Папялушка

Здарылася так, што жонка аднаго багатага чалавека захварэла, і калі яна адчула, што надыходзіць яе канец, то паклікала да ложка сваю адзіную дачку і сказала: “Мілае дзіця, будзь пабожная і добрая, тады Бог цябе ніколі не пакіне, а я буду глядзець на цябе з неба і ўсёй душою буду з табой”. Пасля гэтага яна заплюшчыла вочы і сканала. Дзяўчына хадзіла кожны дзень на матчыну магілу і плакала. Яна заставалася пабожнай і добрай. Калі прыйшла зіма, на магілу белым покрывам лёг снег, а калі вясновае сонца зноў прыбрала яго з магілы, той багаты чалавек узяў сабе за жонку іншую кабету.

Тая кабета прывяла з сабой у дом дзвюх дачок, якія былі прыгожыя і белыя тварам, але ж сэрцы мелі злыя і чорныя. Кепскі час настаў для беднай падчаркі. “Няўжо гэтая дурная гуска будзе сядзець у нашых пакоях! – сказалі дочкі. – Хто хоча хлеба, мусіць яго зарабіць: прэч адсюль, будзеш служыць на кухні”. Яны забралі ў падчаркі яе прыгожыя сукенкі, надзелі на яе стары халат і далі драўляныя чаравікі. “Паглядзіце на гэтую гордую прынцэсу, як яна прыхарашылася!” – закрычалі яны, засмяяліся і завялі яе ў кухню. Тут яна мусіла з ранку да вечара рабіць цяжкую працу, уставаць на світанні, насіць ваду, распальваць агонь у печцы, гатаваць і праць. Але і гэтага дочкам было мала, яны ўсё намагаліся чымсьці яе пакрыўдзіць, здзекаваліся з яе і насміхаліся, сыпалі ў попел гарох і сачыўку, так што падчарка мусіла зноў іх адтуль выбіраць. Увечары, калі падчарка была зусім змораная ад працы, яна не магла легчы ў ложак, а мусіла класціся проста побач з плітой у попел. І праз тое, што яна заўжды была ў пыле і брудзе, дочкі назвалі яе Папялушкаю.

Неяк бацька сабраўся на кірмаш і запытаўся ў прыёмных дачок, што ім прывезці. “Прыгожыя сукенкі”, – сказала адна, “Пярліны і каштоўныя камяні”, – сказала другая. “А ты, Папялушка, – сказаў бацька, – што б ты хацела?”

“Галінку, тата, тую галінку, якая на зваротным шляху першая хвастане цябе па капелюшы, – сарві яе для мяне”.

Бацька купіў прыёмным дочкам прыгожыя сукенкі, пярліны і каштоўныя камяні, і на зваротным шляху, калі ехаў праз зялёныя кусты, галінка арэшніку хвастанула яго так, што збіла з галавы капялюш. Калі ён прыехаў дахаты, то аддаў дачкам тое, чаго яны жадалі, а Папялушцы аддаў тую арэхавую галінку. Папялушка падзяквала яму, пайшла на магілу маці і пасадзіла на ёй тую галінку ды заплакала так моцна, што слёзы праліліся на магілу. І вырасла з галінкі цудоўнае дрэва. Папялушка прыходзіла да яго кожныя тры дні, плакала і малілася, і кожны раз на дрэва прылятала белая птушачка, і калі Папялушка казала пра нейкае сваё жаданне, то птушачка скідвала з дрэва тое, чаго пажадала падчарка.

Але здарылася так, што кароль задумаў зладзіць свята, якое мелася працягвацца тры дні і на якое былі запрошаныя ўсе красуні краіны, бо каралеўскі сын хацеў адшукаць сабе нявесту. Дзве дочкі, калі пачулі, што ім таксама трэба там з’явіцца, былі ў гуморы, яны паклікалі Папялушку і сказалі: “Зрабі нам прычоскі, пачысці нам чаравікі і замацуй спражкі, мы едзем на баль у каралеўскі замак”. Папялушка паслухалася, але заплакала, бо яна таксама хацела пабываць на балі, і папрасіла мачаху, каб яна дазволіла ёй таксама паехаць. “Ты што, Папялушка? З глудзу з’ехала? – сказала мачаха. – Паглядзі на сябе: уся ў пыле і брудзе – і хочаш на баль? У цябе ж няма ні сукенак, ні абутку, а табе хочацца танчыць?” Папялушка не стала болей яе прасіць, і тады мачаха сказала: “Вось я табе насыпала ў попел сачыўкі, здолееш за дзве гадзіны ўсю яе выбраць – паедзеш з намі”. Дзяўчына пайшла ў сад і паклікала: “Мілыя галубочкі, усе птушкі паднябесныя, ляціце сюды і дапамажыце мне выбраць сачыўку:

Добрую кладзіце ў місу,

Кепскую сабе ў раток”.

Тут прыляцелі да акна два белыя галубкі і потым два шызыя, а потым з клёкатам і буркаваннем усе птушкі паднябесныя апусціліся да яе. Галубкі пачалі выбіраць сачыўку сваімі дзюбамі, і астатнія птушкі таксама, і неўзабаве сабралі ўсе добрыя зярняткі ў місу. Не прайшло і гадзіны, як усё было гатова. Тады дзяўчына занесла місу мачасе, узрадавалася і думала, што цяпер ёй можна паехаць з усімі на баль. Але мачаха сказала: “Не, Папялушка, у цябе няма сукенак і ты не ўмееш танчыць: з цябе толькі пасмяюцца”. Калі падчарка заплакала, мачаха сказала: “Вось калі ты мне за гадзіну выбераш дзве місы сачыўкі з попелу, тады можаш паехаць з намі”. І падумала: “Гэтага яна нізавошта не здолее зрабіць”. Калі мачаха высыпала дзве місы сачыўкі ў попел, дзяўчына зноў пайшла ў сад і паклікала: “Мілыя галубочкі, усе птушкі паднябесныя, ляціце сюды і дапамажыце мне выбраць сачыўку:

Добрую кладзіце ў місу,

Кепскую сабе ў раток”.

Тут прыляцелі да акна два белыя галубкі і потым два шызыя, а потым з клёкатам і буркаваннем усе птушкі паднябесныя апусціліся да яе. І галубкі пачалі выбіраць сачыўку сваімі дзюбамі, і астатнія таксама, і неўзабаве сабралі ўсе добрыя зярняткі ў місы. Не прайшло і паўгадзіны, як усё было гатова. Тады дзяўчына прынесла місы мачасе, яна радавалася і думала, што цяпер ужо ёй дакладна можна будзе паехаць на баль. Але мачаха сказала: “Нічога табе не дапаможа, ты не паедзеш з намі, бо ў цябе няма сукенак і танчыць ты не ўмееш; нам будзе за цябе сорамна”. Пасля гэтага мачаха павярнулася да Папялушкі спінай і паспяшалася з дочкамі выехаць у замак.

Калі нікога не засталося дома, Папялушка пайшла да матчынай магілы пад арэшнік і усклікнула:

“Дрэўца, страпяніся, дрэўца, затрасіся,

Скінь на мяне золата і срэбра”.

Тады птушка скінула ёй сукенку, расшытую золатам і срэбрам, і чаравічкі, расшытыя шоўкам і срэбрам. Яна хутчэй надзела сукенку і паехала на баль. Але сёстры і мачаха не пазналі яе і падумалі, што гэта, напэўна, нейкая прынцэса з іншай краіны – так цудоўна яна выглядала ў сваёй залатой сукенцы. Пра Папялушку яны зусім не падумалі, яны былі пэўныя, што тая сядзіць дома і шукае сачыўку ў попеле. Да Папялушкі падышоў каралеўскі сын, узяў яе пад руку і стаў з ёй танцаваць. Ён не хацеў танцаваць ні з кім іншым, не выпускаў яе рукі, і калі падыходзіў нехта яшчэ, ён казаў: “Не, сёння яна танчыць толькі са мной”.

