Хлопчык з пальчык
Жыў адзін бедны селянін, які сядзеў аднойчы ўвечары ля агню і варушыў дровы, а жонка сядзела і прала. І тут селянін сказаў:
– Як гэта сумна, што мы не маем дзяцей! Так ціха ў нас, а ў іншых дамох так весела і шумна!
– Так, – адказала жонка і ўздыхнула. – Калі б толькі было ў нас адно дзіцятка, хай бы і самае малое, ростам з вялікі палец, я б ужо была шчаслівая, мы б любілі яго ўсім сэрцам.
Вось і здарылася так, што жонка стала нейкая хваравітая, а праз сем месяцаў нарадзіла дзіця, якое было цалкам звычайнае, але пры гэтым не большае за вялікі палец. Тады яны сказалі:
– Усё так, як мы й пажадалі, дык хай гэта будзе нашае дзіця, – і назвалі яго па ягоным выглядзе – Хлопчык-з-пальчык.
Яны не шкадавалі яму ежы, але дзіця не рабілася большае, а заставалася такое, як і было ў першыя гадзіны свайго жыцця, але ж глядзела яно сваімі вачыма цалкам разумна і неўзабаве выявіла сябе разумнай і паважнай істотай, якой удавалася ўсё, што б яна ні пачынала.
Аднойчы сабраўся селянін ісці ў лес па дровы і сказаў сам сабе:
– Каб жа нехта па мяне на драбінах прыехаў!
– О бацька, – усклікнуў хлопчык-з-пальчык. – Я прывязу драбіны, скажыце толькі, калі яны мусяць быць у лесе.
Тады селянін засмяяўся і сказаў:
– Як гэта: ты ж занадта малы, каб даць рады каню і аброці!
– Такой бяды, бацька, калі толькі маці запражэ, я залезу каню ў вуха і скажу яму, што рабіць.
– Ну, – сказаў бацька, – давай паспрабуем.
Праз гадзіну маці запрагла каня і пасадзіла хлопчыка-з-пальчык каню ў вуха, і тады малы закрычаў, каб конь крануўся з месца. Усё прайшло як мае быць, нібы канём кіраваў сапраўдны фурман, драбіны паехалі ў лес, менавіта туды, куды трэба. Але здарылася так, што трэба было павярнуць, і малы крыкнуў каню:
– Паварочвай!
А тут якраз міма ішлі двое незнаёмцаў.
– Вось дык дзіва! – усклікнуў адзін. – Што такое? Драбіны едуць, фурман каню крычыць, але ж нікога не відаць.
– Гэтага не можа быць, – сказаў другі. – Пойдзем за драбінамі і паглядзім, дзе яны спыняцца.
Драбіны праехалі праз увесь лес і спыніліся акурат там, дзе секлі дрэвы. Калі хлопчык-з-пальчык пабачыў свайго бацьку, то крыкнуў яму:
– Бачыш, вось і я з драбінамі, спусці мяне цяпер уніз.
Бацька ўхапіўся за каня левай рукой, а правай выцягнуў свайго сыночка, які весела ўсеўся на саломінцы. Калі абодва чужынцы пабачылі хлопчыка-з-пальчык, то не ведалі, што сказаць ад здзіўлення. Тады першы адвёў другога ўбок і сказаў:
– Слухай, гэты малы прынясе нам удачу, будзем паказваць яго ў вялікім горадзе за грошы; давай яго купім!
Яны пайшлі да селяніна і сказалі:
– Прадай нам гэтага чалавечка, яму будзе ў нас добра.
– Не, – адказаў бацька. – Ён адзінае шчасце майго сэрца, і я яго ні за што ў свеце не аддам!
Але калі хлопчык-з-пальчык пабачыў гэты гандаль, то ускараскаўся па складках бацькавага каптана наверх, сеў яму на плячо і прашаптаў на вуха:
– Бацька, аддай мяне ім, я да цябе вярнуся.
Тады бацька аддаў чужынцам яго за добрыя грошы.
– Дзе ты хочаш сядзець? – спытаўся адзін з прайдзісветаў.
– Ах, пасадзіце мяне на край вашага капелюша, тады я змагу хадзіць сюды-туды, аглядаць мясцовасць і не ўпаду.
Яны выканалі яго жаданне, і калі хлопчык-з-пальчык развітаўся з бацькам, вырушылі ў дарогу. Яны ішлі, пакуль не стала цямнець, і тады малы сказаў:
– Здыміце мяне, мне трэба па вялікай патрэбе.
– Заставайся наверсе, – сказаў той чалавек, на чыім капелюшы ён сядзеў. – Мне ніякай шкоды з гэтага не будзе, птушкі таксама часам робяць гэта на мой капялюш, такой бяды.
– Не, – сказаў хлопчык-з-пальчык, – я ведаю, як сябе паводзіць, хуценька спусціце мяне.
