У аркестры
Шум
Ды звон -
Запазніўся
Камертон.
Хоць на месцы
Інструменты,
Толькі не пачнеш
Канцэрта,
Бо ўсім
Тон
Задае
Камертон.
Інструментам
Не сядзіцца,
Між сабой
Давай хваліцца.
 
КЛАРНЕТ
- Калі ласка,
Слова мне, -
Першы выгукнуў
Кларнет. -
Я за ўсіх,
Сябры,
Жывей.
Я за ўсіх,
Сябры,
Жвавей!
Недарэмна
Хляпчаняты
Называюць
Языкатым.
Калі шчыра
Вам прызнацца -
Са мной флейце
І раўняцца.
 
ВІБРАФОН
- Я - Лесвічка
Званчастая,
Прыступачкамі
Частая.
Мой мілагучны
Звон, -
Празвінеў
Вібрафон.
 
ТУБА
- Ту-ба,
Прабасіла раптам
Туба.
А ці ёсць
Сярод вас
Гэткі ж
Гучны,
Як мой,
Бас?
 
КАСТАНЬЕТЫ
-Родны край -
За дальняй даллю.
Мы
З Іспаніі
Прымчалі.
Падыграем танцу -
"Брава!",
Мы заручаны
Са славай!
 
ВІЯЛАНЧЭЛЬ
- Больш я скрыпкі,
Больш альта,
Мяне слухаць
Любата!
Канкурэнт жа мой
Адвечны -
Толькі голас
Чалавечы.
 
ЛІТАЎРЫ
Мы заўсёды -
Пара.
Разам
Як ударым -
Загрукоча
Гром,
Скаланецца
Дом!
 
ПІЯНІНА
- Не хваліся ты
Замнога, -
Піяніна
Кажа строга. -
Карыстаюся
Даверам -
Хто мне пара
Па памеры.
Гучных струн
Хто столькі мае?
Мяне кожны
Паважае.
 
ФЛЕЙТА
Птушкай песня
Узнялася -
Гэта
Флейта
Залілася:
- Як падобна
Я
На самога
Салаўя.
 
КАНТРАБАС
- Слова даць
Даўно мне час, -
Гулка крэкнуў
Кантрабас. -
Я,
Як струнных дзед,
Параю:
Камертона
Пачакаем!
 
БАРАБАН
- Голас мой -
Раскаты грому -
Добра кожнаму
Вядомы.
Загрымлю я так
Заўзята,
Быццам стрэл
Самой гарматы.
 
ФАГОТ
- У аркестры
Не "зялёны".
Зроблен з лепшага я
Клёну.
Я ніколі
Не змаўчу:
Усё бурчу,
Бурчу,
Бурчу...
 
ТАМТАМ
- То не шум,
То не гам -
Граю,
Граю
Я
Тамтам.
Гэта трэба
Ўмець,
Пра што граю,
Зразумець.
 
АРФА
- Хто,
Скажыце,
Не зайздросціць
Маёй дзіўнай
Прыгажосці?
Толькі чую
Справа,
Злева:
- Каралева!
Каралева!
 
Знаў у зале
Шум
Ды звон -
Выцер пот
Камертон.
Вельмі важны
Ён -
Задае аркестру
Тон:
-Ўсе на месцы
Інструменты.
Ўсё гатова
Да канцэрт?
Дружна
"ЛЯ"
Узялі!
Пачалі!
Паляцела птушкай
Песня.
Стала песні
Ў зале цесна.
Сонца над зямлёй
Палае,
Песня над зямлёй
Лунае!