Адважны кравец
Аднойчы летняй раніцай сядзеў кравец за сваім сталом ля акна, ён быў у гуморы і шыў што было сілы. А тут якраз па вуліцы праходзіла сялянка і крычала:
– Варэнне, варэнне, каму варэнне!
Краўцу гэты крык прыйшоўся даспадобы, ён высунуўся з акна і крыкнуў:
– Давай сюды, гаспадынька, тут ёсць каму купіць твой тавар!
Сялянка са сваім цяжкім кашом паднялася па сходах да краўца, яна адолела тры рады сходаў, каб выставіць перад ім свае гаршкі. Ён агледзеў іх усе, паднёс да носа і нарэшце сказаў:
– Варэнне, здаецца, добрае, узваж мне лоты з чатыры, гаспадынька, а калі і чвэрць фунту, то таксама няблага будзе.
Сялянка, якая спадзявалася прадаць тут шмат тавару, дала яму столькі, колькі ён хацеў, але ж пайшла ад яго раззлаваная, прабурчаўшы на развітанне пару не надта прыемных словаў.
– Ну, паямо з божае ласкі! – усклікнуў кравец. – Падсілкуемся на славу!
Ён узяў з шафы хлеб, адрэзаў сабе палову бохана і нашмараваў яе варэннем.
– Думаю, на смак гэта будзе тое, што трэба, – прамовіў ён. – Але перш чым адкусіць, дашыю я тую камізэльку.
Ён паклаў хлеб побач, стаў шыць далей і рабіў ад радасці ўсё шырэйшыя і шырэйшыя шыўкі. А між тым пах салодкага варэння адчулі мухі, што сядзелі цэлым роем на сценах, і яны зляцеліся на той намазаны варэннем кавалак цэлай хмараю.
– Гэй, а вас хто сюды запрашаў? – сказаў кравец і пачаў праганяць няпрошаных гасцей.
Але мухі, якія не разумелі па-нямецку, не здаваліся і наляталі ўсё большымі і большымі кампаніямі. Тут ужо кравец не вытрываў, схапіў анучу, застыў на імгненне і з крыкам: “Пачакайце, вось ужо я вам пакажу!” – як плясне бязлітасна па мухах! Калі падняў анучу, бачыць – ажно сямёра ворагаў ляжаць забітыя.
– Ну ці ж я не зух? – сказаў кравец і сам падзівіўся сваёй адвазе. – Увесь горад мусіць даведацца пра гэта.
Ён хуценька выкраіў шырокі пояс і вышыў на ім вялікімі літарамі: “Семярых за раз!”
– Ды што там горад! – сказаў кравец, падумаўшы. – Увесь свет павінен гэта ведаць!
І ягонае сэрца забілася, як ягнячы хвосцік.
Кравец аперазаўся сваім поясам і вырашыў пайсці па белым свеце, бо прыйшоў да высновы, што майстэрня занадта малая для ягонай адвагі. Але перш чым выправіцца ў дарогу ён пашукаў у доме, ці няма там чагосьці, што ён мог бы ўзяць з сабой. Ды, на жаль, не знайшоў нічога, апрача кавалка старога сыру, які ён сунуў сабе ў кішэнь. Перад брамаю ён заўважыў птушку, якая заблыталася ў кустоўі, і яе таксама сунуў туды, дзе ўжо ляжаў сыр. Тады ўжо вырушыў у дарогу, і такі ён быў сёння лёгкі на ногі і спрытны, што не адчуваў ніякае стомы. Дарога прывяла яго на гару, і калі ён дайшоў да вяршыні, там сядзеў асілак і спакойна пазіраў вакол сябе. Кравец падышоў да яго і загаварыў:
– Добрага дня, таварышу! Што сядзіш, на свет глядзіш? Я вось хачу па белым свеце павандраваць, сябе паспрабаваць, хочаш, хадзем разам?
Асілак пагардліва зірнуў на краўца і сказаў:
– Ты ўбогі чарвяк! Нікчэмны чалавечак!
– Ну ты асцярожней, – адказаў кравец, расшпіліў каптан і паказаў асілку свой пояс. – Можаш прачытаць вось тут, што я за чалавек.