Чалавек зняў капялюш і пасадзіў малога на поле, што было абапал дарогі, тут малы скочыў убок, прапоўз трошкі між камякамі зямлі і праслізнуў раптам у мышыную норку, якую ён знайшоў.
– Прыемнага вам вечара, панове, ідзіце дадому, але без мяне, – крыкнуў ён ім са смехам.
Яны падышлі і сталі тыкаць кіямі ў нару, але гэта быў марны клопат, хлопчык-з-пальчык запаўзаў усё далей, а звонку стала ўжо зусім цёмна, дык і пайшлі абодва прайдзісветы прэч, злосныя і з пустым кашальком.
Калі хлопчык-з-пальчык зразумеў, што яны сышлі, то вылез з падземнага ходу.
– Так ісці па полі ў цемры небяспечна, – сказаў ён. – Можна пераламаць сабе шыю і ногі.
На шчасце, ён наткнуўся на пустую слімакову хатку.
Дзякуй Богу! – сказаў ён. – Тут я магу спакойна пераначаваць.
І залез усярэдзіну. Толькі ён ужо збіраўся заснуць, як пачуў галасы двух мужчын, якія праходзілі міма. Адзін сказаў:
– Як жа нам сцягнуць у гэтага багатага пастара золата і срэбра?
– Я магу табе падкінуць ідэйку, – падаў голас хлопчык-з-пальчык.
– Што гэта? – сказаў злодзей спалохана. – Я чую, як нехта размаўляе.
Яны спыніліся і сталі прыслухоўвацца, і тут хлопчык-з-пальчык зноў сказаў:
– Вазьміце мяне з сабой, я вам дапамагу.
– Дзе ж ты?
– Пашукайце на зямлі і паглядзіце, адкуль ідзе голас, – адказаў ён.
Тут злодзеі ўрэшце знайшлі яго і паднялі наверх.
– Эй, малеча, як ты можаш нам дапамагчы? – сказалі яны.
– Глядзіце, – адказаў ён. – Я прапаўзу паміж жалезных прутоў у камору пастара і прынясу вам усё, што вы хочаце.
– Добра, – сказалі яны. – Паглядзім, на што ты здольны.
Калі яны прыйшлі да дому пастара, хлопчык-з-пальчык прапоўз у камору, але тут жа закрычаў з усяе моцы:
– Вам трэба ўсё, што тут ёсць?
Злодзеі спалохаліся і сказалі:
– Ды гавары ж ціха, каб ніхто не прачнуўся!
Але хлопчык-з-пальчык зрабіў выгляд, што нічога не зразумеў, і зноў закрычаў:
– Дык што цягнуць? Усё, што тут ёсць?
Гэта пачула кухарка, якая спала ў суседнім пакоі, яна паднялася з ложка і прыслухалася. Але злодзеі ад страху адбеглі далей. У рэшце рэшт яны сабралі ўсю сваю мужнасць і падумалі:
– Малы проста хоча насмяяцца з нас.
Яны вярнуліся і зашапталі яму:
– Будзь сур’ёзны і цягні сюды рэчы!
Тады хлопчык-з-пальчык закрычаў яшчэ раз, гэтым разам так гучна, як толькі мог:
– Я выцягну ўсё, толькі засуньце сюды рукі!
Служанка, якая прыслухоўвалася, пачула гэтым разам усё да апошняга слова, саскочыла з ложка і пабегла да дзвярэй. Злодзеі кінуліся ўцякаць, яны імчалі так, як быццам за імі гнаўся дзікі драпежнік, а служанка, якая нічога не магла разгледзець як след, пайшла запаліць святло. Калі яна вярнулася, хлопчык-з-пальчык, нікім не заўважаны, выбраўся з пакоя і залез на адрыну; служанка, калі паўсюль пашукала і нічога не знайшла, зноў легла ў ложак і падумала, што ёй усё гэта прымроілася.
На адрыне хлопчык-з-пальчык знайшоў сабе ў сене ўтульнае месца, каб паспаць. Ён хацеў адпачыць тут, пакуль не развіднее, і потым выправіцца дадому, да бацькоў. Але ён не ведаў, што яго чакае! Так, шмат гора і няшчасця ёсць на гэтым свеце! На самым світанні служанка паднялася, каб пакарміць скаціну. Перш-наперш яна пайшла да адрыны, дзе ўзяла ахапак саломы, і, на бяду, менавіта той, дзе ляжаў бедны хлопчык-з-пальчык і мірна спаў. А спаў ён так моцна, што нічога не адчуваў, і прачнуўся толькі тады, калі апынуўся ў роце ў каровы, якая жавала яго разам з сенам.
– Божа мой! – закрычаў ён. – Няўжо я трапіў ў сукнавальню!
