Калыханка (Данчык, Валеры Дайнека), музыка Зьмітра Яўтуховіча, словы Леаніда Пранчака
 
Цудоўная дзіцячая песенька зьявілася ў рэпэртуары беларускага сьпевака, народжанага ў Нью-Ёрку, калі ён першы раз завітаў у Менск у 1989 годзе. Аўтар «Калыханкі» Зьміцер Яўтуховіч прапанаваў яе Данчыку і тут жа яна была запісаная на студыі з клявішамі Яўтуховіча і ледзьве заўважным бэк-вакалам Барткевіча. Выкананьне было настолькі чульлівым і кранальным, што беларускія дзеткі адразу ж прызналі песьню сваёй — пэўны момант яна гучала ў застаўцы да «Калыханкі» на беларускім тэлебачаньні і радыё ды ўвайшла ў трэцюю кружэлку сьпевака «Мы яшчэ сустрэнемся» (1992), выдадзеную ў ЗША. У 1993 годзе гэты сьпеў па-свойму кранальна выканаў таксама Валеры Дайнека.
 
Баю-баю, люлі-люлі,
Гэта песенька матулі.
Закрывайце дзеткі, вочы,
Добрай ночы, добрай,
Добрай ночы, добрай ночы.
 
Спіць над лесам аблачынка,
Засынай, мая дзяўчынка,
Добрай ночы, добрай ночы,
Засынай, мой любы хлопчык.
 
Дзед Баюн не спачывае —
Калыханку дзеткам бае.
Засынайце, калі ласка,
Вам прысніцца ўночы,
Вам прысніцца ўночы казка.
 
Спіць над лесам аблачынка,
Засынай, мая дзяўчынка.
Добрай ночы, добрай ночы,
Засынай, мой любы хлопчык.