Колькі трэба чаравікаў
Ёсць у Светы дзве нагі —
Раз, два.
Чаравікаў трэба ёй
Раз, два.
I абодва чаравікі
Новыя, рыпучыя,
Мяккія, бліскучыя,
З чырвонымі насочкамі,
З белымі шнурочкамі.
Іх абуць, пакрасавацца
I ў дарогу адпраўляцца.
Прыбягае шчанючок,
Бедалага — што карчок,
Бо ён босенькі хадзіў,
Свае лапкі застудзіў...
На вуліцы сцюжа —
Перамерзнуў дужа.
Паспрабуйце ў горадзе
Пагуляць на холадзе!
Палічыла лапкі Света —
Раз, два, тры, чатыры.
Чаравікаў, значыць, трэба
Раз, два, тры, чатыры.
Адпраўляецца у краму
Наша Света разам з мамай
I такі вядзе падлік:
Кожнай лапе — чаравік.
Чаравікі ў шчанючка
Новыя, рыпучыя,
Мяккія, бліскучыя,
З чырвонымі насочкамі,
З белымі шнурочкамі.
Іх абуць, пакрасавацца
I ў дарогу адпраўляцца.
Топ, топ, топ.
Скок, скок, скок.