Сядзіць мядзведзь на калодзе

Сядзіць мядзведзь на калодзе,

Каптур вышывае,

А сыны-медзведзяняткі

Шоўкам падшываюць.

 

Стары заяц-работнічак

На скрыпачцы грае,

А лісіца, а хітрыца

З куста выглядае.

 

А сарокі-белабокі

Пусціліся ў скокі,

А вароны, стары жоны,

Пайшлі жыта жаці.

 

А зязюля, а зязюлька

Жыта малаціла,

А карова, а карова

Жыта вынасіла.

 

Казёл меле, казёл меле,

Каза падсыпае,

А малыя казляняты

У мяшок збіраюць.

 

Муха месіць, муха месіць,

Камар ваду носіць,

А малыя камарочкі

У іх цеста просяць.