Як Дзед Мароз перад святам мост наладзіў зайчанятам
Цішыня на белым свеце.
Крэкчуць
Сонныя лясы.
Па бярлогах спяць мядзведзі,
Ткнуўшы ў цёплы мох насы.
I заплюшчыў певень вочы,
Спіць на жэрдцы да зары.
Спіць варона...
Ды не хоча
Спаць у рэчцы ёрш стары.
Там, дзе броды-перакаты
Бачыць месячык з бугра,
Непаседы-зайчаняты
Грэюць лапкі ля кастра.
Лістападу на вятрах
Страх як
Х-хо-лад-на!
I малодшы зайка-зух
Лапкі выцер аб кажух.
Зняў з агню ён імбрык* шпарка
I заўважыў на бягу:
— Надта ж пахкая заварка
З лугавога мурагу...
А старэйшы даўгавухі
Снег з хваста абтрос няўзнак,
Ледзь патыліцу пачухаў
I прычмокнуў толькі:
— Т-т-а-а-к...
А за рэчкай,
Дзе лугі,
I стагі,
I мурагі,
Канюшына, як маліна,
Ды яршыная рака
Не стаіць ані хвіліны —
Ані кладкі,
Ні мастка.
Настрой у зайцоў невясёлы,
Сумна гэта —
Піць вар голы
Ды ўспамінаць ле-та...
Між ялін ды між бяроз
Лесам тупае Мароз.
Шапка цёплая з аўчын.
З пуху рукавіцы.
Толькі вусы між галін
Ен згубіць баіцца.
Срэбрам вышыты кажух.
Рып-скрып!
Шах-шух! —
Лесам тупае Мароз
Між ялін ды між бяроз,
Сам сабе бубніць пад нос:
— За што мне ўзяцца, чым бы заняцца
Ка-ры-ы-ыс-ным?..
Выйшаў глянуць на раку,
Цяжка ўсеўся на пяньку.
З шапкі шэрань страсянуў,
Уздыхнуў:
— Дарэмна баяцца мяне ўсе,
Лічаць злым нелюдзімам...
Зірнуў па баках,
Бачыць —
Зайцы ля агню п’юць гарбату з дымам.
— Дзень добры, зайцы!
Ці грэе вас неба?
— Дзень добры!
Ласкава просім да нас!
— Мне іскрынкі баяцца трэба,
Але пры вагню пасяджу хоць раз...
Сеў так, каб не растайвала барада
I нос не пацёк ад прыпаркі.
Пакасіўся на імбрык — вада і вада, —
Запытаўся:
— Чаму ж без заваркі?
Зайчаняткі засаромеліся
I вочы апусцілі:
— Ня-ма-ша-ка...
Заяц старэйшы прамовіў горка,
Счырванеўшы ад сораму густа:
— Няма ў нас морквы!
Няма ў нас капусты!
Нам холадна, голадна,
Дрэнна.
Не маем мы нават сена.
Сена ўсё за ракой у стагах,
Толькі вецер прыносіць пах.
Падумаў Мароз:
— Разганю тугу,
Вам, зайцы, дапамагу!..
Хацеў усміхнуцца,
Ды ўсмешка ў барадзе
Заблы-та-лася...
Не любіў Мароз хваліцца,
Шапку зняў і рукавіцы
I кажух павесіў новы
На трывалы сук альховы.
Тук-тук-тук!
Цюк-цюк-цюк!
Навакола стук і грук.
Мае Дзед Мароз занятак —
Будзе мост у зайчанятак.
А зайцы і рады,
Лапкі паціраюць
Ад уце-хі-і...
Тут-тук-тук!
Цюк-цюк-цюк!
Не сціхае стук і грук.
Прадзірае певень вочы:
— Гэта хто і дзе грукоча?
Паляцеў бы на раку,
Толькі дзверы...
На замку.
Кукарэкнуў ён
Ад дакукі
Дый схаваў зноў
Галаву пад крыло-о-о...
Тук-тук-тук!
Цюк-цюк-цюк!
Не змаўкае стук і грук.
Дужа здзіўленая,
Сонна
Азірнулася варона.
Паляцела за пяць вёрст
Паглядзець на новы мост.
Над ракой бесперастання
Каркае адно:
— Р-р-раста-ане!..
Дзед Мароз
Толькі плячыма паціснуў:
«Што дурная варона
Разуме-е?..»
Тут-тук-тук!
Цюк-цюк-цюк!
Не сціхае стук і грук.
Барадой ажно затрос —
Беспрытульным зайчанятам
Мост наводзіць Дзед Мароз
Перад Навагоднім святам.
Ёрш стары
Пачаў старацца,
Як бы перашкодзіць працы.
На зайцоў сярдзіты ёрш,
Бо было залетась горш —
Ветрагоны на хаду
Скаламуцілі ваду.
Ёрш нырцуе пад мастом
Ды спаднізу б’е хвастом.
Стараўся, стараўся...
Дзед Мароз зірнуў на ярша,
Засмяяўся:
— Плыві спаць!
У цябе вунь вочы
Ад бяссоння
Чыр-во-оныя...
Дзень не ўстаў яшчэ на поўны рост,
А ў агні не датлела сучча —
Бачаць зайчыкі:
Гатовы мост —
Новы,
Шырокі,
Рыпучы.
Выцер Мароз успатнелы лоб,
Накінуў кажух на плечы,
Шапку ў ахапку згроб
I ў лес падаўся
Адпачываць да вечара.
Памахаў зайцам рукой:
— Салодка гарбату піць!..
У зайцоў настрой адменны,
Расступаюцца кусты,
Бо з-за рэчкі носяць сена
I гатуюць
Чай густы.
Хто азяб,
Частуюць сёння
Шчодрыя гаспадары.
I зайздрослівай вароне
Кубак налілі —
Бяры!
А лісіца-кавяла
Дзве гадзіны чай піла,
Пасля шостай шклянкі недзе
Запрашаць пайшла мядзведзя...
Прыходзьце і вы на кубак гарбаты,
Пакуль вар не прастыў
I заварка не скончылася...
* Чайнік