Яечка
— Куд-кудак!.. Куд-кудак!
Яйка знесла я з кулак,—
Узняла чубатка крык.
— Так, так, так!..— сказаў індык.
I карова кажа:
— М-му!
А каму?
I авечка,
Як пачула пра яечка,
Забляяла:
— Ме-ме-ме!
Можа мне?
Гусак крыкнуў:
— Ого-го!
Захацела ты чаго!
Тут якраз прыйшла Марынка,
Невялічкая дзяўчынка:
— Яйка курачка знясла!
I сабе яго ўзяла.