Асілак прачытаў: “Семярых за раз”, – падумаў, што гаворка ідзе пра людзей, якіх кравец забіў адным ударам, і адчуў пэўную павагу да малога хлопца. Але спачатку ён захацеў праверыць, на што здатны гэты чалавечак, узяў у руку камень і сціснуў яго, ды так, што з каменя закапала вада.
– Давай, зрабі тое самае, – сказаў асілак, – калі маеш сілу ў руках.
– І гэта ўсё? – сказаў кравец. – Ды гэта ж дзіцячая забава!
Ён палез у кішэнь, дастаў сыр і сціснуў яго так, што сок паліўся.
– Ну што, – сказаў ён, – у мяне трохі лепш атрымалася, га?
Асілак не ведаў, што яму сказаць, і ніяк не мог паверыць гэтаму чалавечку. Тады асілак падняў камень і падкінуў яго так высока, што яго немагчыма было ўбачыць.
– Ну, казяўка, падкінь так, як я!
– Добра кінута, – сказаў кравец. – Але гэты камень на зямлю ўсё адно ўпадзе, а я табе зараз так падкіну, што мой камень назад ужо не вернецца.
Ён палез у кішэнь, узяў птушку і падкінуў яе ў паветра. Птушка, радая, што апынулася на волі, узмыла ў паветра, паляцела і больш ужо не вярнулася.
– Ну, як табе, дружа? – спытаў кравец.
– Кідаць ты ўмееш, – сказаў асілак. – Але зараз паглядзім, ці можаш ты падымаць цяжар.
Ён падвёў краўца да вялізнага дуба, які ляжаў на зямлі, і сказаў:
– Калі ты дастаткова дужы, дапамажы мне выцягнуць гэтае дрэва з лесу.
– З ахвотай, – адказаў маленькі кравец. – Ты вазьмі на плячо камель, а я ўжо панясу ўсё галлё і вершаліну, гэта ж найцяжэйшае.
Асілак узяў камель на плячо, а кравец усеўся на галіне, і асілак, які не мог азірнуцца, мусіў цягнуць на сабе цэлае дрэва ды яшчэ краўца на ім. Сядзець за спінай у асілка было весела, кравец быў у найлепшым настроі і нават пачаў насвістваць песеньку “Выяжджалі краўцы з брамы”, быццам несці дрэва было для яго дзіцячай забавай. Пасля таго, як асілак пранёс цяжкі груз на ладную адлегласць, ён спыніўся, бо не мог ісці далей, і закрычаў:
– Слухай, я зараз кіну гэтае дрэва!
Кравец адразу ж саскочыў з галіны, абхапіў дрэва абедзвюма рукамі, нібы ён яго ўвесь час нёс, і сказаў асілку:
– Эх ты, такі здаровы хлопец, а змарыўся ад нейкага дрэўца.
Рушылі яны далей, і калі дайшлі да вішнёвага дрэва, асілак ухапіўся за яго вершаліну, на якой былі самыя спелыя вішні, нахіліў яго, даў краўцу патрымаць вершаліну ў руках і пачаў частаваць яго вішнямі. Але ў краўца не было моцы ўтрымаць дрэва, і калі асілак выпусціў яго з рук, вішня разагнулася і падкінула краўца ўгару. Калі ж ён без усялякай шкоды зноў саскочыў з дрэва на зямлю, асілак запытыўся:
– Гэта што такое? Ты што ж, не маеш сілы ўтрымаць гэты дубец?
– Ды не, сілы хапае, – адказаў кравец. – Ты што, думаеш, для таго, хто семярых за раз пакладзе, гэта цяжкая задача? Я проста цераз дрэва пераскочыў, бо пабачыў паляўнічых, якія страляюць у кусты пад ім. Вось пераскоч цераз дрэва, здолееш?
Асілак паспрабаваў, але пераскочыць не здолеў, застаўся вісець на галінах, так што кравец і тут яго перамог.
