Кароль-жабяня, альбо жалезны Гайнрых

У старадаўнія часы, калі закляцці яшчэ дапамагалі, жыў-быў на свеце кароль; усе дочкі былі ў яго прыгажуні, але самая малодшая была такою прыгожай, што нават сонца, якое шмат што бачыла на сваім вяку, і тое здзіўлялася, ззяючы на яе твары.

Ля каралеўскага замка раскінуўся вялікі дрымучы лес, і быў у тым лесе пад старою ліпай калодзеж; і вось у спякотныя дні малодшая каралеўна выходзіла ў лес, сядала на край сцюдзёнага калодзежа, і калі рабілася ёй сумна, яна брала залаты мяч, падкідвала яго ўверх і лавіла: гэта была яе ўлюбёная гульня.

Але вось аднойчы, падкінуўшы свой залаты мяч, яна злавіць яго не паспела, ён упаў на зямлю і пакаціўся проста ў калодзеж. Каралеўна вачэй не спускала з залатога мяча, але ён знік, а калодзеж быў такі глыбокі, такі глыбокі, што і дна было не відаць. Заплакала тады каралеўна і плакала усё мацней і мацней, і ніяк не магла супакоіцца.

Вось бядуе яна аб сваім мячы і раптам чуе: хтосьці ёй гаворыць:

– Што з табою, каралеўна? Ты так плачаш, што і камень расчуліць можаш.

Яна азірнулася, каб даведацца, адкуль гэты голас, і ўбачыла, што гэта жабяня высунула з вады сваю тоўстую пачварную галаву.

– А-а, гэта ты, стары квакун, – сказала яна. – Я плачу па сваім залатым мячыку, які ўпаў у калодзеж.

– Супакойся, навошта плакаць? – кажа жабяня. – Я табе дапамагу! А што ты мне дасі, калі я знайду тваю цацку?

– Усё, што схочаш, мілае жабяня, – адказала каралеўна. – Мае сукенкі, перлы, каштоўныя камяні і ў дадачу залатую карону, якую я нашу.

Сказала ёй жабяня:

– Не трэба мне ані тваіх сукенак, ані перлаў, ані каштоўных камянёў і залатой кароны; а вось калі б ты мяне палюбіла ды са мной пасябравала, і мы гулялі б разам, і сядзеў бы я побач з табой за столікам, еў з тваёй залатой талерачкі, піў з твайго маленькага кубка і спаў з табою разам у ложачку, – калі ты мне паабяцаеш усё гэта, я ў момант скокну ўніз і дастану табе твой залаты мяч.

– Так, так, абяцаю табе ўсё, што хочаш, толькі дастань мне мой мяч! – А сама пра сябе падумала: «Што там неразумнае жабяня балбоча? Сядзіць яно ў вадзе сярод жабаў ды квакае, дзе ўжо яму быць чалавеку сябрам?»

Атрымаўшы ад яе абяцанне, жабяня нырнула ў ваду, спусцілася на самае дно, хутка выплыла наверх, трымаючы ў роце мяч, і кінула яго на траву. Пабачыўшы зноў сваю прыгожую цацку, каралеўна вельмі ўзрадавалася, падняла яе з зямлі і пабегла.

– Пачакай, пачакай! – крыкнула жабяня. – Вазьмі і мяне з сабою, мне ж за табою не ўгнацца!

Але што з таго, што яно гучна крычала ёй услед сваё «ква-ква»? Яна і слухаць яго не хацела, спяшаючыся дамоў. А пасля і зусім забылася пра беднае жабяня, і давялося яму зноў спусціцца ў свой калодзеж.

На другі дзень яна села з каралём і прыдворнымі за стол і пачала есці са сваёй залатой талерачкі. Раптам – топ-шлёп-шлёп – узбіраецца хтосьці па мармуровай лесвіцы і, узабраўшыся наверх, стукаецца ў дзверы і гаворыць:

– Маладая каралеўна, адчыні мне дзверы!

Яна пабегла паглядзець, хто б гэта мог да яе пастукацца. Адчыняе дзверы, бачыць – сядзіць перад ёю жабяня. Імгненна зачыніла яна дзверы і села зноў за стол, але зрабілася ёй так страшна-страшна. Заўважыў кароль, як моцна б'ецца ў яе сэрцайка, і кажа:

– Дзіця маё, чаго ты так спужалася? Ці не велікан які-небудзь схаваўся за дзвярыма і хоча цябе выкрасці?

– Ах, не, – сказала каралеўна, – гэта зусім не велікан, а брыдкае жабяня.

– А што яму ад цябе трэба?

