Як котка і мыш разам жылі
Адна котка пазнаёмілася з мышшу і так шмат нагаварыла той пра сваю любоў і сяброўскія пачуцці, што мыш нарэшце пагадзілася жыць разам з коткай у адным доме і весці з ёй супольную гаспадарку.
– Але мы мусім паклапаціцца, каб зрабіць запасы на зіму, інакш будзем пакутаваць ад голаду, – сказала котка. – Ты, мышка, не можаш паўсюль шныраць, бо трапіш урэшце ў пастку.
Добрая парада была прынятая да ўвагі і яны купілі гаршчэчак тлушчу. Ды толькі дзе яго паставіць, яны не ведалі. Урэшце пасля доўгіх развагаў котка прамовіла:
– Я не ведаю лепшага месца за царкву, адтуль ніхто не наважыцца нешта вынесці. Паставім гаршчэчак за алтаром і не будзем яго чапаць да таго моманту, пакуль ён нам сапраўды не спатрэбіцца.
Гаршчэчак быў занесены ў бяспечнае месца, але неўзабаве котка адчула ахвоту паласавацца тлушчам і сказала мышы:
– Вось што я хацела табе сказаць, мышка… Мая стрыечная сястра запрасіла мяне на хрэсбіны, яна нарадзіла сыночка, белага з бурымі плямамі, і я мушу быць хроснай. Адпусці мяне сёння і паклапаціся сама пра гаспадарку.
– Добра, добра, – адказала мыш. – Ідзі, бог з табой, а калі цябе пачастуюць чымсьці смачным, падумай, калі ласка, пра мяне, ад кропелькі чырвонага салодкага хрэсьбіннага вінца я таксама не адмовілася б.
Аднак гэта ўсё было няпраўда: у коткі не было ніякай стрыечнай сястры і ніхто не запрашаў яе на хрэсьбіны. Котка пайшла да царквы, пракралася да гаршчэчка, пачала лізаць тлушч і вылізала цэлую трэць. Потым яна пашпацыравала па гарадзкіх дахах, агледзелася і расцягнулася на сонцы, аблізваючы сабе вусы шторазу, калі прыгадвала пра гаршчэчак з тлушчам. Толькі ўвечары яна вярнулася дахаты.
– А, вось і ты, – сказала мыш. – Відаць, добра прабавіла дзень.
– Так, усё прайшло як мае быць, – адказала котка.
– А што за імя атрымала дзіцятка? – спыталася мыш.
– Трэцьгаршчэчка, – суха адказала котка.
– Трэцьгаршчэчка! – усклікнула мыш. – Што за дзіўнае, рэдкае імя! І шмат тваіх сваякоў маюць такое?
– Імя як імя, – сказала котка. – Не горшае за Скрадзісухар. Так, здаецца, завуць тваю хросную.
Прамінула не так шмат часу, і котка зноў адчула ахвоту паласавацца тлушчам. Яна сказала мышы:
– Ты мусіш зноў зрабіць мне ласку і сама паклапаціцца пра нашую гаспадарку, мяне другі раз запрашаюць на хрэсьбіны, да кацяняці з белай шыяй, і адмовіцца я ніяк не магу.
Добрая мыш пагадзілася, котка пракралася за гарадзкі мур да царквы і вылізала гаршэчак да паловы. “Няма нічога смачнейшага за тое, што ясі на самоце, – падумала котка”. Яна была цалкам задаволеная тым, як прайшоў дзень. Калі яна вярнулася дамоў, мыш спытала:
– Як жа ахрысцілі гэтае дзіця?
– Палавінчыкам, – адказала котка.
– Палавінчыкам! Што ты кажаш! Ніколі ў жыцці не чула такога імя. Іду ў заклад, яго няма ў календары.
Хутка кашэчая пыса зноў засвярбела, так ёй захацелася тлушчу.
– Бог тройцу любіць, – сказала котка мышы. – Зноў мяне клічуць на хрэсьбіны, дзіця нарадзілася чорненькае, толькі лапкі белыя, а больш ніводнае белае валасінкі на ўсім целе, такія нараджаюцца раз на некалькі гадоў, адпусціш мяне?
– Трэцьгаршчэчка… Палавінчык… – адказала мыш. – Гэтыя незвычайныя імёны наводзяць мяне на роздум…
– Ты проста занадта доўга сядзіш тут дома ў сваім шэрым сурдуце і з гэтай тваёй доўгай касою, – сказала котка. – Толькі и ведаеш, што цвыркуноў лавіць, вось што бывае, калі нікуды не ходзіш.
Пакуль коткі не было дома, мыш прыбралася і прывяла іхнае жытло да ладу, а ласая котка з’ела ўвесь тлушч, які заставаўся ў гаршчэчку.
– Толькі калі з’ясі ўсё дачыста, душу апаноўвае спакой, – сказала котка сама сабе і прыйшла дамоў ажно ўначы, сытая і растаўсцелая. Мыш адразу ж запыталася, як назвалі трэцяе дзіця.
– Табе яно, вядома ж, таксама не спадабаецца, – сказала котка. – Яго назвалі Дадна.
– Дадна! – закрычала мыш. – Гэта самае падазронае імя з тых, якія я чула! Дадна! Што б яно значыла?
Мыш патрэсла галавой, скруцілася клубком і заснула.
З таго часу больш ніхто не клікаў котку на хрэсьбіны. Прыйшла зіма, ніякага харчу нідзе немагчыма было знайсці. Мыш прыгадала пра іхны з коткай запас і сказала:
– Хадзем, котка, да нашага гаршчэчка, які мы схавалі на чорны дзень, надышоў час пакаштаваць таго смачнага тлушчу.
– Добра, хадзем, – адказала котка. – Табе будзе так смачна, нібы ты высунула язык у вакно.
Яны рушылі ў дарогу, а калі дабраліся да царквы, то гаршчэчак стаяў там, дзе яны яго схавалі, але пусты.
– Ах! – сказала мыш. – Цяпер я разумею, што адбылося, надышоў дзень, калі я ўбачыла, якая ты мне добрая сяброўка! Ты ўсё зжэрла, калі была нібыта на хрэсьбінах, спачатку трэць, потым палову, потым…
– Маўчы! – усклікнула котка, – яшчэ адно слова, і я цябе з’ем.
– …Дадна, – слова ўжо зляцела з вуснаў беднай мышы, і як толькі яно прагучала, котка падскочыла да яе, схапіла і праглынула.
Бачыш, і вось так бывае на свеце.