Трое мядзведзяў
Адна дзяўчынка пайшла з дому ў лес. У лесе яна заблудзілася і пачала шукаць дарогу дадому, ды не знайшла і прыйшла ў лесе да хаткі.
Дзверы былі адчыненыя; яна паглядзела ў Адзверы, бачыць — у хатцы нікога няма, і ўвайшла.
У хатцы гэтай жылі трое мядзведзяў. Адзін мядзведзь быў бацька, звалі яго Міхал Іванавіч. Ен быў вялікі і калматы. Другая была мядзведзіца. Яна была крыху меншая, і звалі яе Настасся Пятроўна. Трэці быў маленькі мядзведзік, і звалі яго Мішутка. Мядзведзяў не было дома, яны пайшлі гуляць па лесе.
У хатцы было два пакоі: сталавальня і спальня. Дзяўчынка ўвайшла ў сталавальню і ўбачыла на стале тры міскі з заціркай. Першая міска, вельмі вялікая, была Міхала Іванавіча; другая міска, крыху меншая, была Настассі Пятроўны; трэцяя, сіненькая місачка, была Мішуткава. Каля кожнай міскі ляжала лыжка: вялікая, сярэдняя і маленькая.
Дзяўчынка ўзяла самую вялікую лыжку і паела з самай вялікай міскі; потым узяла сярэднюю лыжку і паела з сярэдняй міскі; потым узяла маленькую лыжачку і паела з сіненькай місачкі, і Мішуткава зацірка ёй здалася найсмачнейшая.
Дзяўчынка захацела сесці і ўбачыла ля стала тры крэслы: адно вялікае — Міхала Іванавіча, другое, крыху меншае — Настассі Пятроўны і трэцяе, маленькае, з сіненькаю падушачкай — Мішуткава. Яна палезла на вялікае крэсла і ўпала; потым села на сярэдняе крэсла — на ім было нязручна; потым села на маленькае крэселка і засмяялася — так было добра. Яна ўзяла сіненькую місачку на калені і пачала есці. З’ела ўсю зацірку і пачала гушкацца на крэсле.
Крэселка праламалася, і яна ўпала на падлогу. Яна ўстала, падняла крэселка і пайшла ў другі пакой. Там стаялі тры ложкі: адзін вялікі — Міхала Іванавіча, другі сярэдні — Настассі Пятроўны, трэці маленькі — Мішуткаў. Дзяўчынка лягла на вялікі — было надта раскошна; лягла ў сярэдні — было занадта высока; лягла ў маленькі — ложачак падышоў якраз для яе, і яна заснула.
А мядзведзі прыйшлі дадому галодныя і захацелі абедаць. Вялікі мядзведзь узяў сваю міску, зірнуў і зароў страшэнным голасам:
— Хто еў у маёй місцы?
Настасся Пятроўна паглядзела ў сваю міску і зараўла не так моцна:
— Хто еў у маёй місцы?
А Мішутка ўбачыў сваю пустую місачку і запішчаў тонкім голасам:
— Хто еў у маёй місцы і ўсё з’еў?
Міхал Іванавіч зірнуў на сваё крэсла і зароў страшэнным голасам:
— Хто сядзеў на маім крэсле і зрушыў яго з месца?
Настасся Пятроўна зірнула на сваё крэсла і зараўла не так моцна:
— Хто сядзеў на маім крэсле і зрушыў яго з месца?
Мішутка зірнуў на сваё зламанае крэселка і прапішчаў:
— Хто сядзеў на маім крэсле і зламаў яго?
Мядзведзі прыйшлі ў другі пакой.
— Хто клаўся на маю пасцель і скамячыў яе? — зароў Міхал Іванавіч страшэнным голасам.
— Хто клаўся на маю пасцель і скамячыў яе? — зараўла Настасся Пятроўна не так моцна.
А Мішутка падставіў услончык, палез у свой ложачак і запішчаў тонкім голасам:
— Хто клаўся на маю пасцель?..
I раптам ён убачыў дзяўчынку і запішчаў так, як быццам яго рэжуць:
— Вось яна! Трымай, трымай! Вось яна! Вось яна! А-я-яй! Трымай!
Ён хацеў яе ўкусіць. Дзяўчынка расплюшчыла вочы, убачыла мядзведзяў і кінулася да акна. Акно было адчыненае, яна выскачыла ў акно і ўцякла. I мядзведзі не дагналі яе.