Але хутка ўцяміў, дзе ён насамрэч. Ён намагаўся не патрапіць паміж зубоў, якія б яго перамалолі, і ўсё ж давялося яму з’ехаць у каровін страўнік.
– У гэтым пакоі забыліся зрабіць вокны, – сказаў ён. – І сонца сюды не свеціць, і лямпу ніхто не парупіўся прынесці.
Наогул, гэтае жытло яму не падабалася, а самым кепскім было тое, што ў дзверы ўвальвалася ўсё больш і больш сена і месца ў пакоі станавілася ўсё менш. Тады ён закрычаў ад страху, так гучна, як толькі мог:
– Не карміце мяне больш, не карміце мяне больш!
Служанка якраз даіла карову, і калі яна пачула, як нехта гаворыць, а нікога вакол не відаць, і зразумела, што гэта той самы голас, які яна чула ўначы, то так спужалася, што павалілася са свайго зэдліка і разліла малако. У жаху яна пабегла да гаспадара і закрычала:
– Божа мой, пан пастар, карова загаварыла!
– Ты зьехала з глузду, – адказаў пастар, але сам пайшоў у кароўнік і хацеў паглядзець, што там такое.
Але толькі ён увайшоў, хлопчык-з-пальчык закрычаў зноў:
– Не карміце мяне больш, не карміце мяне больш!
Тады і сам пастар спалохаўся, падумаў, што ў карову ўсяліўся злы дух, і загадаў яе забіць. Карову забілі, а страўнік, у якім сядзеў хлопчык-з-пальчык, выкінулі туды, дзе ляжаў гной. Хлопчык-з-пальчык дужа стараўся выбрацца, і ў яго нават пачало атрымлівацца расчысціць сабе месца, але толькі ён збіраўся ўжо высунуць галаву, здарылася новая бяда. Галодны воўк прабягаў міма і праглынуў увесь страўнік адным махам. Хлопчык-з-пальчык не губляў мужнасці. “Можа, – падумаў ён, – мне трэба пагаварыць з ваўком?” І паклікаў з вантробаў:
– Дарагі воўк, я ведаю, дзе для цябе ёсць цудоўная пажыва!
– Дзе? – спытаў воўк.
– Я пакажу табе адзін дом, табе застанецца толькі прапаўзці праз сцёк і ты знойдзеш там пірог, сала і каўбасу, столькі, колькі захочаш.
І ён апісаў ваўку бацькаву хату. Воўк не прымусіў сябе двойчы ўгаворваць, памчаўся туды, уначы пралез праз сцёк і наеўся да адвалу ў каморцы для прыпасаў. Калі ён наеўся, то хацеў паўзці назад, але стаў такі тоўсты, што ў сцёку ўжо не пралазіў. На тое і разлічваў хлопчык-з-пальчык, які пачаў шумець, тупаць і крычаць у жываце ў ваўка так гучна, як толькі мог.
– Цішэй, – сказаў воўк. – Ты людзей пабудзіш.
– Ай, ладна табе, – адказаў малы. – Ты так наеўся, мне таксама хочацца павесяліцца.
І зноў пачаў крычаць што было моцы. Ад гэтага нарэшце прачнуліся яго бацька і маці, пабеглі да каморы і паглядзелі праз шчыліну. Калі яны пабачылі, што там пасяліўся воўк, то пабеглі адтуль, і муж прынёс сякеру, а жонка касу.
– Заставайся ззаду, – сказаў муж, калі яны зайшлі ў камору. – Калі я яго пачастую сякерай і ён ад гэтага не здохне, ты яго касой пасячэш.
Тут хлопчык-з-пальчык пазнаў голас свайго бацькі і закрычаў:
– Мілы бацька, я тут, у ваўка ў жываце!
Узрадаваны бацька сказаў:
– Дзякуй богу, нашае любае дзіця знайшлося!
І сказаў жонцы прыбраць касу, каб не нашкодзіць хлопчыку-з-пальчык. А потым размахнуўся і ўдарыў ваўка па галаве, так што той зваліўся мёртвы. Тады яны пашукалі нож і нажніцы, разрэзалі ваўка і выцягнулі малога.
– Ах, – сказаў бацька. – Як мы хваляваліся за цябе!
– Так, бацька, я шмат пахадзіў па свеце, дзякуй богу, што зноў магу ўдыхнуць свежага паветра!
– Дзе ж ты быў?
– Ах, бацька, я быў у мышынай норцы, у жываце ў каровы і ў вантробах ваўка, а цяпер я зноў з вамі!
– І мы цябе не прадамо больш ні за якія багацці ў свеце! – сказалі бацькі, песцячы і цалуючы свайго мілага хлопчыка-з-пальчык. Яны далі яму паесці і папіць і вырашылі зладзіць яму новую адзежу, бо старая ж за час яго падарожжаў зусім сапсавалася.