– Ну, калі ты такі адважны хлопец, – сказаў асілак, – хадзем у маю пячору, пераначуй у нас
Кравец пагадзіўся і пайшоў з асілкам. Калі яны прыйшлі ў пячору, там каля вогнішча сядзелі іншыя асілкі, у кожнага ў руках было па смажанай авечцы і яны акурат падсілкоўваліся гэтым мясам. Кравец агледзеўся навокал і падумаў: “А тут месца болей будзе, чым у маёй майстэрні”. Асілак паказаў яму ложак і сказаў, каб кравец клаўся і выспаўся як след. Але краўцу ложак быў завялікі, і ён проста залез у кут пячоры. Калі надышла поўнач і асілак думаў, што кравец моцна спіць, ён падняўся, узяў вялікі жалезны кол і адным ударам перабіў ложак напалам, падумаўшы, што ўжо зараз ён дакладна выбіў дух з гэтай казюркі. Уранні асілкі выправіліся ў лес, пра краўца яны зусім забыліся, а тут ён выходзіць, вясёлы і бесклапотны. Асілкі спалохаліся, што ён іх усіх пераб’е, і разбегліся ад яго ў жаху ва ўсе бакі.
А кравец далей пайшоў, куды вочы глядзяць. Доўга ён ішоў, нарэшце прыйшоў у двор каралеўскага палаца і, адчуўшы, як змарыўся, паваліўся ў траву і заснуў. Пакуль ён там ляжаў, прыйшлі каралеўскія слугі, агледзелі краўца з усіх бакоў і прачыталі на пасе: “Семярых за раз”.
– Вох, – сказалі яны. – Што трэба гэтаму герою ў нашым мірным краі? Гэта, відаць, нейкі магутны пан?
Яны пайшлі да караля і даклалі яму, дадаўшы, што той прышлы чалавек быў бы дужа карысны каралеўству ў выпадку якой вайны і адпускаць яго не варта. Кароль паслухаўся парады і паслаў да краўца аднаго са сваіх прыдворных, які меўся, калі кравец прачнецца, прапанаваць чужынцу вайсковую службу. Пасланец пастаяў каля краўца, пачакаў, пакуль той прачнецца і адплюшчыць вочы, і перадаў каралеўскую прапанову.
– Я дзеля гэтага і прыйшоў сюды, – адказаў кравец. – І гатовы хоць зараз паступіць на каралеўскую службу.
У палацы краўца чакаў урачысты прыём, яму былі выдзеленыя асобныя пакоі.
Каралеўскія генералы былі, аднак, дужа незадаволеныя з’яўленнем краўца і ад усёй душы жадалі, каб ён як мага хутчэй адсюль з’ехаў.
– Што ж гэта такое? – гаварылі яны між сабою. – Калі мы з ім раптам пасварымся, дык ён семярых з нашых за раз пакладзе. Як жа нам з ім цягацца?
Тады яны вырашылі ўсе разам пайсці да караля і папрасіць звольніць іх са службы.
– Куды ж нам спаборнічаць з тым, хто семярых за раз забівае, – сказалі яны.
Кароль засмуціўся: дзеля аднаго прышлага асілка ён павінен страціць столькі верных слуг. “Вочы б мае яго не бачылі”, – падумаў ён і вырашыў ад краўца пазбавіцца. Але ён не наважыўся адразу даць яму адстаўку, бо баяўся, што кравец тады пераб’е ўсё яго войска і яго самога скіне з каралеўскага пасаду. Доўга кароль абдумваў гэтую справу і нарэшце прыдумаў, што рабіць. Паслаў ён да краўца слуг і загадаў перадаць: калі кравец такі герой, дык хай тады пазбавіць каралеўства ад двух самых магутных злодзеяў. Тыя жывуць у адным з лясоў і робяць каралеўству вялікую шкоду разбойніцтвам, забойствамі, спусташэннямі і падпаламі, ніхто не можа да іх наблізіцца без рызыкі для жыцця. Калі кравец адолее абодвух гэтых асілкаў, тады кароль аддасць за яго сваю дачку і палову каралеўства ў пасаг. У падмогу краўцу было дадзена сто вершнікаў. “Гэта было б няблага для такога чалавека, як ты, – сказаў сам сабе кравец. – Прыгажуню каралеўскую дачку і паўкаралеўства прапануюць не кожны дзень”.
