Станцаваныя чаравікі

Жыў некалі адзін кароль, які меў дванаццаць дачок, і былі яны адна за другую прыгажэйшая. Яны спалі ўсе разам у залі, дзе іхныя ложкі стаялі побач, і ўвечары, калі яны клаліся спаць, кароль зачыняў дзверы і замыкаў іх на засаўку. Але калі ён адчыняў раніцай дзверы, то бачыў, што абутак ягоных дачок стаптаны ад танцаў, ці, як могуць сказаць дзе-нідзе ў Нямеччыне, станцаваны! Ніхто не мог патлумачыць, як такое здараецца, а дочкі маўчалі. Тады кароль загадаў абвясціць паўсюль, што той, хто здолее даведацца, дзе танцуюць уначы яго дочкі, зможа выбраць адну з іх сабе ў жонкі і сам стане пасля ягонай смерці каралём. Але калі ён возьмецца за справу і праз тры дні і тры ночы не дасць тлумачэння, то будзе пазбаўлены жыцця.

Мінула не так шмат часу, і адзін прынц абвясціў, што ён бярэцца ўсё высветліць. Яго прынялі ласкава і ўвечары адвялі ў пакой, суседні з тым, дзе спалі дочкі караля. Там яму падрыхтавалі пасцель і ён не спаў і мусіў назіраць адтуль, куды ідуць са сваёй спачывальні дочкі караля і дзе яны танцуюць. Для таго, каб яны нічога не змаглі схаваць і каб не змаглі выйсці са сваёй спачывальні нейкім іншым спосабам, дзверы да іх пакінулі адчыненымі. Аднак прынцу быццам свінец на вочы налілі, ужо ўвечары ён моцна заснуў, а калі прачнуўся раніцай, то ўбачыў, што дочкі караля зноў хадзілі некуды танцаваць, а іхныя чаравікі стаяць каля дзвярэй, і на іхных падэшвах дзіркі. Наступнай ноччу яму зноў не пашанцавала, і трэцяй ноччу адбылося тое самае. Давялося прынцу ўрэшце паплаціцца сваёй галавой. І потым прыходзілі шмат якія храбрацы і браліся за гэтую справу, але ім усім давялося развітацца з жыццём.

Але здарылася так, што адзін бедны салдат, які праз свае раны не мог працягваць службу, ішоў неяк па дарозе акурат да таго гораду, дзе жыў кароль. І тут ён сустрэў старую жанчыну, якая пацікавілася, куды салдат ідзе.

– Я і сам гэта цьмяна сабе ўяўляю, – сказаў салдат і дадаў жартам. – Я таксама быў бы не супраць адшукаць тое месца, дзе дочкі караля свае чаравікі станцоўваюць, а потым і самому каралём зрабіцца!

– Гэта не так ужо і цяжка, – сказала старая. – Ад цябе патрабуецца толькі не піць таго віна, якім цябе перад сном частаваць будуць, а потым удаць, што ты моцна спіш.

Яна дала салдату кароткі плашч і сказала:

– Калі накінеш яго, зробішся нябачным і тады зможаш пайсці разам з дванаццаццю прынцэсамі і пра ўсё даведацца.

Атрымаўшы такую добрую параду і чароўны плашч, салдат пайшоў да караля прапаноўваць свае паслугі. Яго прынялі гэтаксама ласкава, як і іншых, і нават апранулі ў каралеўскую вопратку. Увечары, калі трэба было ўжо класціся спаць, салдата завялі ў суседні з дочкамі караля пакой, і вось перад сном прыйшла да салдата старэйшая прынцэса і прынесла яму келіх віна. Аднак салдат падвязаў сабе губку ля падбароддзя і ні кроплі так насамрэч і не выпіў. Потым ён лёг у ложак і захроп так, быццам моцна спіць. Калі дочкі караля гэта пачулі, то пачалі смяяцца і старэйшая дачка сказала:

– А гэты мог бы сваё жыццё і паберагчы, – але і ён усё туды ж…

Потым прынцэсы ўсталі з ложкаў, адчынілі свае шафы, куфры і скрыні, дасталі адтуль багатыя ўборы, надзелі перад люстэркамі сукенкі і сталі цешыцца і скакаць, бо іх чакалі добрыя танцы. І толькі наймалодшая прынцэса сказала:

– Што гэта са мной сёння? Вы радуецеся, але ў мяне на душы нядобра… Здаецца, нас чакае нейкая бяда!

– Гуска ты дурненькая! – сказала на гэта старэйшая. – Усяго ты баішся. Забыла, колькі прынцаў тут перабывала? Салдата можна было зёлкамі і не паіць, гэты абэлтух і так не прачнуўся б!

Калі прынцэсы былі гатовыя, яны пайшлі зірнуць на салдата, але той ляжаў з заплюшчанымі вачыма і не варушыўся, і прынцэсам падалося, што ніякай небяспекі быць не можа. Тады старэйшая падышла да свайго ложка і пастукала па ім. Ложак апусціўся ў падлогу, дзе была адмысловая адтуліна, і за ложкам туды сышлі і ўсе дванаццаць прынцэсаў, адна за адной, старэйшая наперадзе. Салдат, які ўсё бачыў, не марудзячы накінуў свой плашч і спусціўся за наймалодшай прынцэсай. На самай сярэдзіне сходаў, па якіх яны спускаліся ў сутарэнні, салдат нават наступіў ненаўмысна ёй на край сукенкі, і наймалодшая прынцэса спужалася і крыкнула:

– Што гэта? Мяне нехта трымае!

