Год
Ахвочы да прыгод
Круціць, кружыць карагод.
Пачынае пералік:
Студзень,
Люты,
Сакавік.
Студзень студзіць
Рунь густую.
Люты злосны,
Ён лютуе.
Сок пускае сакавік —
Да салодкага прывык.
Следам з краскай
Красавік,
І лясун,
І палявік.
Травень-май
Траву лагодзіць.
Чэрвень
З чырванню прыходзіць.
Ліпень
Ліпам цвет прыносіць.
Жнівень жне,
Атаву косіць.
Раіць
Верасень вясёлы:
Хай лятуць на ўзлесак
Пчолы.
Там не зябнуць
Ад расы,
Зацвітаюць верасы.
І кастрычнік не гуляе —
Клопату з ільном хапае.
Разлятаюцца кастрынкі,
Як халодныя іскрынкі.
Лістапад
Надвор’ем мглістым
Высцілае сцежкі
Лістам.
Снежань-лежань
Снег трасе.
Вось вам месяцы
І ўсе.
І нанова
Кожны год
Пачынае карагод.