Калабок
Жылі-былі дзед ды баба. Вось і кажа дзед бабе:
— Схадзі, старая, па кадушцы паскрабі, па скрыні памяці, ці не наскрабеш мукі на калабок.
Узяла баба крыльца, па кадушцы паскрэбла, па скрыні памяла і наскрэбла мукі жмені са дзве. Замясіла муку на смятане, зрабіла калабок, спякла ў масле і на акенца студзіць паклала.
Калабок паляжаў, паляжаў, узяў ды і пакаціўся — з акна на лаўку, з лаўкі на падлогу, па падлозе да дзвярэй, скок цераз парог — ды ў сенцы, з сенцаў на ганак, з ганка на двор, з двара за вароты, далей і далей.
Коціцца калабок па дарозе, насустрач яму заяц:
— Калабок, калабок, я цябе з’ем!
— Не еш мяне, зайчыку, я табе песеньку паспяваю:
— Я калабок, калабок,
Па кадушцы скрэбены
Ды па скрыні мецены,
На смятане мешаны
Ды ў масле спечаны,
На вакенцы студжаны.
Я ад дзеда ўцёк,
Я ад бабы ўцёк,
Ад цябе, заяц, пагатоў уцяку!
I пакаціўся па дарозе — больш яго заяц і не бачыў.
Коціцца калабок, насустрач яму воўк:
— Калабок, калабок, я цябе з’ем!
— Не еш мяне, шэры воўча, я табе песеньку паспяваю:
— Я калабок, калабок,
Па кадушцы скрэбены
Ды па скрыні мецены,
На смятане мешаны
Ды ў масле спечаны,
На вакенцы студжаны.
Я ад дзеда ўцёк,
Я ад бабы ўцёк,
Я ад зайца ўцёк,
Ад цябе, воўча, пагатоў уцяку!
I пакаціўся па дарозе — больш яго воўк і не бачыў.
Коціцца калабок, насустрач яму мядзведзь:
— Калабок, калабок, я цябе з’ем!
— Дзе ж табе, клышаногаму, з’есці мяне!
— Я калабок, калабок,
Па кадушцы скрэбены
Ды па скрыні мецены,
На смятане мешаны
Ды ў масле спечаны,
На вакенцы студжаны.
Я ад дзеда ўцёк,
Я ад бабы ўцёк,
Я ад зайца ўцёк,
Я ад ваўка ўцёк,
Ад цябе, мядзведзь, пагатоў уцяку!
I зноў пакаціўся — больш яго мядзведзь і не бачыў.
Коціцца калабок, насустрач яму лісіца:
— Калабок, калабок, куды коцішся?
— Качуся па дарожцы.
— Калабок, калабок, паспявай мне песеньку!
Калабок і заспяваў:
— Я калабок, калабок,
Па кадушцы скрэбены
Ды па скрыні мецены,
На смятане мешаны
Ды ў масле спечаны,
На вакенцы студжаны.
Я ад дзеда ўцёк,
Я ад бабы ўцёк,
Я ад зайца ўцёк,
Я ад ваўка ўцёк,
Ад мядзведзя ўцёк,
Ад цябе, лісіца, лёгка ўцячы!
А лісіца кажа:
— Ах, песенька прыгожая, ды чую я кепска. Калабок, калабок, сядзь мне на носік, браток, ды паспявай яшчэ разок, мацней.
Калабок ускочыў лісіцы на нос і заспяваў мацней тую ж песеньку.
А лісіца зноў яму:
— Калабок, калабок, сядзь мне на язычок ды паспявай апошні разок.
Калабок скок лісіцы на язык, а лісіца яго — гам! — і з’ела.