– Што за глупства ты кажаш! – прамовіла старэйшая. – Ты проста зачапілася за нейкі кручок!

Нарэшце яны прайшлі па сходах і апынуліся ў прыгожай алеі, дзе на дрэвах блішчэла і ззяла сярэбранае лісце. “Ці не ўзяць мне адну галінку як доказ, што я тут быў?” – падумаў салдат. Ён адламаў адну галінку – і тут з дрэва пачуўся жахлівы трэск.

– Нешта тут не так! – закрычала наймалодшая. – Чулі, як дрэва затрашчала?

– Гэта нашыя прынцы страляюць ад радасці, што ўжо хутка мы пазбавім іх ад закляцця! – сказала старэйшая.

Потым яны прыйшлі ў алею, дзе ўсё лісце на дрэвах было залатое, потым туды, дзе яно было з дыяментаў. І на кожнай салдат адломваў па галінцы, і кожны раз чуўся такі трэск, што наймалошая прынцэса дрыжэла ад жаху. Аднак старэйшая сястра шторазу яе супакойвала. Потым яны пайшлі далей і прыйшлі да шырокай ракі, а на той рацэ каля берага было дванаццаць чаўноў, а ў кожным чоўне сядзеў прынц. Усе гэтыя прынцы чакалі прынцэсаў і кожны ўзяў сабе ў човен па дзяўчыне. Салдат сеў у той човен, куды села наймалодшая з дачок караля.

– Што такое? – раптам прамовіў прынц. – Сёння мой човен нейкі занадта цяжкі, мне трэба грэбсці з усяе моцы, каб зрушыць яго з месца!

– Чаму гэта? – спытала наймалодшая прынцэса. – Можа, сёння занадта спякотна? Мне таксама сёння неяк блага.

На другім беразе ракі ўзвышаўся цудоўны ярка асветлены замак, адтуль чулася вясёлая музыка, гралі трубы і літаўры. Яны пераплылі праз раку, увайшлі ў замак і кожны прынц пачаў танцаваць са сваёй прынцэсай. Салдат, якога ніхто не бачыў, танцаваў разам з імі, і калі нейкая з прынцэсаў збіралася паднесці да вуснаў келіх з віном, салдат выпіваў яго да дна. Наймалодшая з прынцэсаў кожны раз пужалася, а старэйшая яе супакойвала. Так яны скакалі да трэцяй гадзіны раніцы, пакуль зусім не стапталі-станцавалі свае чаравікі, і тады нарэшце спыніліся. Прынцы зноў пераплылі праз раку, і гэтым разам салдат сеў у човен да старэйшай прынцэсы. На тым беразе сёстры развіталіся з прынцамі і паабяцалі ім прыйсці і наступнай ноччу. Калі яны падышлі да сходаў, салдат пабег наперад і, вярнуўшыся, лёг у свой ложак. І калі змораныя прынцэсы ледзь-ледзь падымаліся да сябе, ён ужо хроп так гучна, што сёстры пачулі гэта і пачалі перамаўляцца: “Ну, яго нам няма чаго баяцца!” Яны знялі свае сукенкі, схавалі іх, пакідалі станцаваныя чаравікі і леглі спаць.

Наступнай раніцай салдат нічога нікому не сказаў, ён хацеў яшчэ паглядзець на начныя танцы прынцэсаў, трэцюю ноч ён таксама прабавіў з імі. Усё было гэтаксама, як і першай ноччу, прынцэсы скакалі да таго моманту, пакуль іхні абутак зусім не станцоўваўся – да дзірак. Трэцяй ноччу салдат прыхапіў з сабою для доказу келіх з падземнага замку. Надышоў час даваць каралю справаздачу. Салдат сунуў пад паху тры галінкі і келіх і смела рушыў да караля. Дванаццаць прынцэсаў сталі пад дзвярыма, каб паслухаць. Кароль спытаў:

– Ну, кажы, дзе мае дочкі чаравікі ўначы станцоўваюць?

А салдат так і сказаў:

– З дванаццаццю прынцамі, у падземным замку.

Карацей, распавёў ён усё, як ёсць, і выцягнуў свае рэчавыя доказы. Тады кароль загадаў прывесці сваіх дачок і спытаў, ці праўда тое, што кажа салдат. Прынцэсы пабачылі, што нічога не зробіш і яны выкрытыя. Адмаўляць гэта было бессэнсоўна.

– Якую ж з маіх дачок ты хочаш узяць у жонкі? – спытаў кароль салдата.

– Я сам ужо не малады, – адказаў салдат. – Дык дай мне ўжо тады старэйшую.

У той самы дзень згулялі вяселле, а каралеўства, як і было дамоўлена, па смерці караля мусіла адысці салдату. Прынцам жа давялося застацца пад зямлёй, у зачараваным замку, яшчэ роўна столькі дзён, колькі начэй яны з дванаццаццю прынцэсамі пратанцавалі.