Пяць чароўных гораў,альбо як узнікла назва Гародні

Некалі даўным-даўно нашыя дзяды шукалі сабе найлепшае месца на зямлі. Было тое ў часы даўнія-старадаўнія, калі ў людзей не было яшчэ імёнаў, і калі шукалі людзі сабе новыя месцы для жыцця і перасяляліся з аднаго месца на другое.

Людзям імёны не давалі, бо яны ніяк сябе не праяўлялі. Кожны рабіў тое, што яму належала, і асабліва стараўся не вылучацца сярод іншых. «Цішэй будзеш — больш працягнеш», — гэтак у тыя часы думалі людзі. А ў наваколляў назваў-імёнаў не было, бо ўсе тыя мясціны, што спатыкалі людзі ў вандроўцы, былі новыя ды незнаёмыя. А запытаць у каго, як яны называюцца, не было рады, бо людзей у новых мясцовасцях не было, а калі каго раптам спатыкалі — тыя былі занадта варожымі і нічога пра свае мясціны не расказвалі.

І вось, калі зусім ужо выбіліся з сілаў нашыя дзяды і вырашылі спыніцца на балоце, да якога яны дабраліся, прыйшоў да аднаго са старэйшын уночы сон: нібы плыве яго народ у чаўнах па рацэ, а ўсюды толькі лес і балоты, і раптам далёка, там, недзе па-над лясамі, на даляглядзе, бачаць людзі чатыры белыя слупы святла. Гэтыя слупы свецяцца і клічуць да сябе, паднімаюцца над чорным лесам проста ў неба.

Плывуць чаўны доўга-доўга, але і ўдзень, і ўночы відаць тыя слупы святла. І вось аднойчы на досвітку бачаць людзі, што першы слуп святла сыходзіць ад гары,што стаіць на правым беразе ракі, па якой яны плывуць. А за паваротам ракі — яшчэ тры гары, і найбольш яркае святло сыходзіць ад трэцяй гары.

Падняў тады старэйшына ўсіх сваіх людзей і іх сем’і і расказаў ім пра свой сон. Вырашылі людзі, што сон прарочы, і што паказвае ён, дзе знаходзіцца іх пракаветная зямля, і дзе яны нарэшце здабудуць спакой. Сабраліся яны тады з апошнімі сіламі і паплылі далей.

Доўга яны так плылі, і вось аднойчы на досвітку бачаць нашыя дзяды па правым беразе гару, а за паваротам ракі — яшчэ тры гары. І здагадаліся людзі, што гэта тое месца, якое было паказана ім у прарочым сне.

Прысталі тады чаўны да той трэцяй гары. Узышлі нашыя дзяды з сем’ямі на гару, над якой у сне было найбольш яркае святло, а вакол бачаць толькі лес-пушчу непралазную.

І раптам бачаць пятую гару, якая была схаваная за тымі чатырма гарамі, што стаялі на самым беразе. А над той пятай гарой лунае насілу бачнае чырвона-чорнае святло.

Спалохаліся людзі таго святла і пачалі былі ўжо казаць, што трэба кінуць гэтае месца ды плыць далей. Але ўспомнілі пра сон і зразумелі, што нездарма ім дадзена менавіта гэтае месца пяці гораў, і што само месца неяк праявіць сябе ці дасць людзям праявіць сябе. Падумалі — і засталіся, але загадалі нікому, крый божа, не заходзіць на пятую гару.

Вырашылі так — і пачалі драўляныя сцены на гары ўзводзіць, хаты сабе будаваць ды абжывацца на паказаным у прарочым сне месцы.

Так і жылі нашыя дзяды разам са сваімі сем’ямі, а месца, на якое прыплылі, ніяк не маглі прыдумаць, як назваць, і казалі толькі: «Я пайду на тую гару, я прыйшоў з той гары, нельга ісці на пятую гару». Бо акрамя таго, што знайшлі месца з пяццю горамі, нічога адметнага ў той мясцовасці не было. Адно пяць гораў ды лес.