– Ах, мілы татачка, ды вось сядзела я ўчора ў лесе ля калодзежа і гуляла, і ўпаў у ваду мой залаты мяч. Я горка заплакала, а жабяня дастала мне яго і стала патрабаваць, каб я ўзяла яго ў сябры, а я і паабяцала яму, – але ніколі я не думала, каб яно магло выбрацца з вады. А вось цяпер яно з'явілася і хоча сюды ўвайсці.

А тым часам жабяня пастукалася зноў і крыкнула:

 

– Прывітанне, каралеўна!

Дзверы адчыні!

Ці ж магла забыцца ты,

Што мне абяцала ўчора,

Помніш, ля калодзежа?

Прывітанне, каралеўна!

Дзверы адчыні!

 

Тады кароль сказаў:

– Ты сваё абяцанне павінна выканаць. Ідзі і адчыні яму дзверы.

Яна пайшла, адчыніла дзверы, і вось жабяня скокнула ў пакой, паскакала ўслед за ёю, даскакала да яе крэсла, села і гаворыць:

– Возьмі і пасадзі мяне побач з сабою.

Яна не адважвалася, але кароль загадаў ёй выканаць яго жаданне. Яна пасадзіла жабяня на крэсла, а яно на стол пачало прасіцца; пасадзіла яна яго на стол, а яно кажа:

– А цяпер падсунь да мяне бліжэй сваю залатую талерачку, будзем есці з табою разам.

Хаця яна і выканала гэта, але было відаць, што без вялікай ахвоты. Пачало жабяня есці, а каралеўне і кавалак у горла не лезе. Нарэшце яно сказала:

– Я наелася ўволю і стамілася, зараз аднясі мяне ў сваю спальню, пасцялі мне сваю шаўковую пасцельку, і мы ляжам з табою разам спаць.

Як заплакала тут каралеўна! Страшна ёй стала халоднага жабяняці, баіцца да яго і даткнуцца, а яно яшчэ ў цудоўнай чыстай пасцельцы з ёю збіраецца спаць. Разгневаўся кароль і гаворыць:

– Хто табе ў бядзе дапамог, тым грэбаваць не варта.

Узяла яна тады жабяня двума пальцамі, панесла яго да сябе ў спальню, пасадзіла ў кутку, а сама легла ў пасцельку. А яно скокнула і кажа:

– Я стамілася, мне таксама спаць хочацца, вазьмі мяне да сябе! А не, дык я твайму бацьку пажалюся.

Раззлавалася тут каралеўна і стукнула яго з усіх сіл аб сцяну.

– Ну, ужо цяпер, паскуднае жабяня, ты супакоішся!

Але толькі ўпала яно на зямлю, як раптам абярнулася каралевічам з цудоўнымі ласкавымі вачамі, які стаў з таго часу, па волі яе бацькі, яе мілым сябрам і мужам. Ён расказаў ёй, што яго зачаравала злая вядзьмарка, і ніхто б не змог вызваліць яго з калодзежа, акрамя яе адной, і што заўтра яны рушаць у яго каралеўства.

Вось леглі яны спаць і заснулі. А на наступную раніцу, толькі пабудзіла іх сонейка, пад'ехала да палаца карэта з васьмерыком белых коней, і былі ў іх белыя султаны на галаве, а вупраж з залатых ланцугоў, і стаяў на запятках слуга каралевіча, а быў гэта верны Гайнрых. Калі яго гаспадар быў абернуты ў жабяня, верны Гайнрых так бедаваў і маркоціўся, што загадаў акаваць сабе сэрца трыма жалезнымі абручамі, каб не разарвалася яно ад гора і смутку.

І павінен быў у гэтай карэце ехаць малады кароль у сваё каралеўства. Пасадзіў верны Гайнрых маладых у карэту, а сам стаў на запяткі і цешыўся, што гаспадар яго пазбавіўся ад злога закляцця.

Вось праехалі яны частку дарогі, раптам каралевіч чуе – ззаду нешта трэснула. Азірнуўся ён і крыкнуў:

– Гайнрых, трэснула карэта!

 

– Справа, мой гаспадар, не ў гэтым,

То абручык з сэрца спаў,

Што тугой мяне сціскаў,

Як вы ў калодзежы жылі,

Ды рэй там з жабкамі вялі.

 

Вось зноў і зноў затрашчала нешта ў дарозе, каралевіч думаў, што гэта трэснула карэта, але то былі абручы, што зляцелі з сэрца вернага Гайнрыха, таму што гаспадар яго пазбавіўся ад злога закляцця і стаў зноў шчаслівым.

 

Пераклад Раісы Баравіковай.