Дамавікі

Першая казка

Жыў адзін шавец, які не па сваёй віне зрабіўся такі бедны, што ўрэшце ў яго нічога не засталося, апрача скуры на адну пару ботаў. Увечары выразаў ён закройку для ботаў, над якімі збіраўся працаваць раніцай, – сумленне ў яго было чыстае, і ён лёг спакойна ў ложак, даверыў сябе богу і заснуў. Раніцай, калі ён памаліўся і думаў сесці працаваць, боты ўжо стаялі гатовыя ў яго на стале. Шавец здзівіўся і не ведаў, што яму сказаць на гэта. Ён узяў боты ў рукі, каб разгледзець іх зблізку: яны былі апрацаваныя так акуратна, шво да шва, гэта была праца сапраўднага майстра. Неўзабаве зайшоў пакупнік, і боты яму так спадабаліся, што ён заплаціў за іх больш, чым звычайна, і шавец змог за гэтыя грошы набыць скуры яшчэ для дзвюх параў. Увечары ён зноў выкраіў скуру для ботаў і думаў наступнай раніцай з новымі сіламі ўзяцца за працу, але яму гэта не спатрэбілася, бо калі ён падняўся, адбылося тое самае: боты былі ўжо гатовыя. Пакупінікі заплацілі шаўцу так шмат, што гэтым разам ён набыў скуру для чатырох параў. І гэтыя свае чатыры пары ён знайшоў раніцай ужо гатовымі, і так працягвался і далей – што ён рыхтаваў увечары, было раніцай ужо гатова, так што хутка ён займеў прыстойны заробак і нарэшце зрабіўся заможным чалавекам.

Але аднойчы ўвечары, незадоўга перад Раством, адбылося так, што шавец зноў рабіў выкрайку для ботаў, і перад тым, як пайсці спаць, ён сказаў сваёй жонцы: “А што будзе, калі мы не будзем класціся спаць, каб паглядзець, хто нам так дапамагае?” Жонка згадзілася і патушыла святло, пасля гэтага яны схаваліся ў куце, за адзежаю, якая там вісела, і сталі ўважліва сачыць за тым, што адбываецца ў пакоі. Апоўначы з’явіліся два маленькія прыгожанькія голыя чалавечкі, селі за шаўцоў стол, узялі яго закройку і сталі сваімі пальчыкамі так спрытна і хутка калоць, шыць, прыбіваць, што шавец вачэй не мог адвесці ад здзіўлення. Яны не спыняліся, пакуль не скончылі працу, а потым шпарка паскакалі прэч.

Наступнай раніцай жонка сказала:

– Чалавечкі зрабілі нас багатымі, мы мусім ім аддзячыць. Яны бегаюць паўсюль, але не маюць нічога з адзежы і, відаць, мерзнуць. Ведаеш што? Я пашыю для іх кашулькі, каптаны, нагавічкі і кожнаму па пары панчохаў, а ты зрабі для кожнага пару чаравічак.

Муж сказаў:

– Твая праўда, я згодны.

І ўвечары, калі яны ўсё гэта зрабілі, то паклалі падарункі замест выкрайкі на стол і схаваліся, каб паглядзець, як паставяцца да гэтага чалавечкі. Апоўначы чалавечкі прыскакалі і хацелі адразу ж узяцца за працу, але скуры не было, яны знайшлі толькі маленькія апранахі. Спачатку чалавечкі здзівіліся, але потым вельмі ўзрадаваліся. З вялікай хуткасцю яны надзелі ўсё гэта, расправілі прыгожую вопратку на сабе і заспявалі:

Ці ж мы не файныя хлапцы?

Чаму ж дагэтуль мы шаўцы?

І потым яны заскакалі і затанчылі па крэслах і лаўках. Урэшце выскачылі за дзверы. З таго часу яны больш не прыходзілі, але ў шаўца ўсё было добра да канца яго дзён, і за што б ён ні браўся, усё яму ўдавалася.

Другая казка

Жыла неяк адна бедная служанка, якая была старанная і акуратная, падмятала штодня дом і вытрасала смецце на вялікую кучу перад дзвярыма. Аднойчы раніцай, калі служанка думала ўзяцца за работу, яна знайшла на кучы ліст, але прачытаць яго не магла, дык паставіла мятлу ў кут і занесла ліст сваім гаспадарам. А гэта было запрашэнне ад дамавікоў, якія прасілі дзяўчыну быць хроснай іхнаму дзіцяці. Дзяўчына не ведала, што ёй рабіць, але нарэшце яе пераканалі, што адмаўляцца нельга, і яна пагадзілася. Тады прыйшлі тры дамавікі і завялі яе ўсярэдзіну гары, дзе і жылі гэтыя малыя істоты. Усё там было надта маленькае, але такое прыгожае, што не апісаць. Парадзіха ляжала ў ложку з чорнага дрэва, упрыгожанага пярлінамі, коўдры былі абшытыя золатам, калыска была са слановае косткі, балейка з золата. Скончыўшы абрад, дзяўчына думала пайсці дамоў, але дамавікі пачалі пераконваць яе застацца ў іх на тры дні. Яна засталася і прабавіла гэты час у радасці і забавах, і малыя дамавікі ўсяляк яе песцілі. Урэшце сабралася яна назад, дык яны напхалі ёй кішэні да краёў золатам і правялі яе да выхаду з гары. Калі яна прыйшла дадому, то хацела пачаць працу, узяла ў рукі мятлу, якая ўсё яшчэ стаяла ў куце ў двары, і пачала месці. Тут з дому выйшлі нейкія чужыя людзі, якія спыталі, хто яна і што тут робіць. Бо зусім не тры дні прабавіла яна ў дамавікоў, а сем гадоў, і яе гаспадары за гэты час памерлі.

Трэцяя казка

У адной маці дамавікі скралі з люлькі дзіця, а замест яго паклалі пярэваратня з тоўстай галавой і выпучанымі вачыма, які прасіў толькі есці і піць. Трапіўшы ў такую бяду, яна пайшла да суседкі і спытала ў яе парады. Суседка сказала, каб яна занесла пярэваратня ў кухню, пасадзіла на стол, запаліла агонь і прыгатавала ваду ў дзвюх шкарлупках ад яек: гэта мусіла давесці пярэваратня да смеху, а калі ён смяецца, значыць, можна ад яго і пазбавіцца. Жанчына зрабіла ўсё, як ёй сказала суседка. Калі яна паставіла шкарлупкі з вадой на агонь, пачвара загаварыла:

– Тысячу гадоў жыву, але ніколі не бачыў, каб ваду ў шкарлупках гатавалі.

І пачала з гэтага смяяцца. Пакуль яна смяялася, невядома адкуль прыйшоў цэлы натоўп дамавікоў. Яны прынеслі сапраўднае дзіця і пасадзілі яго на пліту, а пярэваратня забралі з сабой.