Як Васіль змея перамог

Прыляцеў у адзін край страшэнны змей. Выкапаў ён сярод лесу ў гары глыбокую пячору і лёг адпачываць. Доўга ён адпачываў ці нядоўга — ніхто таго не памятае. А як устаў, дык адразу на ўвесь край закрычаў: 

— Гэй, людзі, мужыкі і кабеты, старыя і малыя, насіце мне кожны дзень даніну! Хто прынясе, той жыць будзе, а хто не — таго я праглыну! 

Напалохаліся людзі, пачалі насіць змею даніну.

Насілі, насілі, а потым глядзяць — і насіць няма чаго. А змей быў такі, што без даніны не мог пражыць і гадзіны. Пачаў ён тады сам па вёсках лятаць, людзей хапаць, у нару да сябе цягаць.

Няшчасныя людзі не ведаюць, як ад ліхога змея збавіцца. Ніхто не можа даць яму рады.

Жыў у тым краі адзін чалавек. Не сказаць каб дужы, але смелы і здагадлівы. Звалі яго Васіль.

Аднойчы Васіль і кажа суседзям: 

— Ну што ж, паспрабую хіба я са змеем сілаю памерацца! 

— Дзе табе з ім сілаю мерацца! — адказваюць суседзі.— Дарэмна толькі загінеш. 

— Нічога, — кажа Васіль, — у яго сіла, а ў мяне розум. Паглядзім, што мацнейшае.

Запрог ён каня, узяў тоўстую доўбню і паехаў у лес да змея.

Убачыў яго змей, вытрашчыў свае зялёныя вочы і пытаецца: 

— Чаго прыехаў? 

— Цябе біць! — адказвае Васіль. 

— Бач ты яго! — здзівіўся змей. — Уцякай лепш, пакуль не позна, бо як дыхну, як свісну, дык на нагах не ўстаіш, за сем вёрст адляціш! 

Усміхнуўся Васіль і кажа: 

— Не хваліся дарэмна, пудзіла ты старое, — я не такіх бачыў! Яшчэ паглядзім, хто з нас мацней свісне. Ну, свішчы!

Засвістаў змей, ды так моцна, што аж лісце з дрэў пасыпалася. А Васіль за дуб ухапіўся, стаіць сабе і хоць бы што.

— Э, — кажа ён, — глупства! Хіба так свішчуць? Паслухай лепш, як я свісну. Толькі раю: завяжы сабе вочы, бо адразу наверх павылазяць. 

Збянтэжыўся змей. «Можа, і праўда, — думае, — лепш завязаць вочы». 

Завязаў ён вочы анучаю. 

— Ну, цяпер свішчы сабе! 

Узяў Васіль доўбню, размахнуўся ды як свіснуў змею па галаве, дык у таго аж іскры з вачэй пасыпаліся.

Ачухаўся змей, дзівіцца на Васіля: 

— Няўжо ты дужэйшы за мяне? Не можа таго быць! Давай яшчэ раз сілу паспрабуем. 

— Давай, — згаджаецца Васіль. 

Схапіў змей камень, сціснуў лапамі, ды так моцна, што аж пыл пасыпаўся.

— Нічога дзіўнага! — смяецца Васіль. — Вось ты паспрабуй сціснуць камень так, каб з яго вада палілася. 

Развязаў Васіль торбу, выняў свежы сыр і сціснуў яго на ўсю сілу — сыроватка так і палілася.

Бачыць змей: Васіль і праўда дужэйшы за яго. Напалохаўся ён і кажа: 

— Прасі ў мяне што хочаш, я табе ўсё дам. 

— Нічога мне не трэба, — адказвае Васіль. — У мяне дома ўсяго больш, чым у цябе. 

— Не можа быць! — не верыць змей. 

— Не верыш, дык паедзем паглядзім. 

— Добра, паедзем.

Селі на воз і паехалі.

Тым часам у дарозе змею захацелася есці. Убачыў ён валоў і кажа Васілю: 

— Схадзі злаві вала, перакусім трохі. 

Пайшоў Васіль у лес і пачаў лыкі драць. 

Чакаў, чакаў змей — няма ні Васіля, ні вала. Прыйшоў ён сам у лес. 

— Што ты так доўга тут робіш? — пытаецца ў Васіля. 

— Лыкі дзяру. 

— Навошта? 

— Хачу вяровак навіць ды на абед валоў з пяць злавіць.

— Навошта нам пяць валоў? Хопіць і аднаго! 

Схапіў змей вала за карак і павалок да воза. 

— А ты, — кажа Васілю, — прынясі дроў вала смажыць.

Сеў Васіль у лесе пад дубам і сядзіць сабе, люлькаю пыхкае. 

Чакаў, чакаў яго змей — не дачакаўся. Зноў прыходзіць да Васіля. 

— Што ты так доўга тут робіш? 

— Ды вось выбіраю дубы таўсцейшыя — хачу адразу з дзясятак прынесці. 

— Навошта нам дзесяць дубоў? Хопіць і аднаго! 

Вырваў змей самы тоўсты дуб і панёс да воза. 

Засмажыў вала і кліча Васіля частавацца. 

— Э, — кажа Васіль, — што з аднаго вала за наедак? Гэта мне на раз укусіць. Еш сам. 

З'еў змей вала, і паехалі далей.

Пад'ехалі да Васілёвай хаты. Убачылі дзеці здалёк бацьку і закрычалі ад радасці: 

— Тата едзе! Тата едзе! 

А змей недачуў і пытаецца: 

— Чаго там дзеці крычаць? 

— А гэта яны радуюцца, што я цябе ім на абед вязу. Яны ў мяне даўно галодныя. 

Спалохаўся змей, саскочыў з воза і кінуўся наўцёкі. Так Васіль свой край ад змея вызваліў.