Пані Завіруха
У адной удавы было дзве дачкі, адна з іх была прыгожая і старанная, а другая брыдкая і лянівая. Але ўдава нашмат больш любіла брыдкую і лянівую, бо гэта была яе сапраўдная дачка, а прыгожая і старанная мусіла рабіць усю працу і была ў доме, як папялушка. Бедная дзяўчына мусіла кожны дзень садзіцца ля калодзежа пры вялікай дарозе і прасці так шмат, што ў яе кроў лілася з пальцаў. Здарылася так, што аднойчы кросны ў яе ўсе былі ў крыві, тады яна нахілілася да калодзежа і хацела іх абмыць, але яны выслізнулі ў яе з рук і ўпалі ў ваду. Яна заплакала, пабегла да мачахі і распавяла ёй пра сваё няшчасце. Тая злосна яе аблаяла і была такая бязлітасная, што сказала:
– Упусціла кросны, дык даставай іх назад.
Тады дзяўчына пайшла назад да калодзежа. Яна не ведала, што рабіць, і ўрэшце проста скочыла ў калодзеж, каб дастаць кросны. Што было далей, яна не памятала, а калі апрытомнела, то ўбачыла, што стаіць на прыгожым лузе, дзе свеціць сонца і растуць тысячы розных кветак.
Яна пайшла па тым лузе і прыйшла да печкі, якая была поўная хлеба, і хлеб сказаў:
– Ах, выцягні мяне, выцягні мяне, інакш я падгару, я ўжо даўно спёкся.
Яна падышла і выцягнула яго, бохан за боханам. Пасля гэтага яна пайшла далей і падышла да дрэва, поўнага яблыкаў, і дрэва ўсклікнула:
– Ах, патрасі мяне, патрасі мяне, мае яблыкі ўжо саспелі.
Тады яна патрэсла дрэва, так што яблыкі пападалі на зямлю, як дождж, яна трэсла, пакуль ніводнага на дрэве не засталося, і калі яна сабрала ўсе ў купу, то рушыла далей.
Урэшце яна прыйшла да нейкае хаткі, адтуль выглядвала старая жанчына, але зубы ў яе былі такія вялікія, што дзяўчына спалохалася і хацела ўцячы. Але старая закрычала ёй усьлед:
– Чаму ты баішся мяне, дзіця? Заставайся: калі будзеш добра рабіць усё ў хаце, то і табе будзе добра. Толькі сачы за маёй пасцеляй і добра яе вытрасай, каб пер’е ляцела, тады ў свеце ідзе снег (таму ў Гесэне, калі ідзе сьнег, кажуць, што гэта пані Завіруха рыхтуе сабе пасцель – заўв. братоў Грым), я пані Завіруха.
Старая размаўляла з ёй ласкава, так што сэрца дзяўчыны адгукнулася на гэтую прапанову, яна пагадзілася і пайшла на службу да старой. Яна рабіла ўсё так, каб старая была задаволеная, і вытрасала пасцель заўжды моцна, каб вакол ляцела пер’е; жылося ёй добра, яна не чула ніводнага злога слова і кожны дзень мела ўдосталь ежы. Яна служыла пані Завірусе доўга і ўрэшце замаркоцілася, і спачатку сама не ведала, чаго ёй не хапае, але нарэшце зразумела, што гэта смутак па родным доме; і хаця ёй тут жылося шмат тысяч разоў лепш, чым дома, ёй захацелася назад. Урэшце яна сказала старой:
– Я засумавала па доме, і хаця мне тут унізе добра, я не магу заставацца ў вас далей, мне трэба зноў наверх, да маёй сям’і.
Пані Завіруха сказала:
– Мне падабаецца тое, што табе захацелася дамоў; ты так добра мне служыла, што я сама выведу цябе наверх.
Яна ўзяла дзяўчыну за руку і падвяла яе да вялікае брамы. Брама адчынілася, і калі дзяўчына апынулася пад ёй, пайшоў моцны залаты дождж, і ўсё золата засталося на ёй, так што яна была пакрытая ім з галавы да ног.
– Гэта табе ўзнагарода за тваю стараннасць, – сказала пані Завіруха і аддала дзяўчыне кросны, якія ўпалі ў калодзеж.
Пасля гэтага брама зачынілася і дзяўчына апынулася наверсе, недалёка ад матчынага дома, і калі яна прыйшла ў двор, певень сядзеў на калодзежы і крычаў:
– Кукарэку, нашая залатая панначка вярнулася!
Тады яна пайшла ў дом да маці, і яе сустрэлі вельмі добра, бо яна была ўся ў золаце.
Дзяўчына распавяла пра ўсё, што з ёй здарылася, і калі маці пачула, як яе падчарка стала такой багатай, то захацела, каб і з другой дачкой, лянівай і брыдкай, здарылася тое самае. Тая мусіла таксама сесці ля калодзежа і прасці, і каб кросны былі ўсе ў крыві, яна наўмысна пракалола сабе палец і абадрала руку аб калючы куст. Потым яна кінула кросны ў калодзеж і сама скочыла туды. Як і сястра, яна трапіла на прыгожы луг і пайшла па той самай сцежцы. Калі яна трапіла да печкі, хлеб зноў закрычаў:
– Ах, выцягні мяне, выцягні мяне, інакш я падгару: я ўжо даўно спёкся.
Лянівая, аднак, адказала:
– Ну вось, буду я тут пэцкацца, – і пайшла далей.
Неўзабаве яна прыйшла да яблыні, якая закрычала:
– Ах, патрасі мяне, патрасі мяне, мае яблыкі ўжо ўсе саспелі.
Але лянівая адказала:
– Ці ж мне гэта трэба! Яшчэ яблык упадзе на галаву! – і пайшла далей.
Калі яна прыйшла да пані Завірухі, то не спалохалася, бо ўжо ведала пра яе вялікія зубы, і адразу ж пайшла да яе на службу. У першы дзень яна яшчэ больш-менш старалася, слухалася пані Завіруху, калі тая ёй нешта казала зрабіць, бо думала пра шмат золата, якое ёй падаруюць; але на другі дзень яна зноў пачала ленавацца, на трэці дзень стала яшчэ больш лянівая, а раніцай зусім не захацела ўставаць. Яна не займалася пасцеляй пані Завірухі, як было дамоўлена, і не вытрасала яе так, каб ляцела пер’е. Пані Завіруха хутка стамілася ад гэтага і сказала, што служба скончаная. Лянівая ўзрадавалася і падумала, што ўжо зараз на яе пасыплецца залаты дождж. Пані Завіруха таксама падвяла яе да брамы, але калі яна стала пад ёй, замест золата на яе выліўся цэлы цэбар смалы.
– Гэта табе ўзнагарода за службу, – сказала пані Завіруха і зачыніла браму. Тады лянівая пайшла дахаты, уся пакрытая смалой, і певень на калодзежы, калі пабачыў яе, закрычаў:
– Кукарэку, наша брудная панначка вярнулася!
Смала трымалася на ёй моцна і не хацела злазіць да канца яе жыцця.