Чаравікі

Я зусім ужо вялікі

І, узяўшы чаравікі,

Пачынаю меркаваць,

Як іх трэба абуваць.

 

Чаравікі — сябрукі,

Толькі часам здарыцца:

Адвярнуць насы ў бакі

Так, нібыта сварацца.

 

Мы іх месцамі мяняем:

Нос да носу туліцца!

Так і трэба! Абуваем

Ды ідзём на вуліцу!