Пра медзведзянят, якія не слухалі свайго тату

У адным горадзе жылі два брацікі-медзведзяняты. Вельмі яны былі ўпартыя. Як што сабе ў галаву ўб’юць, што ты ім ні кажы, нікога слухаць не хацелі.

А яшчэ медзведзяняты вельмі любілі казкі. Кожны дзень на надворак да медзведзянят прылятала старая варона і баяла ім казкі. Аднаго разу сказала яна, што самую чароўную казку можна не толькі пачуць, але і пабачыць, калі пачынаецца першы снег. Першы снег паступова ахінае зямлю, накрывае дрэвы, камяні, высокую сухую траву, дахі дамоў і так апавядае чароўную казку. Кожны год першы снег бае новую казку, і той, хто яе пачуе і пабачыць, будзе сам складаць казкі.

Медзведзяняты ніколі не бачылі снегу і не ведалі, што такое зіма, бо толькі ўвесну выйшлі першы раз на надворак. Казка першага снегу была чароўнаю, таму захацелася медзведзянятам пабачыць і пачуць яе. А яшчэ медзведзянятам вельмі хацелася самім навучыцца расказваць казкі. Баяліся яны, што могуць прапусціць першы снег, а значыць, і прапусціць чароўную казачку.

Аднаго разу кажуць яны свайму тату-мядзведзю:

— Тата, мы хочам дачакацца першага снегу, таму мы не будзем спаць ні ўдзень, ні ўночы.

А тата тады ім адказвае:

— Сыночкі мае любыя, спаць трэба, каб быць дужымі і моцнымі. Калі вы спіце, то назапашваеце сілы, каб вучыцца, бегаць і весела бавіць час. Адпачынак патрэбны ўсім. Адпачываюць і набіраюцца сілаў праз сон жывёлы і расліны. Адпачынак і падзарадка патрэбныя сотавым тэлефонам, каб можна было гуляць у гульні і размаўляць. Нават вашыя машынкі на акумулятары павінны адпачыць і назапасіць электрычнасць, каб ездзіць. Не хвалюйцеся! Цяпер толькі пачатак восені, да першага снегу яшчэ далёка. Я вам скажу, калі будзе першы снег.

Што тата ні рабіў, як сваіх сыноў ні пераконваў, нічога не дапамагала. Медзведзяняты былі ўпартыя і не хацелі слухаць свайго тату. Таму яны не клаліся спаць ні ўдзень, ні ўночы, а ўсё цікавалі каля акна, калі будзе першы снег.

І вось аднойчы тата радасны прыйшоў ды кажа:

— Ну ўсё, мае сыночкі! Сёння пасля абеду пойдзе першы снег, так што рыхтуйцеся да казачкі.

Медзведзяняты добра пад’елі і селі ва ўтульнае крэсла, якое паставіў перад акном тата. І толькі яны ўладкаваліся і сабраліся былі глядзець казачку, як заплюшчылі вочкі і… заснулі. Яны доўга не спалі і таму мо-о-оцна змарыліся.

І як толькі медзведзяняты заплюшчылі вочкі, на зямлю пачалі ціха апускацца першыя сняжынкі, апавядаючы чароўную казку. Але медзведзяняты яе ўжо не бачылі і не чулі: яны ціха пасопвалі ў мяккім крэсле.

З гэтай пары медзведзяняты не могуць убачыць чароўную казачку, бо кожны год спяць цэлую зіму.

Нават самым упартым малюпахам варта прыслухоўвацца да таго, што кажуць іх бацькі, тады з’явяцца сілы вучыцца і свет змяняць, падурэць і казачку паглядзець.