– Згода! – сказаў ён у адказ. – Асілкаў я адолею, а ў сотні вершнікаў патрэбы не маю: хто семярых за раз забівае, таму не выпадае дваіх баяцца.
Кравец выправіўся ў дарогу, а сотня вершнікаў паехала за ім следам. Калі ён пад’ехаў да краю лесу, то сказаў сваім спадарожнікам:
– Вы заставайцеся тут, а я ўжо сам тым асілкам дам рады.
Увайшоў ён у лес і пачаў у аглядацца. Праз нейкі час ён убачыў абодвух асілкаў: яны ляжалі пад дрэвам і спалі, ды пры гэтым храплі так, што галіны над імі калыхаліся. Кравец, не доўга думаючы, набіў кішэні камянямі і залез на дрэва. Калі ён апынуўся на сярэдзіне, то спусціўся на галіну, што была над самымі асілкамі, і стаў кідаць аднаму асілку на грудзі камень за каменем. Асілак доўга нічога не адчуваў, але ўрэшце прачнуўся, штурхнуў свайго прыяцеля і сказаў:
– Ты чаго мяне б’еш?
– Табе прыснілася, – сказаў другі. – Не біў я цябе.
Яны зноў леглі спаць, і тут кравец стаў кідаць камяні на другога асілка.
– Гэта яшчэ што такое! – закрычаў гэты асілак. – Ты чаго камянямі кідаешся?
– Ды не кідаюся я, – прабурчаў першы.
Яны палаяліся між сабой трохі, але былі такія стомленыя, што зноў прылеглі і вочы іхнія зноў заплюшчыліся. Кравец жа зноў распачаў сваю гульню, адшукаў самы вялікі камень і кінуў яго з усяе моцы першаму асілку ў грудзі.
– Ну гэта ўжо занадта! – закрычаў асілак, ускочыў, як звар’яцелы, і так штурхнуў свайго прыяцеля на камель дрэва, што тое ажно загайдалася. Прыяцель адплаціў яму той самай манетай, і іх апанавала такое шаленства, што яны пачалі вырываць дрэвы і біць тымі дрэвамі адно аднога, ды так доўга, што ў рэшце рэшт абодва паваліліся мёртвыя на зямлю. Тады кравец саскочыў з дрэва. “Пашанцавала мне, – сказаў ён, – што яны не вырвалі з зямлі тое дрэва, на якім я сядзеў, інакш бы давялося мне, як вавёрцы, скакаць на іншае, ну ды мы спрытныя і ў такіх справах!” Ён вынуў свой меч і па некалькі разоў моцна ударыў ім кожнага асілка ў грудзі, потым вярнуўся да вершнікаў і сказаў:
– Праца зробленая, я з абодвух выбіў дух, але ж і ўпартая была барацьба: яны, калі адчулі, што іхныя справы дрэнь, сталі вырываць дрэвы, каб імі бараніцца, але ж і гэта не дапамагае, калі прыходзіць такі, як я, хто семярых за раз кладзе.
– І вы не паранены? – спыталі вершнікі.
– Усё як мае быць, – адказаў кравец. – Ні валаска з галавы не ўпала.
Вершнікі не паверылі яму і паехалі ў лес, там яны ўбачылі асілкаў у лужыне крыві, і вакол іх – вырваныя з карэннем дрэвы.
Кравец запатрабаваў ад караля паабяцаную ўзнагароду, але той пачаў шкадаваць аб сваім абяцанні і думаць, як яму пазбавіцца ад героя.
– Перад тым, як ты атрымаеш маю дачку і палову каралеўства, – сказаў кароль, – мусіш здзейсніць яшчэ адзін подзвіг. У лесе бегае адзінарог, які робіць вялікую шкоду, ты павінен яго злавіць.
– Нейкага там адзінарога я баюся яшчэ менш, чым двух асілкаў; семярых за раз – вось гэта па мне!
Узяў кравец вяроўку, узяў сякеру, накіраваўся ў лес і сказаў тым, хто яго суправаджаў, пачакаць перад лесам. Яму не давялося доўга шукаць, адзінарог сам прыйшоў да яго і скочыў на краўца, быццам хацеў яго без усялякіх доўгіх размоваў прыкончыць на месцы.
