Чырвоны Каптурок

Жыла на свеце адна маленькая прыгожанькая дзяўчынка, якую любіў кожны, каму пашчасціла яе ўбачыць, але больш за ўсё яе любіла бабуля, так любіла, што ўжо зусім не ведала, што б такога яшчэ падарыць дзіцяці. Аднойчы бабуля падарыла ёй каптурок з чырвонага аксаміту, які гэтак дзяўчынцы пасаваў, што яна не хацела насіць іншых, і таму ўсе сталі называць яе Чырвоны Каптурок. Аднойчы маці сказала ёй:

– Чырвоны Каптурок, вось кавалак пірага і бутэлька віна, занясі гэта бабулі; яна хворая і аслаблая, гэта яе падтрымае. Мусіш выйсці з дому рана, пакуль сонца яшчэ не пячэ, і калі выйдзеш, то ідзі па дарозе і не збочвай, інакш упадзеш і разаб’еш шкло, і бабулі нічога не дастанецца. А калі прыйдзеш да яе, не забудзь сказаць спачатку “Добры дзень”, а не зазірай адразу ва ўсе куткі.

– Я ўсё зраблю, як вы сказалі, – запэўніла маці дзяўчынка.

Аднак бабуля жыла ў лесе, за паўгадзіны пехатой ад вёскі. І калі Чырвоны Каптурок увайшла ў лес, то сустрэла ваўка. Але Чырвоны Каптурок не ведала, які злы гэты звер, і не спалохалася.

– Добрага табе дня, Чырвоны Каптурок, – сказаў воўк.

– Дзякую, воўча.

– Куды так рана?

– Да бабулі.

– А што ты там нясеш пад фартушком?

– Пірог і віно: учора спяклі, я маю занесці гэта сваёй бабулі, каб зрабіць ёй прыемнасць і падмацаваць яе сілы.

– Чырвоны Каптурок, а дзе жыве твая бабуля?

– Яшчэ добрых пятнаццаць хвілін далей па лясной сцяжыне, а там пад трыма вялікім дубамі стаіць дом, з агароджаю з арэшніку, ну ты мусіш ведаць, – сказала Чырвоны Каптурок.

Воўк падумаў пра сябе: “Малады далікатэс, тлусценькі кавалачак, ён яшчэ смачнейшы за старую, трэба дзейнічаць хітра, каб урэшце праглынуць абедзвюх”. Тады ён пайшоў побач з Чырвоным Каптурком і трохі пазней сказаў:

– Чырвоны Каптурок, зірні на прыгожыя кветкі, якія растуць вакол, чаму ты не глядзіш па баках? Ты не чуеш, як файна спяваюць птушачкі? Ідзеш, быццам у школу, а ў лесе глядзі як весела!

Чырвоны Каптурок расплюшчыла вочы, і калі яна ўбачыла, як танцуюць там і тут сонечныя промні і ўсё навокал у прыгожых кветках, то падумала: “Калі я прынясу бабулі прыгожы букет, яна таксама парадуецца, яшчэ рана, і я да яе паспею”. І яна пабегла са сцежкі ў лес і пачала шукаць кветкі. І калі яна зрывала адну, то ёй здавалася, што далей растуць яшчэ прыгажэйшыя, яна бегла па іх і заходзіла ўсё глыбей і глыбей у лес. А воўк пайшоў па сцяжыне далей да самай бабулінай хаты і пагрукаў у дзверы.

– Хто там?

– Адчыні, гэта Чырвоны Каптурок, я прынесла пірог і віно.

– Націсні на клямку, – усклікнула бабуля, – я занадта слабая і не магу падняцца.

Воўк націснуў на клямку, дзверы адчыніліся, ён пайшоў, не кажучы ні слова, да бабулінага ложка і праглынуў яе. Затым ён надзеў яе сукенку, на галаву ўздзеў чапец, лёг у яе ложак і завесіў фіранку.

Чырвоны Каптурок між тым усё бегала і бегала за кветкамі, і калі сабрала столькі, што ўжо не магла іх трымаць, прыгадала пра бабулю і пайшла да яе. Яна здзівілася, што дзверы адчыненыя, і калі ўвайшла ў хату, то ёй усё там падалося такім дзіўным, што яна падумала: “Божа мой, як страшна мне сёння, а я звычайна так любіла хадзіць да бабулі!” Яна сказала “Добры дзень”, але адказу не было. Пасля гэтага яна падышла да ложка і адсунула фіранку: на ложку ляжала бабуля, насунуўшы чапец на твар, і выглядала гэта таксама дзіўна.