Папялушка танцавала да вечара, а тады захацела паехаць дамоў. Але прынц сказаў: “Я пайду з табой і правяду цябе,” – бо яму хацелася ведаць, з чыёй яна сям’і. Аднак Папялушка ўцякла ад яго і забралася на галубятню. Пачакаў трохі каралеўскі сын, пакуль не прыйшоў Папялушчын бацька. Прынц сказаў яму, што незнаёмка забралася на галубятню. Стары падумаў: “Гэта, відаць, мая Папялушка,” – і сказаў, каб яму прынеслі сякеру рассячы галубятню. Але ўсярэдзіне нікога ўжо не было. А калі яны прыехалі дахаты, Папялушка ляжала ў сваіх брудных лахманах у попеле, а каля яе на трубе цмяна гарэла алейная лампадка. Бо Папялушка выскачыла з галубятні праз задняе акенца і пабегла да арэшніку; там яна зьняла прыгожае адзенне і паклала на магілу, і птушка забрала яго, а Папялушка ў сваім шэрым халаце зноў легла ў попел на кухні.

На другі дзень, калі свята пачалося зноў, Папялушка пайшла да арэшніку і сказала:

“Дрэўца, страпяніся, дрэўца, затрасіся,

Скінь на мяне золата і срэбра”.

Тады птушка скінула ёй яшчэ прыгажэйшае адзенне, чым было ўчора. І калі Папялушка з’явілася ў гэтым адзенні на балі, кожны дзівіўся яе пекнаце. А каралеўскі сын чакаў, пакуль яна з’явіцца, узяў яе пад руку і зноў танцаваў толькі з ёй. Калі падыходзілі іншыя і запрашалі яе патанцаваць, ён казаў: «Не, сёння яна танцуе са мной». Калі ж надышоў вечар, яна захацела дамоў, а каралеўскі сын пайшоў за ёй і хацеў паглядзець, у які дом яна пойдзе. Але яна ўцякла ад яго ў сад за домам. У ім стаяла вялікае дрэва, на якім віселі цудоўныя грушы, яна ускарскалася на яго, бы вавёрка, і схавалася паміж галля, і каралеўскі сын не ведаў, куды яна падзелася. Ён пачакаў, пакуль не прыйшоў Папялушчын бацька, і сказаў яму: «Незнаёмка ўцякла ад мяне, я думаю, яна ўскараскалася на дрэва». Бацька падумаў: «Гэта, напэўна, мая Папялушка.» Загадаў прынесці яму сякеру і пасек дрэва, але на ім нікога не было. І калі ён з жонкаю і яе дочкамі прыйшоў у кухню, Папялушка ляжала там у попеле, як і заўжды, бо яна саскочыла з другога боку дрэва, аддала птушцы сваё прыгожае ўбранне і надзела свае шэрыя лахманы.

На трэці дзень, калі бацькі і сёстры паехалі на баль, Папялушка зноў пайшла на матчыну магілу і сказала арэшніку:

“Дрэўца, страпяніся, дрэўца, затрасіся,

Скінь на мяне золата і срэбра”.

Тут птушка скінула ёй сукенку, якая была такая шыкоўная і бліскучая, якой яна яшчэ не мела, і чаравікі былі цалкам з золата. Калі яна ў гэтым убранні прыйшла на баль, усе ад захаплення не ведалі, што сказаць. Каралеўскі сын танцаваў толькі з ёй, і калі яе запрашаў нехта яшчэ, ён казаў: «Не, сёння яна танцуе толькі са мной».

Калі надышоў вечар, Папялушка хацела сысці, і каралеўскі сын хацеў яе правесці, але яна ўцякла ад яго так хутка, што ён не мог яе дагнаць. Але прынц гэтым разам пайшоў на хітрасць і сказаў, каб сходы папярэдне змазалі смалою: і калі Папялушка бегла ўніз, у смале застаўся адзін з яе чаравічкаў. Каралеўскі сын падняў яго, ён быў маленькі, зграбны, лёгкі і ўвесь з золата. На раніцу прынц пайшоў з ім да Папялушчынага бацькі і сказаў яму: «Ніводная дзяўчына не можа стаць маёй жонкай, апрача той, каму будзе пасаваць гэты чаравічак». Абедзве сястры ўзрадаваліся, бо мелі прыгожыя ножкі. Старэйшая пайшла з чаравічкам ў пакой і хацела яго прымерыць, а маці стаяла побач. Але вялікі палец нагі яна так і не здолела ўціснуць, чаравічак быў ёй замалы, тады маці дала ёй нож і сказала: «Адрэж палец: калі ты станеш каралевай, табе больш не давядзецца хадзіць пешшу». Дзяўчына адрэзала палец, заснунула неяк нагу ў чаравік, закусіла вусны ад болю і выйшла да каралеўскага сына. Тады ён узяў яе да сябе на каня і паехаў. Яны мусілі праязджаць міма магілы, а там на арэшніку сядзелі два галубочкі і буркавалі:

“Буркі-буркі-вічкі,

Кроў у чаравічку,

І нага ў ім пухне,

Пашукай на кухні”.

Тады паглядзеў каралеўскі сын на нявесціну нагу і ўбачыў, як яна сцякае крывёй. Ён павярнуў каня, прывёз несапраўдную нявесту дадому і сказаў, што нявеста не тая і што прымераць чаравік мусіць іншая сястра. Тая пайшла ў пакой, і на пальцы чаравік ёй добра налез, але пятка была завялікая. Тут маці дала ёй нож і сказала: “Адрэж сабе кавалак пяткі, калі станеш каралевай, табе не давядзецца больш хадзіць пешкі”. Дзяўчына адрэзала кавалак пяткі, неяк усунула нагу ў чаравік, закусіла вусны ад болю і выйшла да каралеўскага сына. Той узяў нявесту да сябе на каня і паехаў. Калі яны праязджалі міма арэшніку, на ім сядзелі два галубочкі, якія прабуркавалі:

““Буркі-буркі-вічкі,

Кроў у чаравічку,

І нага ў ім пухне,

Пашукай на кухні”.

Ён паглядзеў на нагу нявесты і ўбачыў, што з яе кроў сочыцца і белая панчоха стала ўся чырвоная. Тады павярнуў ён свайго каня і прывёз несапраўдную нявесту дамоў. “Гэта таксама не тая, якую я шукаю, – сказаў ён, – маеце яшчэ дачку?” “Не”, – сказаў бацька, – толькі ад маёй памерлай жонкі ёсць яшчэ малая брудная Папялушка, але ж яна не можа быць табе нявестай”. Каралеўскі сын сказаў, каб яе прывялі, але маці адказала: “Ах не, яна занадта брудная, яе нельга нават паказаць”. Ды каралеўскі сын усё ж хацеў бачыць Папялушку, і яе паклікалі. А яна памыла спачатку рукі і твар, і тады выйшла і пакланілася каралеўскаму сыну, які падаў ёй чаравік. Тут прысела яна на ўслончык, выцягнула нагу з драўлянага чаравіка і сунула яе ў залаты, які падышоў ёй, нібы па ёй шыўся. І калі яна выпрасталася і каралеўскі сын убачыў яе твар, ён пазнаў тую прыгажуню, якая зь ім танцавала, і усклікнуў: “Гэта сапраўдная нявеста!” Мачаха і яе дочкі спалохаліся і збялелі ад злосці, але ён узяў Папялушку да сябе на каня і паехаў. Калі яны праязджалі міма арэшніка, абодва галубкі забуркавалі:

“Буркі-буркі-бічкі,

Праўда ў чаравічку,

Чаравічак ёй якраз,

У палац вазьмі і нас!”

І калі яны гэта вымавілі, то зьляцелі з арэшніку і ўселіся Папялушцы на плечы, адзін злева, другі справа, і засталіся там сядзець.

Калі надышоў час вяселля, прыйшлі неспраўдныя сёстры, хацелі падмазацца да Папялушкі і пагрэцца ў промнях яе шчасця. Калі жаніх з нявестай пайшлі ў царкву, старэйшая сястра Папялушкі была справа, а малодшая злева, і раптам прыляцелі галубкі і выдзеўблі ў кожнай па воку. А калі маладыя выйшлі, то па дарозе назад галубкі выдзяўблі ў сясцёр па другім воку. Так яны й былі пакараныя на ўсё астатняе жыццё слепатою за іхнія зламыснасць і падступнасць.