухаць без страху. Але каралевіч працягваў сядзець зусім спакойна і не палохаўся. Ды вось, нарэшце, чэрці паўскаквалі і накінуліся на яго, і было іх так многа, што абараняцца ад іх каралевічу было не пад сілу. Яны цягалі яго па падлозе, шчыпалі, трэслі, білі і ўсяляк яго мучылі, але ён і гуку не вымавіў. Пад раніцу яны зніклі, але ён так знясілеў, што не ў стане быў і паварухнуцца. І калі надышоў світанак, прыйшла да яго чорная дзяўчына. Яна трымала ў руках маленькую бутэлечку з жывой вадой і абмыла яго ёю, і ўмомант ён адчуў, што ўвесь боль знік і яго жылы напоўніліся свежымі сіламі. Яна сказала:

– Адну ноч ты вытрымаў удала, але наперадзе яшчэ дзве.

Потым яна зноў пайшла, і калі яна адыходзіла, ён заўважыў, што ногі ў яе сталі белымі.

Наступнай ноччу чэрці з'явіліся зноў і пачалі гульню. Яны нападалі на каралевіча і білі яго куды мацней, чым мінулай ноччу, і ўсё цела ў яго пакрывалася ранамі. Але таму, што ён вытрымаў усё моўчкі, ім давялося яго пакінуць. На світанні зноў прыйшла дзяўчына і вылечыла яго жывою вадой. А калі яна адыходзіла, ён з радасцю ўбачыў, што ўся яна стала белая.

Засталося яму вытрымаць яшчэ адну, самую цяжкую ноч. Чортавы здані з'явіліся зноў.

– А-а, ты яшчэ тут! – закрычалі яны. – Зараз цябе будуць мучыць і катаваць так, што ты задыхнешся.

Яны калолі яго і білі, кідалі ў розныя бакі, цягалі за рукі і за ногі, нібы збіраючыся яго разарваць. Але ён вытрываў і гуку не вымавіў. Нарэшце чэрці зніклі, а ён ляжаў непрытомны, не мог і зварухнуцца, нават вачэй ён не мог расплюшчыць, каб убачыць дзяўчыну, якая прыйшла да яго, папырскала і і абліла яго жывой вадой. І ўраз ён пазбавіўся ад болю і адчуў сябе свежым і бадзёрым, быццам толькі што прачнуўся. Ён расплюшчыў вочы і ўбачыў перад сабой дзяўчыну, і была яна ўся светлая і прыгожая, як ясны дзень.

– Уставай, – сказала яна, – і тройчы ўзмахні над парогам сваім мячом. Тады ўсё будзе вызвалена ад злых чараў.

І толькі ён гэтак зрабіў, увесь замак быў пазбаўлены чараў, і стала дзяўчына багатай каралеўнай. Прыйшлі слугі і сказалі, што ў банкетнай зале накрыты ўжо стол і пададзены стравы. Селі каралевіч з каралеўнай за стол, елі і пілі разам, а вечарам з вялікай радасцю адсвяткавалі вяселле.

 

Пераклад Міхася Пазнякова