Клубочак

Ну і дзіўны гэты вожык —

Не відаць ягоных ножак.

Не відаць ягоных вочак —

Ну, не вожык,

А клубочак.

Ды клубочак дужа колкі,

Бо тырчаць з яго іголкі.

I не выцягнеш іголку:

Воўк цягнуў яе

Без толку,

Не пашыў сабе

Абноў,

Толькі лапу

Пакалоў.