Каток — залаты лабок
Жыў дзед з бабай. Былі яны вельмі бедныя: ні насіць няма чаго, ні варыць. Вось баба і кажа дзеду:
— Вазьмі, дзеду, тапарок, паедзь у лясок, ссячы дубок, завязі на рынак, прадай і купі гарчык мукі. Спячом хлеб.
Сабраўся дзед, паехаў у лясок, пачаў секчы дубок. Выскачыў з дуба каток — залаты лабок, залатое вушка, срэбранае вушка, залатая шарсцінка, срэбраная шарсцінка, залатая лапка, срэбраная лапка.
— Дзеду, дзеду, што табе трэба?
— Ды вось, каточак, мой галубочак, паслала мяне баба ссекчы дубок, завезці на рынак, прадаць і купіць гарчык мукі на хлеб.
— Едзь, дзед, дахаты: будзе ў вас мука!
Прыехаў дзед дахаты, ажно ў яго мукі поўныя засекі.
Спякла баба хлеб, сама наелася, дзеда накарміла і кажа яму:
— Не шкодзіла б цяпер і заціркі наварыць. Ды солі няма. Вазьмі, дзеду, тапарок, паедзь у лясок, стукні ў дубок, ці не выскачыць каток — залаты лабок: папрасі ў яго солі.
Узяў дзед тапарок, паехаў у лясок, стук у дубок!.. Выскачыў каток — залаты лабок, залатое вушка, срэбранае вушка, залатая шарсцінка, срэбраная шарсцінка, залатая лапка, срэбраная лапка.
— Дзеду, дзеду, што табе трэба?
— Ды вось, каточак, мой галубочак: хлеб ё сць — солі няма!
— Едзь, дзед, дахаты: будзе соль!
Прыехаў дзед дахаты, ажно ў яго солі цэлая дзежка стаіць.
Наварыла баба заціркі, сама наелася, дзеда накарміла ды кажа яму:
— Не шкодзіла б цяпер і капусты паспы таць. Вастры, дзеду, тапарок, едзь у лясок, стукні ў дубок, ці не выскачыць каток — залаты лабок: папрасі ў яго капусты.
Навастрыў дзед тапарок, паехаў у лясок, стук у дубок!.. Выскачыў каток — залаты лабок, залатое вушка, срэбранае вушка, залатая шарсцінка, срэбраная шарсцінка, залатая лапка, срэбраная лапка.
— Дзеду, дзеду, што табе трэба?
— Ды вось, каточак, мой галубочак: хлеб ё сць, соль ёсць — капусты няма!
— Едзь, дзед, дахаты: будзе капуста!
Прыехаў дзед дахаты, а ў яго капусты поўная кадушка!
— Ай, як добра! Вось каб цяпер яшчэ сальца… Мы б з табою капусты наварылі, сальцам закрасілі б. Не палянуйся, дзеду: вазьмі тапарок, паедзь у лясок, стукні ў дубок, ці не выскачыць каток — залаты лабок: папрасі ў яго сальца.
Узяў дзед тапарок, паехаў у лясок, стук у дубок!.. Выскачыў каток — залаты лабок, залатое вушка, срэбранае вушка, залатая шарсцінка, срэбраная шарсцінка, залатая лапка, срэбраная лапка.
— Дзеду, дзеду, што табе трэба?
— Ды вось, каточак, мой галубочак: просіць баба яшчэ сальца да капусты.
— Добра, дзед, едзь дахаты: будзе сала.
Прыязджае дзед дахаты, а ў яго сала цэлы кубелец! Рады дзед, рада баба. Сталі яны жыць ды пажываць, дзецям казкі казаць.
I цяпер жывуць, хлеб жуюць, капустаю з салам закусваюць.
Вось вам казка, а мне абаранкаў вязка.