Аднаго разу пайшла маленькая дзяўчынка ў пушчу крынічку гаючай вады знайсці, ды так нахадзілася, што ў гушчарах заблудзіла. Ішла яна лесам то ўгору, то долу, ды раптам бачыць, што на пятую гару выйшла, хоць гэтага зусім не хацела. Памятала яна, што забаронена было заходзіць на тую пятую гару.

Толькі дзяўчынка агледзелася, ажно бачыць на гары вялікі вогненны цмок ляжыць ды на яе дзівіцца, а вакол вогненнага цмока старыя абпаленыя кавалкі чаўноў ды чалавечыя косткі валяюцца.

Убачыў вогненны цмок маленькую дзяўчынку ды кажа:

— Я жыву на гэтай гары! Гэта мой дом! Ніхто не можа паднімацца на маю гару, акрамя мяне. Ты парушыла правіла, а значыць ніхто з вас жыць тут больш не будзе! Бачыш косткі вакол мяне? Гэта ўсё, што засталося ад людзей, якія раней сюды прыплывалі і заходзілі на пятую гару!

Спалохалася тых словаў дзяўчынка. А цмок працягвае:

— Калі ты прыйшла на маю гару, то і я магу прыйсці на тваю гару! За тое, што ты патурбавала мяне на маёй пятай гары, сёння ўночы я прыйду на гару, дзе вы жывяце, каб усіх вас з’есці!

Замаркоцілася тады дзяўчынка, але не за сябе яна баялася, а за тых людзей, што былі на сярэдняй гары і не ведалі нічога. За сваіх суродзічаў яна баялася, і вінаваціла ў тым, што здарылася, толькі сябе.

Тады вырашыла дзяўчынка папярэдзіць людзей і кінулася бегчы, што было сілаў, з пятай гары ўніз. А цмок як дзьмухнуў чорным дымам — так дзяўчынцы вочы і заплюшчыў. Зусім перастала дзяўчынка бачыць.

Пачулі людзі на сярэдняй гары, што робіцца на гары забароненай, і зразумелі, што іх чакае вялікая небяспека. І зрабілі так, як заўсёды рабілі: сцішыліся, разбегліся па сваіх хатах і пачалі чакаць, што будзе.

А дзяўчынка йшла і йшла ў гушчары, каб прыйсці на сваю гару, але нічога не бачыла і ад гэтага зусім заблукала. І вельмі крыўдна стала малечы, што яна людзей падвяла і, галоўнае, што нічога зрабіць не можа, каб дапамагчы сваім родзічам. Села яна ля паваленага дрэва ды пачала плакаць, і так яна пачала плакаць, так шмат слёзак пачала ліць, што ўтварыўся спачатку маленькі ручаёк, а пазней — і цэлая рэчка. Рэчка бегла ўніз да той ракі, па якой прыплылі людзі, і абкружыла сваёй вадой сярэднюю гару, на якой спыніліся людзі.

Сцямнела, і вогненны цмок вырашыў, што прыйшоў час караць людзей. Спусціўся ён са сваёй гары і не ўбачыў, што вакол сярэдняй гары цячэ шырокая ручаіна слёзак дзяўчынкі. Уступіў вогненны цмок у тую ручаіну — і разляцеўся на дробныя кавалачкі! Не вытрымаў вогненны цмок вады і разваліўся на дробнае каменне.

Убачылі гэта людзі і ўзрадаваліся. Зразумелі яны, што маленькая дзяўчынка сваімі слёзкамі выратавала іх. Дзяўчынка агарадзіла сярэднюю гару ад вогненнага цмока вадой.

З таго часу і пачалі называць гэтае месца агароджаным месцам: Агародна, Гародня, Горадня, Гродна. Сама дзяўчынка ператварылася ў крынічку, і цяпер гэтая рэчка называецца Гараднічанка — у гонар маленькай дзяўчынкі, якая абараніла і выратавала людзей.

З таго часу стары горад наш, Гародня, стаіць на пяці горах: на першай гары зараз знаходзіцца Пабернардынскі касцёл і каталіцкая семінарыя, на другой гары — Новы замак, на трэцяй, сярэдняй, гары — Стары замак, на чацвёртай гары — Каложская царква, а на пятай — Пасад, які пачынаецца ад пажарнай каланчы.