Стралец і рыбак
Былі ў бацькі два сыны. Выраслі яны, як дубы, а бацьку ўсё няма палёгкі.
Большы, праўда, старанны быў хлопец, ды вось бяда: змалку ўсё розныя пасткі майстраваў, а як падрос, дык дастаў сабе стрэльбу і не разлучаўся з ёю. Людзі на работу ідуць, а ён стрэльбу на плячо – ды шмыг у лес ці на балота. Цягаецца там увесь дзень, дахаты ж з пустымі рукамі ідзе, галодны, як воўк. Топча лапці, а прыбытку ніякага. Калі ж часам і ўпалюе якое зайчанё, дык хутчэй нясе пану, каб той даў пораху.
Перш сварыўся на яго бацька, потым бачыць: нічога не парадзіш, калі ў сына такая ахвота.
А меншы сын такі гультай удаўся, хоць ты яго з хаты гані. Дзень і ноч сядзіць з вудаю на рэчцы, за гаспадарку ж ані не бярэцца. Наловіць жменю пешкуроў ці яршоў – якая ад іх карысць? Хіба што кату паласавацца.
Пачаў і на яго бацька сварыцца, што толькі час марна траціць. Але меншы сын не слухае бацькі, бо вядома: ахвота горш няволі.
А каб апраўдацца перад бацькам, што з пустымі рукамі прыходзяць, выдумляюць сыны розныя прычыны.
Стралец расказвае:
– Сёння з самага ранку натрапіў я на чараду коз. Была там каза з казлянятамі ды стары казёл барадаты. Але толькі я злажыўся, каб выстраліць, ажно ў казла, ліха на яго, у ноздрах восы заказыталі. Ён як чмыхнуў, дык цэлы рой восаў вылецеў з ноздраў. Давай тыя восы казу з казлянятамі кусаць... Ну, яны і пасмалілі, як шалёныя, у гушчар. Я за імі. Выскачыў на палянку, а там стаіць на задніх лапах вялізны, як вол, мядзведзь. Бурчыць сярдзіта ды абараняецца пярэднімі лапамі ад чмялёў. Ну, думаю, гэта, відаць, толькі што выйшаў з яго чмяліны рой. У такі час мядзведзь вельмі злосны. Пабаяўся я страляць у яго, а хутчэй скокнуў на елку. Дык вось і сядзеў там, на елцы, увесь дзень, пакуль мядзведзь не сышоў...
Рыбак расказвае:
– Сяджу гэта я на беразе, цікую за паплаўком. Раптам нейкі шчупачышча цоп за кручок – і на дно! Я за вудзільна цягну, ажно жылы ў мяне трашчаць. Давалок да берага, а шчупак віль хвастом – і будзь здароў... Бадай цябе! Закінуў другі раз вуду. Зноў той шчупачышча папаўся. Падцягнуў яго да берага, хацеў рукамі ўхапіць, ды не ўстрымаўся – і шабулдых у ваду!.. Насілу жывы выкарабкаўся.
Слухае бацька сыноў ды толькі галавою круціць:
– Праўду бо людзі кажуць, што ў стральца дым густы, ды абед пусты, а рыбак як намочыцца, дык і рыбы яму не захочацца.
Думаў, думаў бацька, як яму сыноў адвучыць ад благой прывычкі, але нічога не можа прыдумаць. Аднойчы зайшоў да яго стары жабрак і папрасіўся нанач.
Разгаварыўся бацька з жабраком, на сыноў паскардзіўся.
– Выгадаваў, – кажа, – дзяцей, а падмогі на старасць ніякай. Бо, вядома, стралец страляе, а гаспадарка гуляе...
Выслухаў жабрак бацькаву скаргу і параіў, што яму зрабіць, каб прывучыць сыноў да гаспадаркі.
Назаўтра бацька кажа сынам:
– Вось што, сынкі, ёсць у мяне адна далёкая радня. Пайду я да яе. А вы сабе жывіце, як хочаце.
Сабраўся і пайшоў.
Засталіся сыны гаспадарамі.
Доўга яны гаспадарылі ці нядоўга, але хутка дажыліся так, што няма чаго, як кажуць, і ў рот палажыць. Пачалі браты спрачацца, хто вінаваты. Спрачаліся, а праўды так і не знайшлі.
Толькі вось праз некаторы час зноў зайшоў да іх той стары жабрак.
Ну, вядома, трэба пакарміць падарожнага чалавека. А ў братоў ані кавалка хлеба.
Стралец дакарае брата:
– Няхай бы ты хоць якую людскую рыбіну злавіў, каб было чым чужога чалавека прыняць.
Рыбак адказвае стральцу:
– Няхай бы ты хоць якое казлянё падстрэліў...
Паслухаў іх жабрак і кажа:
– Дзякую вам, хлопчыкі, за клопат. Ёсць у мяне хлеб, што добрыя людзі далі.
Дастаў ён з торбы хлеб, сала і пачаў частаваць стральца і рыбака. Сорамна ім прымаць пачостку ад жабрака, ды голад не цётка.
Накінуліся браты на жабракову торбу і як бачыш усю апрасталі.
– Чаму вы такія бедныя? – пытаецца ў іх жабрак. – Хіба ў вас няшчасце якое ці што?
Браты цяжка ўздыхнулі:
– Зусім прапала наша гаспадарка...
– А як жа вы раней жылі?
– Бацька гаспадарыў, дык хлеб і вёўся.
– А што ён, ваш бацька, малады ці стары?
– Ды зусім стары ўжо...
– Вось бачыце, – кажа жабрак, – ён стары, ды гаспадаркаю карміўся сам і вас карміў. А вы маладыя, дужыя і без хлеба галееце...
Брыдка стала братам, радзей пачалі яны са стрэльбай ды вудай цягацца, а больш гаспадаркай займацца.
Мінуў год, і зажылі яны зноў як трэба.
Тым часам вярнуўся бацька з гасцей. Паглядзеў: гаспадарка як мае быць! Узрадаваўся ён і кажа да сыноў:
– Вось цяпер я магу спакойна і паміраць, бо бачу, што вы розуму набраліся: ловіце, страляеце і гаспадарку даглядаеце.