Сем крумкачоў

Адзін чалавек меў семярых сыноў, а дачкі ў яго не было, хоць ён вельмі гэтага хацеў; урэшце з’явілася надзея, што бог ашчаслівіць ягоную жонку яшчэ адным дзіцём, і калі яно нарадзілася, то гэта была дзяўчынка. Радасць была вялікая, але дзіця нарадзілася кволае і малое, так што дзеля ягонай кволасці яго трэба было неадкладна хрысціць. Бацька выправіў аднаго з хлопцаў да крыніцы па ваду для хросту, астатнія шэсць пабеглі з ім, і кожнаму так хацелася першым зачарпнуць вады, што кубак упаў у крыніцу. Яны стаялі і не ведалі, што рабіць, і ніхто не наважваўся пайсці дахаты. Хлопцы ўсё не вярталіся, бацька страціў цярпенне і сказаў:

– Пэўне ж, яны загуляліся там і забыліся пра ваду, нягоднікі!

Ён спужаўся, што дзяўчынка так і памрэ нехрышчоная і крыкнуў злосна:

– Ды хай яны ў крумкачоў ператворацца, гэтыя хлопцы!

Толькі гэтыя словы былі прамоўленыя, ён пачуў над галавою шум, паглядзеў угару і ўбачыў, як сем чорных, бы вугаль, крумкачоў лятуць прэч ад яго дома.

Бацькі ніяк не маглі зняць заклён, і наколькі яны бедавалі пра страту сваіх семярых сыноў, настолькі ж суцяшаліся сваёй мілай дачушкай, якая хутка ўбіралася ў сілу і з кожным днём станавілася ўсё прыгажэйшай. За доўгі час яна так і не даведалася, што мела некалі семярых братоў, бо бацькі асцерагаліся пры ёй пра іх згадваць. І так было да таго дня, калі яна пачула выпадкова, што людзі кажуць: маўляў, дачка ў іх, вядома, прыгажуня, але ж гэта яна вінаватая ў няшчасці, што здарылася з яе братамі. Яна страшэнна засмуцілася, пайшла да бацькі і маці і спытала, ці сапраўды ў яе былі браты і куды яны падзеліся. Цяпер бацькі ўжо не маглі маўчаць, аднак сказалі, што так было наканавана, а яе нараджэнне тут ні пры чым. Але дзяўчынка штодня сама сябе дакарала і пераконвала, што мусіць вызваліць сваіх братоў ад закляцця. Думка не давала ёй спакою, яна не знаходзіла сабе месца і аднойчы ўпотай пайшла з дому і выправілася ў белы свет, каб адшукаць недзе сваіх братоў і вызваліць іх, чаго б гэта ні каштавала. З сабой яна не ўзяла нічога, апрача маленькага пярсцёнка, які быў ёй напамінам пра бацькоў, бохана хлеба, каб не памерці з голаду, біклажкі вады, каб не мучыцца ад смагі, і зэдлічак, каб адпачываць на ім.

Так і пайшла яна, далёка, на самы канец свету. Прыйшла да сонца, але яно было занадта гарачае і жахлівае і жэрла малых дзяцей. Яна пабегла назад і прыбегла да месяца, але той быў занадта халодны і таксама страшны і злосны, і калі ён заўважыў дзіця, то сказаў:

– Чую, чую, чалавечынай пахне.

Тады кінулася дзяўчынка хуценька прэч адтуль і прыйшла да зорак, якія былі з ёй зычлівыя і добрыя, і кожная сядзела на сваім асобным крэсле. Але ранішняя зорка паднялася, дала дзяўчыне костачку і сказала:

– Калі ў цябе не будзе гэтай костачкі, ты не здолееш адчыніць шкляную гару, а ў той шкляной гары – твае браты.

Дзяўчына ўзяла костачку, загарнула яе ў хустачку і пайшла ад зорак, яна ішла так вельмі доўга, пакуль урэшце не прыйшла да шкляной гары. Брама была зачыненая, і дзяўчына хацела дастаць мыліцу, але калі яна разгарнула хустачку, там нічога не было, яна згубіла падарунак зорак. Што ёй было рабіць? Яна хацела ўратаваць сваіх братоў, а ключа ад шкляной гары ў яе не было. Добрая сястрычка ўзяла нож, адрэзала сабе мезенчык, сунула яго ў браму і тая цудоўным чынам адчынілася. Калі яна ўвайшла, то ёй насустрач выйшаў гном, які сказаў:

– Дзіця маё, што ты шукаеш?

– Я шукаю маіх братоў, семярых крумкачоў, – адказала яна.

Гном сказаў:

– Спадароў крумкачоў няма дома, але калі ты згодная пачакаць, пакуль яны не вернуцца, то заходзь.

Пасля гэтага гном расклаў па сямі талерках ежу для семярых крумкачоў і па сямі кубачках разліў пітво, і сястрычка з’ела па кавалачку з кожнае талеркі і адпіла па глыточку з кожнага кубачка, а ў апошні кубачак яна паклала пярсцёнак, які ўзяла з сабой з дому.

Раптам пачуўся ў паветры шум і лопат крылаў, і тады гном сказаў:

– Вось і спадары крумкачы вярнуліся.

Яны прыляцелі, кожны хацеў есці і піць, усе сталі шукаць свае талеркі і кубкі. І тады пачалі адзін за адным пытацца:

– Хто еў з маёй талеркі? Хто піў з майго кубка? Гэта след ад вуснаў нейкай дзяўчыны!

І калі сёмы брат дапіў са свайго кубка, то адтуль выкаціўся пярсцёнак. Ён убачыў яго і пазнаў пярсцёнак сваіх бацькоў, і сказаў:

– Дай Бог, каб нашая сястрычка была тут, тады б мы вызваліліся ад заклёну”.

Пасля гэтых слоў дзяўчына, якая стаяла за дзвярыма і прыслухоўвалася, выйшла адтуль, і тады ўсе сем крумкачоў зноў набылі чалавечае аблічча. І яны цалаваліся і абдымаліся, а потым выправіліся радасныя дахаты.