– Чакай, чакай, – сказаў кравец. – Нельга ж так хутка.
Ён застаўся стаяць і пачакаў, пакуль звер падыдзе зусім блізка, а потым кінуўся за дрэва. Адзінарог наляцеў з усяе моцы на дрэва і так глыбока ўсадзіў у камель свой рог, што не меў больш сілы, каб яго выцягнуць. Гэтак звер быў злоўлены.
– Папалася птушачка, – сказаў кравец, выйшаў з-за дрэва, абвязаў шыю адзінарога вяроўкай, потым вызваліў сякераю рог з дрэва і калі ўсё было гатова, вывеў звера з лесу і прывёў яго да караля.
Кароль і тады не захацеў узнагародзіць краўца, як абяцаў, і прыдумаў трэцяе выпрабаванне. Кравец мусіў перад вяселлем злавіць дзіка, які рабіў у лесе вялікую шкоду; каралеўскія паляўнічыя мусілі яму дапамагаць.
– З прыемнасцю, – сказаў кравец. – Гэта ж дзіцячая забава.
Паляўнічых ён з сабой у лес не ўзяў, і яны былі гэтаму дужа радыя, бо дзік ужо не раз сустракаў іх у лесе, і яны не мелі ніякага жадання за ім ганяцца. Калі дзік пабачыў краўца, то пабег на яго з пенаю ў пашчы і ашчэранымі ікламі ды хацеў паваліць яго на зямлю, але герой скочыў у капліцу, якая была паблізу, і з той капліцы адным махам выскачыў праз акно наверсе. Дзік кінуўся за ім, але кравец паспеў аббегчы капліцу і замкнуць дзверы. І гэтак шалёны звер быў злоўлены, бо выскачыць у акно праз сваю вагу і няспрытнасць ён быў няздольны. Кравец паклікаў паляўнічых, каб яны на свае вочы пабачылі палоннага, а сам выправіўся да караля, які цяпер, хацелася яму ці не, мусіў стрымаць абяцанне і аддаць краўцу сваю дачку і палову каралеўства. Калі б ён ведаў, што перад ім ніякі не герой-змагар, а кравец, было б яму яшчэ цяжэй на сэрцы. Так што вяселле згулялі з вялікай раскошаю і малой радасцю, і кравец зрабіўся каралём.
Праз нейкі час маладая каралева пачула ўначы, як яе муж кажа ў сне:
– Гэй, хлапец, пашый мне камізэльку і зацыруй штаны, а то атрымаеш па вушах!
Тут яна здагадалася, у якім завулку нарадзіўся малады кароль, паскардзілася раніцай бацьку і папрасіла, каб той дапамог ёй пазбавіцца ад мужа, які быў нікім іншым, як звычайным краўцом. Кароль пастараўся яе суцешыць і сказаў:
– Наступнай ноччу пакінь спальню адчыненай, мае слугі будуць стаяць звонку і, калі ён засне, зойдуць, скруцяць яго і занясуць на карабель, што плыве на край свету.
Жонка была гэтаму радая, але адзін са збраяносцаў маладога караля, які ўсё чуў, быў адданы маладому гаспадару і распавёў яму пра ўсю задуму.
– Гэтаму я дам рады, – сказаў кравец.
Увечары ён лёг у звыклы час з жонкаю ў ложак; калі яна падумала, што ён заснуў, то паднялася, адчыніла дзверы і зноў легла. Кравец, які толькі ўдаваў, што спіць, пачаў крычаць:
– Хлопец, пашый мне камізэльку і зацыруй штаны, а то атрымаеш па вушах! Я семярых за раз паклаў, двух асілкаў забіў, адзінарога прывёў, дзіка злавіў – дык ці мне баяцца тых, хто там за дзвярыма стаіць!
Калі слугі пачулі, што кажа кравец, апанаваў іх жах, яны пабеглі, нібы за імі нячыстая сіла пагналася, і ніхто больш не наважваўся падняць на краўца руку. Так і застаўся кравец каралём на ўсё жыццё.