Раскідач
А да Ланы —
Хоць ты плач! —
Часта ходзіць
Раскідач.
Нежаданы
Гэты госць
Раскідае ўсё
Як ёсць.
На падлозе
Мішкі, кніжкі,
На падлозе
Міскі, лыжкі.
Небарачка-качка
Крача.
Пад канапу
Скача мячык.
І злятае
Са стала
Бедны певень
Без крыла.
Давядзецца
Выгнаць з хаты
Шкоднага
Раскідача,
Каб на радасць
Мамы й таты
Мчаўся ён
Наўцекача.