Дзень заняўся рана-рана.
Прачынаецца паляна.
Тут сабраліся звяры:
Хто - з бярлогі, хто - з нары.
 
Да калматых пад сасонку
Прыляцеў удод спрасонку,
Сеў на пень, узяў дуду:
- Эх, развею вам нуду!
 
Скалыхнуўся бор высокі.
Пачала зайчыха скокі.
Побач з ёй ідзе ліса -
Хвост палае ў верасах.
 
Не ўцярпелі і суседзі:
Дзік з ласём, алень з мядзведзем
Сталі дружна ў карагод, -
Весялей іграй, удод!