– Ой, бабуля, чаму ў цябе такія вялікія вушы?

– Гэта каб я магла лепш цябе чуць.

– Ой, бабуля, а чаму ў цябе такія вялікія вочы?

– Гэта каб я магла цябе лепш бачыць.

– Ой, бабуля, а чаму ў цябе такія вялікія рукі?

– Гэта каб я магла цябе лепш абняць.

– Але бабуля, чаму ў цябе такая жахлівая вялізная пашча?

– Гэта каб зручней было цябе з’есці!

Толькі воўк прамовіў гэта, як выскачыў з ложка і праглынуў бедную дзяўчынку.

Калі воўк спатоліў свой голад, то зноў лёг у ложак, заснуў і пачаў гучна храпці. А тут акурат міма дома ішоў паляўнічы і падумаў: “Як храпе гэтая старая жанчына, трэба зайсці і паглядзець, можа, у яе што не так”. Тады ён зайшоў у хату, і калі падышоў да ложка, то пабачыў, што ў ім ляжыць воўк.

– Вось дзе ты, стары грэшнік, – сказаў паляўнічы, – я цябе доўга шукаў.

І хацеў забіць ваўка са стрэльбы, але тут прыгадаў, што воўк, мусіць, зжэр бабулю і яе трэба было б уратаваць. Ён не стаў страляць, а ўзяў нажніцы і пачаў разразаць соннаму ваўку жывот. Як толькі зрабіў пару разрэзаў, у жываце мільгануў чырвоны каптурок, зрабіў яшчэ некалькі – і з жывата выскачыла дзяўчынка і закрычала:

– Ах, як я спалохалася, там было так цёмна, у гэтым ваўчыным жываце!”

А потым і бабуля вылезла з жывата, таксама жывая, і не магла ніяк аддыхацца. Чырвоны Каптурок прынесла вялікія камяні, каб напоўніць імі вантробы ваўка, і калі ён прачнуўся, то хацеў выскачыць з хаты, але адразу ж паваліўся на падлогу і памёр.

Тут усе былі задаволеныя; паляўнічы здзер з ваўка шкуру і занёс дамоў, бабуля з’ела пірог і выпіла віно, якія прынесла Чырвоны Каптурок, і стала пачувацца значна лепш, а Чырвоны Каптурок падумала: “Ніколі ў жыцці я не буду адна сыходзіць са сцежкі, калі маці мне гэта забараніла”.

***

Распавядаюць таксама, што аднойчы, калі Чырвоны Каптурок зноў несла бабулі пірог, з ёй загаварыў іншы воўк, які хацеў збіць яе з тропу. Але Чырвоны Каптурок не стала нічога слухаць, а пайшла далей па сцежцы і сказала бабулі, што сустрэла ваўка, які пажадаў ёй добрага дня, але глядзеў так злосна-злосна.

– Калі б гэта было не на шырокай дарозе, ён бы зжэр мяне.

– Хадзем, – сказала бабуля, – нам трэба замкнуць дзверы, каб ён не ўвайшоў.

Неўзабаве воўк пагрукаў і сказаў:

– Адчыні, бабуля, я Чырвоны Каптурок, прынёс табе пірага.

Яны сядзелі ціхенька і не адчынялі. Тады шэрагаловы аббег дом, ускочыў на дах і стаў чакаць, калі Чырвоны Каптурок увечары выправіцца да маці: ён думаў пракрасціся за ёй і зжэрці яе ў цемры. Але бабуля здагадалася, што ён задумаў. Перад домам стаялі вялікія каменныя ночвы, і яна сказала унучцы:

– Чырвоны Каптурок, учора я гатавала каўбаскі, дык занясі ваду, дзе яны гатаваліся, у тыя ночвы.

Чырвоны Каптурок насіла ваду так доўга, пакуль вялікія ночвы цалкам не напоўніліся вадой. Пах каўбасак трапіў ваўку ў нос, ён прынюхваўся і пазіраў з даху, і нарэшце выцягнуў нос так далёка, што больш не мог трымацца і пачаў саслізгваць: так ён саслізнуў з даху, акурат у тыя вялікія ночвы, і захлынуўся. А Чырвоны Каптурок пайшла, радасная, дахаты і ніхто не зрабіў ёй шкоды.